— Гэтая выстаўка для мяне вельмі нязвыклая, — кажа спадарыня Эва. — Я рада магчымасці прыехаць сюды і пабачыць вашы калекцыі. У Беларусі гэтыя паясы маюць нейкае асаблівае значэнне. Ужо па прыездзе даведалася, што дзеці ў школе вучаць верш Багдановіча, і што тут бадай для кожнага гэтыя паясы маюць значэнне відавочна большае, чым у Польшчы. У нас гэтая старонка гісторыі ўжо трохі забываецца, і, уласна, моладзі няма адкуль чэрпаць пра яе веды. Таму вельмі прыемна было прыехаць ў Беларусь і паказаць калекцыі нашага Нацыянальнага музея.
Мушу адзначыць удалае экспанаванне нашых рарытэтаў у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, бо побач са Слуцкімі паясамі знаходзяцца партрэты асобаў, якія гэтыя паясы насілі. Адно другому вельмі пасуе.
Задума ўзнавіць у сучасных умовах такую з’яву як слуцкі пояс падаецца мне вельмі цікавай. Відавочна, уваскрашэнне даўніх рамёстваў мае глыбокі сэнс. У той жа час, варта звярнуць увагу і на тую аўтэнтычную ткацкую спадчыну, якую яшчэ і пагэтуль можна сустрэць, скажам, у старых беларускіх касцёлах. Ведаю, што ў вас рабілася дакументацыя тых помнікаў матэрыяльнай культуры, што ацалелі пасля войн і розных гістарычных катаклізмаў. Таму варта, каб не толькі паясы, але і іншыя помнікі гісторыка-культурнай спадчыны былі папулярызаваныя сярод моладзі і сучаснага грамадства ўвогуле.
Экспанаванне паясоў дастаткова цяжкае, бо яны зробленыя ў значнай ступені з металічнай ніткі. Яна ж няўстойлівая да святла. Адпаведна, неабходна мець добрыя ўмовы экспанавання, а ягоны час не павінен быць надта доўгім, каб матэрыялы не разбурыліся. Вось у нашым музеі цяпер няма сталай экспазіцыі паясоў. Простай мовай кажучы, такія аб’екты павінны час ад часу адпачываць. Яны і ўмовы захавання мусяць мець асаблівыя. Зрэшты, у сталай экспазіцыі іх можна замяніць галаграмамі.