…І куды што падзелася?

№ 4 (1182) 24.01.2015 - 30.01.2015 г

Фальклор-тэатр “Госціца” прэзентаваў у Малой зале Канцертнай залы “Мінск” свой другі дыск “…І куды што падзелася?” з запісамі спеваў удзельнікаў розных гадоў. Назва сімвалічная, кожны можа зразумець яе, як хоча.

/i/content/pi/cult/515/11129/11-1.jpg

З 1986 года праз “Госціцу” прайшло пад сотню навучэнцаў. Некаторыя звязалі жыццё з фальклорам ці з тэатрам, музыкай, сучаснай харэаграфіяй. Да прыкладу, Таццяна Пладунова, Кацярына Блоцкая, Алеся Алісіевіч, Вольга Дзерыглазава, Святлана Лагуноўская, Аляксей Галіч, Святлана Зелянкоўская, Вольга Сцяжко… Хтосьці выяўляе сваю любоў да беларушчыны, узрошчаную ў “Госціцы”, у грамадскай дзейнасці. Навучэнцы Ларысы Сімаковіч жывуць у Францыі, Італіі, Амерыцы, Англіі, Расіі. І куды ж што падзелася? Можа, у назве дыска — і сум па тым, што ад выдання першага альбома, “Пералёт-трава”, прайшло больш за дзесяць гадоў? А гэта ж цэлае творчае жыццё. За выданне апошняга дыска Сімаковіч на прэзентацыі дзякавала прадзюсару Віталю Супрановічу. Праўда, складана творчаму чалавеку без менеджара, калі даводзіцца думаць не толькі пра творчасць, але і пра арганізацыю імпрэз, запіс ды выданне дыскаў…

Прэзентацыя прайшла як творчы вечар, з успамінамі, відэафрагментамі спектакляў, падзякамі. Склалася ўражанне, што раней Ларыса Сімаковіч працавала пераважна з дзецьмі і падлеткамі. Цікава было паглядзець архіўнае відэа, бо ў апошніх спектаклях іграюць дарослыя танцоркі. “Госціца” з’явілася ў 1986-м як дзіцячы гурт з хору Беларускага радыё і тэлебачання. Кацярына Блоцкая, якая прыйшла ў фальклор-тэатр пяцігадовым дзіцем на пачатку 1990-х, прыгадвае, што трапіць у “Госціцу” было складана. Слова “тэлебачанне” дзейнічала на бацькоў магічна. На хвалі нацыянальнага адраджэння было прэстыжна аддаць дзіця ў “Госціцу”. Мінула больш як дваццаць гадоў, але Кацярына памятае той прагляд, калі яе выбралі разам з пяццю іншымі дзяўчатамі. Адмыслова для кастынгу ёй сшылі народны касцюм, перарабіўшы бабуліну кашулю. “Шкада было рэзаць, дык падшылі яе, такую вялікую…” Адказваць на пытанні трэба было па-беларуску, ведаць, адкуль бабулі і дзядулі… Іншая дзяўчына, што правяла дзяцінства ў “Госціцы”, узгадала, як на праглядзе Ларыса Сімаковіч разам з дзецьмі гуляла на падлозе… Такі вось быў кастынг.

Сцэнічныя касцюмы “Госціцы”, калі гэта не аўтэнтычныя строі, пазнавальныя: вольныя кашулі, што падкрэсліваюць рух танцорак, ляцяць. Гэтае хараство для фальклор-тэатра зрабіла спецыяліст па традыцыйным тэкстылі Ірына Мазюк. Каб прыдумаць такое, мала быць проста мадэльерам. Ірына аб’ездзіла з этнаграфічнымі экспедыцыямі ўсе рэгіёны Беларусі, асабліва шмат працавала на Палессі. Выкладае аўтэнтычны голасны спеў і калыханкі на шматлікіх семінарах ды майстар-класах, адчувае і разумее розныя аспекты традыцыйнай культуры.

Маштаб асобы кіраўніка фальклор-тэатра Ларысы Сімаковіч, яе цвёрдая грамадзянская пазіцыя, талент кампазітаркі, харэографа і педагога спрычыніліся да шэрагу з’яў, знакавых для беларускай гісторыі і культуры: маладзёжнае аб’яднанне пачатку 1980-х “Майстроўня”, гурт “Дзянніца” і, нарэшце, — фальклор-тэатр “Госціца”. Толькі ўслухайцеся ў назвы іх пастановак: “Інтуіцыя міту”, “Калінаў мост”, “Нябога”, “Дух Зямлі”, “Русалчын панядзелак”, “Дарожка”, “Бегла коляда-коляда”, “Сялянскаму роду няма пераводу”…

Бадай, кожны, хто прайшоў праз школу “Госціцы”, захаваў любоў да беларускай аўтэнтыкі на ўсё жыццё, незалежна ад таго, сталі фальклор і танец для яго прафесіяй ці не…

Фота Яўгена ЯРЧАКА

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"