— Палессе — гэта, перш за ўсё, людзі, — кажа творца, — працавітыя, прыветныя, разважлівыя, усе жывуць у гармоніі з прыродай, ашчадна захоўваюць культуру і традыцыі продкаў…
На вернісажы аўтар падзяліўся гісторыяй нараджэння пэўных кадраў. Ён жыве ў Пінску, працуе ўласным карэспандэнтам газеты ў палескім рэгіёне, у журналістыцы — амаль трыццаць гадоў. Дзяцінства і юнацтва прайшло на Століншчыне — у пасёлку Лясны Рэчыцкага пасялковага савета.
Адно з захапленняў аўтара — падарожжы па беларускіх рэках на катамаране “Надзея” з групай аднадумцаў з Брэста. Справаздачы пра паходы рэгулярна друкуюцца. Павел Куніцкі — лаўрэат V Рэспубліканскага конкурсу “Пазнай Беларусь”.
Першыя свае фотаздымкі пра Палессе (а іх у аўтара — больш за сотню) Куніцкі прадставіў у сакавіку 2014 года ў Музеі Беларускага Палесся ў Пінску. Пасля былі вернісажы ў Лунінцы, Брэсце, Пружанах... І вось — фотавыстаўка ў землякоў…
Галіна ГАШЧУК