Марк Шагал. "Від з акна".
У 1918 годзе было прынята рашэнне аб стварэнні ў Віцебску Народнага мастацкага вучылішча на базе існаваўшай у горадзе з канца ХІХ стагоддзя прыватнай мастацкай школы-майстэрні Юрыя (Юдаля) Пэна. Быў прызначаны і дырэктар — малады мастак, выхаванец школы Пэна Марк Шагал, у той час — упаўнаважаны па справах мастацкай прамысловасці пры Камісарыяце народнай адукацыі Віцебскай губерні. Асноўная задача вучылішча была, як казаў сам Шагал, — “…парваць з руцінай акадэміі, даць шырокую магчымасць расквітнець “леваму мастацтву”. У новую навучальную ўстанову на працягу некалькіх дзён запісалася больш за сто чалавек — маладых рабочых і сялян. Аднак пэўны час усё заставалася на ўзроўні добрых намераў: для рэальнага стварэння вучылішча не хапала асноўнага — выкладчыкаў.
І вось дырэктар новаўтворанага вучылішча звяртаецца да калег-мастакоў, каб тыя дапамаглі ў стварэнні маладой мастацкай школы. Напрыканцы 1918 года ў газеце “Искусство коммуны” друкуецца артыкул Шагала, у якім ён запрашае мастакоў з розных гарадоў краіны прыехаць у Віцебск.
Заклік Шагала быў пачуты. У горад сталі прыязджаць вядомыя мастакі, у асноўным з Масквы і Петраграда. Першым прыехаў вядомы графік Мсціслаў Дабужынскі, якому Шагал перадаў кіраўніцтва вучылішчам. Праўда, Дабужынскі працаваў у Віцебску нядоўга: да сакавіка 1919 года ён пакінуў Беларусь. Пасля яго ад’езду Шагал зноў стаў кіраўніком вучылішча. Пачалі працаваць у Віцебску таксама такія знакамітыя мастакі таго часу, як Вера Ермалаева, Лазар Лісіцкі, і, нарэшце, сюды прыехаў заснавальнік новага кірунку ў абстрактным жывапісе — “супрэматызму”, аўтар нашумелага “Чорнага квадрата” Казімір Малевіч.
На другі дзень пасля прыезду Малевіч чытае лекцыю, і яго тэорыя ды ідэі з вялікай цікавасцю ўспрымаюцца навучэнцамі. Вакол Малевіча хутка згуртавалася група аднадумцаў (тыя ж Ермалаева, Лісіцкі, а таксама Яўгенія Магарыл, Мікалай Суэцін, Лазар Хідзекель, Ілья Чашнік, Давід Якерсон, Леў Юдзін, Ніка Коган ды іншыя). У пачатку ж 1920 года па ініцыятыве Малевіча і Ермалаевай у рамках Народнага мастацкага вучылішча, якое ў тым жа 1920-м было ператворана ў Віцебскія свабодныя мастацкія майстэрні, ствараецца аб’яднанне левых мастакоў УНОВИС (“Утвердители нового искусства”). Пад сцягі апошняга становяцца ўсе аддзяленні Віцебскіх свабодных мастацкіх майстэрняў, за выключэннем акадэмічнай і адной скульптурнай (але апошняя “здалася” праз два месяцы).
Супрэматызм, тэорыю якога развіваў Малевіч першапачаткова ў рамках станковага мастацтва, з часам перарастае ў цэласную сістэму засваення свету. З дапамогай гэтай сістэмы меркавалася змяніць усё асяроддзе існавання чалавека, пачынаючы з мадэлей адзення і заканчваючы архітэктурай. Акрамя таго, планавалася стварэнне нейкіх “касмічных аб’ектаў” — супрэматычных архітэктурных пабудоў будучага, скіраваных у сусветную прастору. У якасці такіх аб’ектаў уяўляліся рухомыя вакзалы, электрычныя станцыі і нават аэракасмічныя гарады. “Усе рэчы, увесь наш свет, — пісаў Малевіч, — павінен адзецца ў супрэматычныя формы. Гэта значыць, тканіны, шпалеры, гаршчкі, талеркі, мэбля, шыльды, карацей, усё павінна быць з супрэматычнымі малюнкамі як новай формай гармоніі”.
Ідэі Малевіча ўсё больш захоплівалі навучэнцаў Віцебскіх свабодных мастацкіх майстэрняў, ён набываў новых прыхільнікаў. Але сярод іх не было заснавальніка навучальнай установы — Марка Шагала. Ён не разумеў і не хацеў прыняць чужы яму супрэматызм. Вось як ён потым пісаў пра Малевіча: “Яшчэ адзін выкладчык, які жыў у самім памяшканні акадэміі, акружыў сябе прыхільніцамі нейкага містычнага “супрэматызму”. Не ведаю, чым ён іх так захапіў”. Але сапраўды захапіў. Былыя вучні Шагала ўжо не прызнавалі свайго настаўніка за аўтарытэт, адвярнуліся ад яго, некаторыя адкрыта здзекваліся. І вось аднойчы, калі Марк Захаравіч быў у ад’езде, здабываючы для вучылішча хлеб, фарбы, грошы, у Свабодных мастацкіх майстэрнях узняўся бунт, у якім прынялі ўдзел і выкладчыкі, і вучні. У выніку, калі Шагал вярнуўся дадому, яго рэчы былі выстаўлены з кватэры, а яму прапанавалі цягам дваццаці чатырох гадзін пакінуць Віцебск, што ён і зрабіў.
Такім чынам, 29 ліпеня 1920 года Шагал з’ехаў з Віцебска. Ізноў жа, паўторымся: лічыцца, што ён пакінуў гэты горад назаўсёды. Але чамусьці даследчыкі не звяртаюць увагі на адно месца ва ўспамінах самога Шагала — кнігу “Маё жыццё”, якая была напісана мастаком яшчэ да ад’езду з Расіі, надрукавана на Захадзе на французскай мове і ў апошнія дзесяцігоддзі не раз выдавалася ў перакладзе на рускую (апошняе пецярбургскае выданне — 2014 года — зараз прадаецца ў мінскіх кнігарнях). Дык вось, Шагал пасля апісання свайго выгнання з роднага Віцебска і аповеду пра тое, як ён пераехаў у Маскву ды як у яго нарадзілася дачка Ідачка, піша наступнае: “Мае вучні ўсё ж адумаліся. Зараз яны прасілі, каб я хутчэй вярнуўся. Надрукавалі і прыслалі мне вызаў. Я ім патрэбен, яны клянуцца слухацца мяне ва ўсім і г.д. І вось я трасуся з усёй сям’ёй у таварным вагоне...” Далей мастак апісвае сваё жыццё пасля вяртання ў Віцебск, свае бытавыя ўмовы, жыццё суседзяў і гаспадароў кватэр, у якіх жыла яго сям’я, агаворваецца, што адзін з іх, багаты стары, успрымае яго ў якасці “дырэктара акадэміі”. Але, што дзіўна, Шагал ніводным словам не згадвае сваіх вучняў, якія, па сцвярджэнні мастака, запрасілі яго вярнуцца ў Віцебск, ніводнага слова — і пра віцебскіх калег. Пры гэтым трэба адзначыць, што ўспаміны Шагала напісаны не зусім традыцыйна для такога жанру: ён не называе ніводнай даты, часам не згадвае імёны людзей, пра якіх піша, толькі малюе іхнія вобразы. Увогуле, Марк Захаравіч апісвае больш свае эмоцыі, чым падзеі. І ў дадзеным выпадку з вяртаннем у Віцебск Шагал канкрэтна не піша, калі гэта было, колькі часу ён правёў гэтым разам у родным горадзе. А можа, гэта наогул было толькі ў яго ўяўленні?
Пасля сцвярджэння, нібыта Шагал вяртаўся яшчэ раз у Віцебск, можна паставіць пытальнік, але тое, што мастак ва ўспамінах піша пра гэта, усё ж не пакінеш без увагі.
Якаў ЛЕНСУ, загадчык кафедры тэорыі і гісторыі дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства