Музейны хэштэг

№ 4 (1182) 24.01.2015 - 30.01.2015 г

Да акцыі #MuseumSelfie далучыліся беларусы
Міжнародны праект “Culture Themes” паназіраў за сучаснікамі і адзначыў іх моцную любоў да сэлфі — аматарскіх аўтапартрэтаў, зробленых на ўласныя гаджэты: тэлефоны, планшэты, фотакамеры. У выніку ужо два гады, як 22 студзеня — Міжнародны дзень музейнага сэлфі.

/i/content/pi/cult/515/11121/13-1.jpg

Адной з краін-удзельніц у дадзеным праекце сёлета аказалася і Беларусь. У Мемарыяльным музеі-майстэрні З.І. Азгура ў Мінску ў гэты чацвер адбыўся сэлфі-дэбют.

Ініцыятарам гэтай акцыі выступіў навуковы супрацоўнік музея Дзмітрый Міхееў. “Нічога камерцыйнага тут дакладна няма. Удзел у мерапрыемстве каштаваў як мінімальная плата за ўваход. А што да маральна-этычнага боку, то экспанаты, у нашым выпадку — бюсты ды скульптуры выбітных асоб, з’яўляюцца мастацкімі творамі, і рабіць на іх фоне сэлфі — справа бяскрыўдная. Насамрэч людзі заўсёды жадаюць фатаграфавацца з цікавымі аб’ектамі ў музеі. А сэлфі — проста адзін са спосабаў”, — кажа ён.

Дырэктар музея Аксана Багданава прызналася, што да ініцыятыў з боку маладых калег ставіцца прыязна, таму акцыю падтрымала з задавальненнем: “Для нас гэта магчымасць яшчэ раз заявіць: наш музей — прыхільнік формулы “музей, які змяняецца ў зменлівым свеце”. Ён не можа жыць па-за соцыумам і яго запытамі, бо мы — сучаснікі сваіх наведвальнікаў”. Аксана Леанідаўна таксама адзначыла, што кожная сустрэча з гледачом прыемная, а Міжнародны дзень музейнага сэлфізму будзе дадатковай нагодай сустрэцца.

/i/content/pi/cult/515/11121/13-2.jpg

Цікавую думку визави выказала і наконт таго, што ідэя сэлфі ў музеі можа быць нейкім чынам скажоная: “Наша публіка — асаблівая, амаль на сто працэнтаў культурная. Урэшце, як музей мы ў некаторай ступені выхоўваем, тлумачым”.

Дзеля справядлівасці адзначу: Міжнародны дзень музейнага сэлфі ў Музеі Азгура прайшоў сёлета досыць спакойна. Але тыя, хто завітаў туды 22 студзеня, пераканана, не расчараваліся. На наступны год ахвотных значна паболее, бо супрацоўнікі нададуць больш увагі рэкламе акцыі. Мяркую, нават упэўнена, да іх далучацца і іншыя музеі рэспублікі. Вось пабачыце! А сёлета, апрача гасцей Музея Азгура, па хэштэгу #MuseumSelfie па стане на дзень здачы нумара ў друк мы знайшлі фота ад Гомельскага палацава-паркавага ансамбля і Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры ды ад наведвальнікаў Нацыянальнага мастацкага.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст