…У музеі бываць не госцем

№ 14 (1192) 04.04.2015 - 10.04.2015 г

30 сакавіка адбылося выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Традыцыйнае мерапрыемства сёлета было вырашана правесці на базе Нацыянальнага мастацкага музея краіны. Установа таксама выступіла як аб’ект для вывучэння практыкі прымянення заканадаўства аб музеях і Музейным фондзе нашай дзяржавы.

Названае заканадаўства ўвойдзе ў Кодэкс аб культуры, які, мяркуецца, да канца красавіка Камісія атрымае для далейшага разгляду. Наступная праца пойдзе ў кірунку ўдасканалення будучага зводу законаў, датычных культурнай сферы для найлепшага прымянення заканадаўчых актаў на практыцы.

Чаму пад камісійнай лупай разглядаўся менавіта Нацыянальны мастацкі? Магчыма, таму, што гэта адна з найстарэйшых устаноў культуры краіны, цікавая адначасова не толькі дзяржаве, але і прыватным асобам — як турыстам, так і патэнцыйным партнёрам-спонсарам. А прыцягнуць увагу НММ можа, да прыкладу, з той прычыны, што мае найбагацейшыя зборы (29 644 прадметы асноўнага фонду і 
2 296 навукова-дапаможнага), а таксама амбіцыйныя планы на сваю будучыню. Да ўсяго, у не такіх далёкіх перспектывах — аб’яднанне асноўнага будынка музея з чатырма суседнімі ў адзіны комплекс, пра што гаворыцца даўно і з упэўненасцю, паколькі работы ўжо вядуцца. І на турыстаў з гэтай нагоды робяцца вялікія стаўкі: яны і інвестуюць, і меркаванне сваё выносяць пра дзяржаву, яе нацыянальную ідэю, культурнае развіццё грамадства ў цэлым менавіта па музеях. І вяртаюцца да нас ізноў, калі “зачэпіць”.

Намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Валянціна Макарава ў сваім выступленні адзначыла, што, пры наяўнасці ў краіне 152 музеяў і каля 200 устаноў падобнага характару, але без афіцыйнага статусу, клапаціцца трэба ўсё ж не пра стварэнне новых, а пра захаванне ўжо наяўных. І, вядома ж, пра іх годнае функцыянаванне. А колькасць наведвальнікаў сапраўды, як зазначыла выступоўца, расце, нават прытым, што музеі ды іх супрацоўнікі востра адчуваюць праблемныя моманты. Па меркаванні Валянціны Макаравай, гэта, у першую чаргу, — адсутнасць спецыяльных фондасховішчаў і складанасці з дэпазітарыямі. Таму, зазначыла выступоўца, Міністэрства культуры надае больш увагі нарматыўна-прававой базе для таго, каб палегчыць некаторыя праблемныя моманты існавання музеяў падпарадкаванай яму сістэмы.

Гаворачы пра сваю ўстанову, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў так ці інакш закранаў пытанні, актуальныя і для іншых скарбніц рэспублікі. Скажам, было патлумачана, чаму гэты Нацыянальны мастацкі пакінуў сабе толькі тры філіялы з былых дзевяці. Усё вельмі проста: на адлегласці складана кіраваць працэсам і кантраляваць фінансы. Такім чынам установа здолела сканцэнтраваць свае сродкі і сілы. Таксама Уладзімір Іванавіч падкрэсліў, што музей бясплатным быць не павінен: гэта абясцэньвае ступень значнасці ўстановы. Зарабляць трэба выстаўкамі і ствараць для іх спрыяльныя ўмовы, але імкнуцца да абсалютнай самаакупнасці — таксама не варыянт.

Што да Нацыянальнага мастацкага, то сярод яго праблем названы недахоп плошчаў. А таксама патрэба ў спецыялізаваным кафэ, дзе можна было б праводзіць прэзентацыі, урачыстыя сустрэчы ды іншыя мерапрыемствы. І, дарэчы, зарабляць на іх грошы, чаму б і не? Востра стаіць пытанне набыцця твораў сучаснага беларускага мастацтва: карцін, дэкаратыўна-прыкладных і культавых прадметаў. Запоўніць гэтую лакуну ХХ — ХХІ стагоддзяў — адна з першачарговых задач. Кажучы пра сучаснасць, Пракапцоў нагадаў і пра сваіх калег-мастакоў, якім сёння цяжка “цягнуць” на сабе рэнтавыя пытанні па майстэрнях (калі апошнія ўвогуле маюцца ў наяўнасці).

Нацыянальны мастацкі заўсёды імкнуўся зацікавіць працай на перспектыву лепшых універсітэцкіх практыкантаў, таму прыглядаюцца тут да студэнтаў яшчэ на 3-4 курсах. Тыя, у сваю чаргу, праяўляюць жаданне працаваць ва ўстанове, але невялікія заробкі і адсутнасць арэнднага жылля некаторых палохае. Асаблівых жа прэтэнзій да маладога пакалення спецыялістаў “музейшчыкі” не агучылі, хіба адзначылі, што ў прыярытэце зараз веданне замежных моў, а большасць з маладняка імі не валодае.

Музеі, як зазначыў Пракапцоў, гатовы на сябе ўзяць і такія паўнамоцтвы, як рэгуляванне цэн: сёння дырэктары не маюць паўнамоцтваў рабіць гэта самастойна. А было б зручна, у залежнасці ад сезона ці іншых фактараў, кантраляваць сумы без пасрэднікаў. Таксама значным мінусам можна назваць і адсутнасць інстытута дзяржаўнай страхоўкі.

“Сёння музей — гэта ўстанова, якая выхоўвае”, — адзначыў дырэктар. І адразу ж прапанаваў больш актыўна прыцягваць увагу школ да музейных працэсаў ды падзей. Асабліва абдзеленымі ў гэтай сітуацыі застаюцца дзеці з рэгіёнаў, якія маюць менш магчымасцей наведаць той жа НММ, ды і не толькі яго.

Паколькі выязное пасяджэнне Камісіі Палаты прадстаўнікоў адбываецца штогод, хацелася б, каб агучваліся і нейкія вынікі працы зацікаўленых бакоў па вырашэнні ўзнятых пытанняў. А калі справа датычыцца рэспублікі (скажам, у музейнай сферы), то магчымай бачыцца і прэзентацыя канкрэтных алгарытмаў, распрацаваных спецыялістамі і прымальных для ўсіх устаноў адпаведнага кірунку. Пакуль падобная практыка, відаць, не ўкаранёная ў фармаце такіх сустрэч. Застаецца спадзявацца, што прапановы ды пытанні, агучаныя ў Нацыянальным мастацкім, знойдуць сваё месца ў Кодэксе аб культуры ды іншых актах, што рэгламентуюць дзейнасць устаноў галіны.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст