Які стаў брэндавым...

№ 4 (1182) 24.01.2015 - 30.01.2015 г

Народны ансамбль народнай песні Асіповіцкага раённага цэнтра культуры і адпачынку “Дзівакі” адзначыў 20-годдзе сваёй творчай дзейнасці. А пачалося ўсё ў 1994-м — па ініцыятыве цяперашняй бізнесвумен Кацярыны Лапацінай, якая працавала тады дырэктарам Дома культуры на кардонна-руберойдавым заводзе.

/i/content/pi/cult/515/11128/10-3.jpg

— Зараджэнне адзінага заводскага калектыву мастацкай самадзейнасці даўно наспявала, — прыгадвае Кацярына Канстанцінаўна. — Як і на ўсялякім вялікім прадпрыемстве, кожны цэх меў свой фальклорны гурт. Асабліва радавалі майстэрствам самадзейныя артысты будаўнічага, якія часта станавіліся пераможцамі аглядаў-конкурсаў, што праходзілі на заводзе. І вось з прыходам на працу ў клуб маладога мастацкага кіраўніка Алы Пінчук, якая проста гарэла жаданнем прыўнесці ў наша культурнае жыццё нешта незвычайнае, было канчаткова прынята рашэнне: арганізаваць творчую суполку. Ёй актыўна дапамагала Людміла Грынько. Побач з намі быў цудоўны музыкант Юрый Камісараў. Кіраўніцтва завода падтрымала ідэю, а пазней дапамагло з набыццём сцэнічных касцюмаў: іх шылі ў сталічным Тэатры оперы і балета. Не маглі проста на іх нарадавацца, калі апраналі перад выступленнем!..

Першы канцэрт адбыўся на заводскай сцэне. У рэпертуар уключылі добра знаёмыя ўсім беларускія песні, зрабілі выдатныя аранжыроўкі. Безумоўна, артысты хваляваліся, але гледачы сустрэлі іх цёпла, бо кожная песня кранала душу… У калектыў сталі прыходзіць прафесійныя спевакі — людзі, якія былі звязаны па родзе заняткаў з музыкай. Пачалася актыўная гастрольная дзейнасць, што пастаянна ўдасканальвалася. Выязджалі ў калгасы, сяльчане заўсёды былі рады нашым канцэртам. Сталі думаць над назвай. Аб’явілі нават конкурс. Перабралі з дзясятак самабытных, каларытных найменняў і спыніліся на “Дзіваках”. Чаму? Прыгожае беларускае слоўца. Роднасныя яму — “дзіва”, “дзіўны”. Менавіта такія людзі і падабраліся ў калектыў — непадобныя да іншых, якія ўмеюць здзівіць сваім талентам: рухамі, голасам, музыкай. Яны здольныя на неардынарныя ўчынкі. Пра кожнага з артыстаў можна сказаць: “Вось дзівак!” Аб’яднаная такім драйвам кампанія і ёсць “Дзі-ва-кі”. Дом культуры КРЗ закрылі, на жаль, гадоў дзевяць таму. Але калектыў, нягледзячы на розныя выпрабаванні, жыве, радуючы аматараў народнага мастацтва творчасцю…

Сёння народны ансамбль народнай песні “Дзівакі” раённага Цэнтра культуры і адпачынку — гэта дваццаць чалавек, аб’яднаных любоўю да песеннай спадчыны нашага народа, сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. З 2003 года ўзначальвае калектыў Ала Пінчук.

— За гады сумеснай працы мы сталі адно для аднаго не толькі калегамі, але і сябрамі, — кажа Ала Яўгенаўна. — Большасць з нас мае свае творчыя калектывы, але не змяняе творчай прапіскі і ў нашым ансамблі. Акрамя Юрыя Камісарава свой унёсак у яго развіццё зрабіў музыкант Сцяпан Саханчук. Праз некаторы час далучыўся баяніст і спявак Аляксандр Яршоў. Прыемна, што папаўняемся маладымі галасамі. Прычым прырастаем дынастыямі: Таццяна Мікуліч прывяла дачку Аню, Ганна Арэшкова — мужа Алега. Сярэдні ўзрост калектыву — 35 гадоў. Мы — пастаянныя лаўрэаты “Веснавых колераў”. І наогул, кожная сустрэча з гледачамі — сапраўднае свята, пад час якога адбываецца яднанне душ…

Запытайцеся ў любога асіпаўчаніна, які хоць крыху цікавіцца творчасцю мясцовых народных калектываў, што яму вядома пра “Дзівакоў”, і ў адказ пачуеце: “Гэта адзін з брэндаў у сферы культуры нашага краю!”

Ніна ВІКТОРЧЫК

Фота аўтара