Пасыл праекта — кансалідацыя людзей, фарміраванне іх патрыятычнай самасвядомасці. Старт акцыі далі губернатар Магілёўшчыны Уладзімір Даманеўскі і першы намеснік міністра культуры краіны Ірына Дрыга, якая ў сваім уступным слове адзначыла, што захоўваць мір і спакой на беларускай зямлі, наш суверэнітэт — гэта не толькі права беларусаў, але і іх абавязак.
Акцыя праходзіць у два этапы: першы — з лютага па жнівень 2015-га, другі — з верасня па лістапад. Вяснова-летні перыяд запомніцца жыхарам абласных і раённых цэнтраў, аграгарадкоў канцэртамі з удзелам прафесійных і аматарскіх калектываў, а ў восень на самых буйных сцэнічных пляцоўках лядовых палацаў пройдуць гала-канцэрты. Фінал зладзяць у Мінску.
Творчая частка імпрэзы ў Магілёве — канцэрт “Тэнары супраць басоў” з удзелам салістаў Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі і не толькі. Назва пастаноўкі сведчыць: рознавысотныя галасы ўступаюць у жартаўлівае спаборніцтва таленту і адначасова самалюбавання. Вырашыць, хто лепшы, павінен суддзя. Пад час дзеі паспявае завязацца і любоўная лінія аднаго з выканаўцаў з удзельніцай “працэсу”. Але фінал будзе шчаслівым!..