Любоў (не) з першага погляду, або Як стаць патрыётам?

№ 13 (1191) 28.03.2015 - 03.04.2015 г

З пасяджэння калегіі Міністэрства культуры
Усё, як быццам, проста. Каб стаць патрыётам, трэба любіць Беларусь. І тут, падаецца, не ідзе гаворка пра пачуццё з першага погляду. Яно, гэтае пачуццё, выхоўваецца ў сям’і, а замацоўваецца пад уплывам мастацкага вобраза, слова, гука… І чым больш яны шчырыя і выразныя, тым мацнейшая любоў. Прыкладна пра гэта ішла гаворка на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры, што прайшло 26 сакавіка ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Абмяркоўвалася і аналізавалася дзейнасць арганізацый культуры па святкаванні 70-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і выхаванні патрыятычнай самасвядомасці грамадзян. Лепшага месца для такога пасяджэння і не знайці.

/i/content/pi/cult/526/11376/3-1.jpg

Спачатку — дзве моцныя, як падалося, цытаты, што прагучалі пад час мерапрыемства. Прарэктар БДУКіМ Людміла Манакова зазначыла, што маргінала можна лёгка купіць, свядома выхаванага патрыёта — ніколі… А намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі згадаў пра апошнія сацыялагічныя даследаванні: на пытанне “Калі зарадзілася наша дзяржава?” якімі толькі не былі адказы: “У часіны ВКЛ… БНР… БССР…” Вывад — на паверхні: час зрабіць ідэалагічныя захады больш эфектыўнымі. І галоўная мэта тут — кансалідацыя грамадства. Таму роля Міністэрства культуры ў вырашэнні азначаных праблем — адна з вядучых. Музычныя творы, мастацкія фільмы, спектаклі і мастакоўскія палотны, аб’яднаныя, да прыкладу, тэматыкай Вялікай Перамогі, і ствараюць магутнае пазітыўнае поле, на якім прарастае патрыятычная самасвядомасць. І падстава тут не інфармацыйная, а самая што ні ёсць эмацыйная…

Але вярнуся да дакладнай храналогіі падзей. Шмат зроблена па патрыятычным выхаванні, але шмат яшчэ варта зрабіць. Праблемы галіны вызначыла першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга. Вось якраз новых спектакляў і кінастужак — мала. Прычына — у дэфіцыце твораў менавіта беларускай драматургіі, у хранічнай нястачы сапраўды арыгінальных кінасцэнарыяў. Станоўчым выключэннем з’яўляецца хіба што Драматычны тэатр Беларускай Арміі. Прэм’еры тут — рэгулярныя. І не толькі пра ваеннае ліхалецце, але і пра клопат сучаснай арміі.

Тыя ж праблемы тычацца вакальных твораў і музычна-сцэнічных. А што замінае перыядычна абнаўляць рэпертуар? Прынамсі, рух наперад — абавязковая ўласцівасць любога творцы. Дык хіба на сапраўдных творцаў дэфіцыт?!

Па меркаванні Ірыны Дрыга, Інстытут культуры Беларусі павінен актывізаваць дзейнасць па падрыхтоўцы метадычна-сцэнарных зборнікаў, скіраваных на патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення.

Начальнік упраўлення па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь Сяргей Варановіч казаў пра тое, што большасць вайсковых пахаванняў уключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны. Не спыняюцца пошукі імёнаў загінулых воінаў, але яшчэ застаецца шмат невядомых салдат. І гэтая даследчая праца па ўвекавечанні ахвяр Вялікай Айчыннай — дзейсная школа па выхаванні патрыятычных пачуццяў.

/i/content/pi/cult/526/11376/3-2.jpg

Дырэктар Магілёўскай абласной філармоніі Дзяніс Шаблінскі распавёў аб практыцы супрацоўніцтва з раёнамі. Дарэчы, у плане актыўных выступленняў на сельскіх філарманічных пляцоўках, лічу гэту філармонію адной з мабільных на Беларусі. Шчыльныя кантакты з раёнамі падтрымлівае і Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць — герой”, пра што паведаміў яго дырэктар Рыгор Бысюк. Першы намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алена Далгаполава спынілася на ролі кнігі і бібліятэкара ў патрыятычным выхаванні маладых. Беларускія літаратурныя творы, згадала яна, загучалі цяпер нават у грамадскім транспарце. (Пра радыйную дэкламацыю вершаў Уладзіміра Караткевіча ў тралейбусах Оршы “К” нядаўна пісала.)

Вельмі эмацыйным, але слушным і канкрэтным было выступленне дырэктара Гомельвідэапракату Аляксандра Лаўрыненкі. Ён перажываў, што няма беларускай прэм’еры мастацкага фільма на тэму Вялікай Айчыннай. А расіяне такіх стужак аж чатыры падрыхтавалі: “Бітва за Севастопаль”, “Снайпер-3”, “Дарога на Берлін” і рэмэйк “А досвіткі тут ціхія…”. Між тым, паказ аналагічнага беларускага кіно, па меркаванні кіраўніка кінапракатнай установы, сам па сабе з’явіўся б эфектыўным сродкам выхавання патрыятызму. Але такі дзейсны рэзерв застаўся нявыкарыстаным. А вось выснова “Калі фільм беларускі — значыць, нецікавы” не мае, як перакананы Аляксандр Лаўрыненка, ніякіх доказных падстаў. Да прыкладу, на Лоеўшчыне здымаўся 11-ы фільм цыкла “Дзяржаўная граніца”, і ягоная прэм’ера ў Лоеве сабрала аншлаг. Канешне, з’ява такая — характэрная для месц, дзе здымаўся фільм. У іншых сітуацыях без сістэмнай рэкламы не абысціся. А яшчэ — здымаць і здымаць трэба новае.

Першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў распавёў пра крэатыўныя маладзёжныя праекты. Дарэчы, вынікам аднаго з іх — “Кветкі Вялікай Перамогі” — стала стварэнне святочнай бутаньеркі: яблыневай кветкі на зялёна-чырвонай стужцы. Гэтыя сімвалы веснавога адраджэння і Вялікай Перамогі атрымаў перад экскурсіяй па Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны кожны ўдзельнік пасяджэння калегіі.

Як зазначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі, працаваць ёсць над чым. І патрэба ў патрыятычным выхаванні грамадства не сыдзе з парадку дня пасля святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі. Выхаванне любові да Айчыны, як задача далікатная і карпатлівая, застанецца доўгатэрміновай і надзвычай важнай, бо ў немалой ступені гарантуе нацыянальную бяспеку нашай Беларусі.

Фота Алины САЎЧАНКА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"