Але шлях да кнігі быў доўгі. У Ленінград я прыехаў, каб працаваць у Інстытуце археалогіі. З сёмага класа браў удзел у раскопках. Але месца ў інстытуце для мяне не знайшлося, прапанавалі пачакаць. А пакуль — перабыць час у бібліятэцы, якая цяпер — Расійская нацыянальная. Там я раптам зразумеў: вось маё месца! Калі ў Навагрудку адшуквалі, напрыклад, кніжныя зашпількі, дык гэта было знаходкай сезона. А ў РНБ стаяць на паліцах гэтыя самыя кнігі з зашпількамі. Але і з дошкамі, з ілюмінацыяй, з тэкстамі. Усё жывое, цэлае, і — шмат тут беларускага. Вось тады я і сказаў сабе: карысць можаш прынесці акурат тут.
У бібліятэцы я працаваў над “Палатай кнігапісчай”, пісаў энцыклапедыю па літаратуры і мастацтве. А потым даваў артыкулы і ў беларускую прэсу: такім чынам сябе як беларуса падтрымліваў. Цікава, што аднойчы, калі я выпісваў “Літаратуру і мастацтва”, мне прынеслі цэлы стос газет. Відаць, для ўсіх падпісчыкаў-беларусаў у горадзе на Няве. Пошта, матузком перавязаўшы, кінула іх ў маю скрынку. І я такім чынам высветліў, хто выпісвае беларускія газеты. Ужо потым зразумеў: гэта ж фактычна стала пачаткам збору “беларускага Пецярбурга”. Званю земляку, кажу, мне занеслі выпадкова, я вам аддам. Так завязаліся сувязі. Потым яны перараслі з кім ў сталыя адносіны, а з кім — у сяброўства.
Працуючы ў бібліятэцы не адно дзесяцігоддзе, даследуючы рукапісы, увесь час думаў пра Навагрудак: кожны год езджу туды на раскопкі. Доўгі час кіравала гэтай справай Фрыда Гурэвіч. Пазней і я арганізоўваў тэхнічныя рэчы ды кіраваў адным з участкаў раскопак. А потым Фрыда Давыдаўна напісала кніжку “Старажытны Навагрудак”. Пад час перабудовы кніга тая трапіла ў ленінградскае выдавецтва “Навука”, дзе праляжала чатыры гады. Думаю: загінуць матэрыялы раскопак. Бо рукапіс — на друкарскай машынцы зроблены тэкст з уласнаручна наклеенымі ілюстрацыямі. Да ўсяго, людзі, дасведчаныя ў археалогіі, ведаюць, што археолагі — гэта тыя, хто нішчыць помнік дзеля ягонага апісання. Такім чынам, калі знікае апісанне помніка — знікае ўсё.
Карацей, каб надрукаваць кнігу, прыдаліся сувязі і кантакты. Знайшліся знаёмыя афіцэры ў штабе Ленінградскай ваеннай акругі. Яны, сярод іншага, адказвалі за друкарню, дзе абсталяванне прастойвала. Знайшоўся і беларус з Аўстраліі, што стаў спонсарам: па-мойму, долараў пяцьсот даслаў… Такім чынам і вышла кніжка, якая замацавала вынікі раскопак.
Але мая сувязь з Навагрудкам на гэтым не абарвалася. Я ўсё жыццё збіраю факты звесткі, біяграфіі — усё датычнае гэтага горада. Радуюся, што першую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага беларускія навукоўцы пачалі вывучаць: матэрыялаў усё больш і больш. Але гісторыі як паўнавартаснай белетрызаванай прозы ўсё не існавала. Нарэшце, і гісторыя выходзіць: вось толькі фактаў — шмат, канцэпцыі ж — няма. Так і з гісторыяй краіны наогул: мы ўводзім у навуковы абарот дадатковыя факты, але яны не працуюць, бо патрэбен канцэптуальны стрыжань. У гэтым напрамку і варта, як мне падаецца, скіраваць намаганні.