“Цягам жыцця я стаў рэалістам…”

№ 4 (1182) 24.01.2015 - 30.01.2015 г

Георгій Лойка — пра залежнасць прафесіі акцёра і трэнаж
Георгія Лойку, пэўна ж, не трэба прадстаўляць віцебскаму гледачу. Гэта адзін з найпапулярных артыстаў Коласаўскага тэатра, вядучы майстар сцэны. Спектаклі з яго ўдзелам, асабліва камедыі, карыстаюцца попытам. Але тут трэба заўважыць, што патэнцыял папулярнага акцёра зусім не абмяжоўваецца рамкамі камедыйнага амплуа. Яго шырокі творчы дыяпазон неаднойчы адзначала крытыка, што, зрэшты, пацвердзілі ролі апошніх сезонаў: Макдуф з трагедыі Уільяма Шэкспіра “Макбет”, Ігар з драмы Юліі Чарняўскай “Ліфт”, Жэром Ангюст з псіхалагічнага трылера Амелі Натомб “Я вольны!”. Ну а дзве пяцёркі ў ліку сёлетняга дня нараджэння Георгія Мікалаевіча сталі яшчэ адной прыемнай нагодай для сустрэчы.

/i/content/pi/cult/515/11130/6-1.jpg

— Што падштурхнула ў юнацтве да выбару акцёрскай прафесіі? Мо на вашай малой радзіме меўся нейкі тэатральны асяродак?

— Мае дзіцячыя гады прайшлі ў Баранавічах, дзе прафесійнага тэатра не існавала, а галоўныя мастацкія ўражанні на той час складалі кнігі, кіно, тэлебачанне. Памятаю, як у пятым класе мне трапіўся раман Майн Рыда “Вершнік без галавы”: каб дачытаць кніжку, нават у школу не пайшоў аднойчы, сказаўшы матулі, што, нібыта, захварэў... Бацька працаваў машыністам, і таму я запісаўся ў бібліятэку чыгуначнікаў. Памятаю, перачытаў усе кніжкі пра партызан. З фільмаў мне асабліва падабаліся казкі “Кароль Драздабарод” і “Кароль Алень”, а яшчэ камедыя “Тры плюс два” з Андрэем Міронавым. У больш сталым узросце ўразіўся Смактуноўскім у фільме “Гамлет”, Юрскім у “Залатым цяляці”. Дарэчы, ролю Астапа Бэндэра я пазней сыграў у Тэатральна-мастацкім інстытуце. Магчыма, гэтыя ўражанні і падштурхнулі да выбару прафесіі. А яшчэ быў спорт: з пятага класа займаўся самба, і мог бы стаць неблагім спартсменам, каб, паслізнуўшыся, не выбіў сабе ключыцу... Да ўрача не звярнуўся, таму яна няправільна зраслася...

А вось да самадзейнасці ў мяне ніколі цягі не назіралася. І недзе ў дзявятым класе, калі я ўпершыню задумаўся аб прафесіі, вырашыў звярнуцца да кіраўніка народнага тэатра Марыі Пячонкінай, каб ведаць, як лепш падрыхтавацца. І яна мне дапамагла. Праўда, мама мая вельмі хацела, каб я стаў ваенным хірургам, балазе наш сваяк працаваў прафесарам у Ваенна-меды-
цынскай акадэміі ў Маскве… Але калі я вырашыў па-свойму, бацькі не вельмі пярэчылі.

— У інстытут паступілі адразу?

— Так, і кіраўніком курса быў Валерый Раеўскі, на той час — галоўны рэжысёр Тэатра імя Янкі Купалы. Мы слухалі яго лекцыі, адкрыўшы рот: ён жа праходзіў стажыроўку у самога Любімава з маскоўскага Тэатра на Таганцы і нават сам паставіў там колькі спектакляў. Ягоныя развагі пра Сусвет, быццё, грамадства, маральныя каштоўнасці, пра мастацтва рабілі на нас, яго студэнтаў, вялікі ўплыў. Памятаю, увечары апранаў свой выпускны касцюм, ішоў шпацыраваць па праспекце, ад Сурганава да вакзала, дарогай разважаючы, чаму мы кепска жывём, чаму вакол столькі хлусні. Наш майстар вучыў нас адрозніваць акцёрскі штамп ад сапраўднага мастацтва. І з першага курса мы бралі ўдзел у спектаклях Купалаўскага тэатра: “Аптымістычнай трагедыі”, “Ажаніцца — не журыцца”, “Паўлінцы”.

— А ці былі ў вас, апрача Раеўскага, іншыя куміры ў мастацтве?

— Пасля таго, як я зведаў тэатральны свет, творчы асяродак не толькі звонку, але і знутры, куміраў ужо не было. Былі і ёсць творцы, якіх я вельмі паважаю як профі. Тых жа Інакенція Смактуноўскага, Андрэя Міронава, Сяргея Юрскага, Алега Янкоўскага...

— І першай роляй у тэатры быў…

— Юнак у казцы “Пунсовая кветачка”. Спачатку ён узнікаў у вобразе пачвары, а потым ператвараўся ў гожага малайца. Дык вось, каб хутка пераўвасобіцца, я на кашулю апранаў каптан, а зверху — авечую шкуру. Пакуль выходзіў на паклон, з мяне дзесяць патоў сыходзіла...

— І, мабыць, першай работай, дзе вы даказалі прафесійныя якасці, быў князь Бельскі ў “Касатцы” па п’есе Аляксея Талстога?

— Так шчасліва склаўся мой лёс, што ў тэатр прыйшоў працаваць Барыс Эрын, які з многіх прэтэндэнтаў на гэтую ролю выбраў менавіта мяне. А ён, у сваю чаргу, запрасіў на пастаноўку іншага слыннага майстра — Яўгена Весніка. Той працаваў філігранна. Колькі цікавых падказак даваў ён акцёрам! На жаль, не давёў працу да канца, бо мусіў з’ехаць на кіназдымкі. Але памятаю, як перад ад’ездам Веснік казаў мне: “Што б ні здарылася, імкніся трымацца таго, што мы напрацавалі”. На жаль, гэтага не адбылося. Спектакль дарабляў іншы рэжысёр, і ўсё пайшло у адрозным кірунку...

— А ці не клікалі вас у кіно?

— Я здымаўся у трох фільмах: у мастацка-публіцыстычнай стужцы пра вядомага віцебскага мастака Юдэля Пэна сыграў следчага НКУС, які вёў справу аб яго забойстве, у серыі расійскай тэленавелы “Сапраўднае жыццё”, а трэцяя мая сустрэча з кіно адбылася на здымках фільма “Шагал-Малевіч” цудоўнага расійскага рэжысёра Аляксандра Міты. Я выканаў тут ролю камісара надзвычайнай камісіі. Фільм неадназначна ацэньваюць і гледачы, і мае калегі, акцёры, але я набыў пад час здымак шмат новага ды карыснага, бо працаваў з сапраўднымі майстрамі: і рэжысёрам, і аператарам, і мастаком...

— Ці былі ў вас тэатральныя работы, якія не адпавядалі вашай індывідуальнасці: не маё — і ўсё тут?..

— Іграў абсалютна розныя ролі: і трагедыйныя, і камедыйныя, і драматычныя. Нават паспрабаваў сябе ў трагігратэску — маю на ўвазе спектакль “Пісьменныя” па п’есе Маціяса Чокэ, цікавую эксперыментальную работу Віталя Баркоўскага. Хіба што лірычных персанажаў амаль не ўвасабляў, за выключэннем, мабыць, ролі ў той жа “Пунсовай кветачцы”. Ды заўсёды ж хочацца паспрабаваць сябе ў розных жанрах!

— А калі драматургія ролі занадта кволая, скажам так, ніжэйшая за вашы магчымасці?

— Некалі Баркоўскі паставіў спектакль “Блудны муж і яго жонка Варвара”. Крытыка ў Маскве, дзе мы былі на гастролях, казала: “Мы не разумеем, чаму вы звярнуліся да такой слабой п’есы: гэта ж — шырспажыў! Так, вынік выдатны, вы ўзнялі лёс звычайнай сялянкі да ўзроўню Космасу, але ж ёсць куды лепшыя творы”. А ён наўмысна ўзяў гэты матэрыял, каб давесці, што магчыма і з яго зрабіць годны спектакль. Так што ад любой ролі не варта адмаўляцца. Выключэнне — хіба творы, якія культывуюць жорсткасць, гвалт, бездухоўнасць. Тым больш, артыст павінен заўсёды быць у трэнажы.

— Вы часта выступаеце ў тандэме са сваёй жонкай — актрысай Святланай Жукоўскай. Вам гэта дапамагае?

— Так. Артыст жа заўсёды думае аб ролі — ці выступаючы на сцэне, ці ідучы ў краму. Так і мы: і на працы гаворым пра тэатр, і ў аўтобусе, і дома. Быў такі перыяд, што жонка была вельмі загружана, а я з-за свайго праўдалюбства сядзеў без роляў. Ды зайздрасці ніколі не было...

— Як не прыгадаць вашу сумесную работу ў спектаклі “Я вольны!” паводле рамана Амелі Натомб “Касметыка ворага”! Дарэчы, ідэя гэтага праекту зыходзіла ад вас ці ад рэжысёра?

— Ад пастаноўшчыка. Аляксандр Дольнікаў працаваў некалі ў нашым тэатры, добра ведаў магчымасці нашых акцёраў. У прыватнасці, Святлана ў яго цікава сыграла ў спектаклі “14 чырвоных хацінак”. Матэрыял вельмі складаны: героі апускаюцца на цёмнае дно чалавечай існасці. Тым больш па часе мы былі абмежаваны: падаецца, рэпетыцыйных дзён было 17 ці 18. Але спектакль атрымаўся. Прадстаўніца аўтаркі рамана ў Расіі бачыла спектакль на відэа, і была ўражана, выказаўшы жаданне паглядзець яго ўжывую.

— Ці ёсць такі вобраз, які вы марыце ўвасобіць?

— Ты ж ведаеш, што акцёр — прафесія залежная. У маладосці хацеў сыграць Тыбальта з “Рамэа і Джульеты”, але не склалася. Цягам жыцця я стаў рэалістам. Раней, у далёкія часы, рэжысёры думалі пра сваіх акцёраў (можа, не пра ўсіх, але пра вядучых), планавалі іх працу на перспектыву. Цяпер гэтага няма. А варта было б, каб кіраўніцтва тэатра больш разумна праводзіла рэпертуарную палітыку, — у многім ад гэтага залежыць творчы рост нашых артыстаў. Вельмі хацелася б сыграць Князя ў “Дзядзечкавым сне” Дастаеўскага, калі гэтая пастаноўка Сяргея Кулікоўскага адбудзецца. Такой работы ў мяне яшчэ не было…

— Над чым зараз працуеце?

— Мастацкі кіраўнік тэатра Валерый Анісенка выпускае спектакль паводле п’есы сучаснага расійскага драматурга Пятра Гладзіліна “Афінскія вечары”. Гэта сямейная драма. Дзея адбываецца ў творчым, інтэлігенцкім асяроддзі, але інтэлігентнасць бацькоў маладой гераіні ўяўная. Яны насамрэч чужыя ёй і адно аднаму. Уявіце, мой герой, прафесар кансерваторыі, кажа: “Я пражыў жыццё і не думаў, што пачну займацца выхаваннем дачкі”. І жонка тое ж самае кажа. І толькі бабуля, якая спынілася ў гэтым доме па дарозе за мяжу, адкрывае ім вочы на саміх сябе: “Вы інтэлігентныя людзі? Ды ў вас гэтага ніколі не было”. Дарэчы, прэм’ера спектакля мяркуецца на пачатку лютага. Запрашаем!...

Аўтар: Юрый ІВАНОЎСКІ
тэатразнаўца, тэатральны крытык, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа