Ключы да замкаў

№ 4 (1182) 24.01.2015 - 30.01.2015 г

Што засталося ад муроў Браслаўшчыны?
...Трэці замак знаходзіўся па другі бок Заходняй Дзвіны — у Піедруі (цяпер — Латвія). Апошнім жа быў Сапежын. Ад яго ацалеў сядзібны дом і рэшткі парку. Апошні, дарэчы, зараз — гісторыка-культурная каштоўнасць. Сапежынскі замак адносіўся да сядзібнага ці палацавага тыпу. Пра друйскія замкі вядома няшмат, бо не захаваліся іх апісанні, тэрыторыі замчышчаў разбураны. Пра апошні вядома, што быў ён драўляны, меў земляныя валы, дзве брамы — Полацкую і Рыжскую.

/i/content/pi/cult/515/11117/14-4.jpg(Заканчэнне. Пачатак у №№ 4950 за 2014 г. і № 2 за 2015 г.)

Родавы архіў Сапегаў сведчыць пра існаванне Друйскага графства ў ХVІІІ ст. Са святыняў засталіся царква ды комплекс бернардзінскага кляштара, які быў пабудаваны самым малодшым сынам Льва Сапегі — Казімірам Львом у 1643 — 46 гг.

Друя з’яўлялася партовым горадам, шмат гандлявала з Масквой і Рыгай. У “Прывілеі Яна Станіслава Сапегі на заснаванне Сапежына” гэтае месца пазначаецца ўжо як “зручнае ды прыдатнае для абароны, а таксама для ўсялякага гандлю людзей купецкага звання <…>, для абароны сапраўдным чынам межаў”. Першы ўспамін аб выкарыстанні артылерый на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага адносіцца да 1374 года, пры штурме рыцарамі Тэўтонскага ордэна Друйскага замка, таму апошні з’яўляўся адным з важных абарончых пунктаў Падзвіння.

Цяпер пра былыя старажытныя замчышчы нагадваюць рэшткі друйскай кафлі. Раз-пораз яе яшчэ можна знайсці на дарозе сучаснага аграгарадка: жыхары папросту выкідваюць “матэрыялы гісторыі” праз плот, калі перакопваюць гароды…

Раннія ўзоры друйскай кафлі ўключаюць гаршчковую ды каробкавую. Кафля атрымала назву з-за сваёй канструкцыі, якая нагадвае звычайную каробку. Цяпер інтэр’ер былых замкавых пакояў ды печаў графічна аднаўляецца толькі па рэштках знойдзенай керамікі. У Друі знаходзілася мясцовая майстэрня па вытворчасці кафлі з белай і чырвонай гліны, найбольш жа прыгожа выглядала каляровая. Менавіта ў Сапежыне назіраўся эканамічны ўздым. А калекцыя кафлі XVII ст. з Друі яскрава сведчыць пра высокі ўзровень майстэрства сярэднявечных рамеснікаў, — напрыклад, гербавыя выявы “Пагоні” і двухгаловага арла. Цікавыя кафляныя вырабы мясцовай вытворчасці знаходзілі на ўсіх замчышчах Браслаўшчыны. Друя славілася кафляй “пяльчаткай”, глазураванай керамікай, а Іказнь — гаршчковай.

І цяпер каштоўная

Браслаўскі замак знаходзіўся на Замкавай гары паміж азёрамі Дрывяты і Навяты. Горад узнік на месцы паселішча латгалаў і крывічоў. Жыццё на гарадзішчы пачало віраваць з другой паловы І тыс. н.э. На пачатку XI ст. полацкі князь Брачыслаў пабудаваў памежную крэпасць, назваўшы яе сваім імем. Паводле інвентару Браслава 1649-га замак меў сем вежаў, браму з падвоенымі варотамі. Пасадскія паселішчы размяшчаліся вакол гарадзішча на месцы сучасных вуліц Савецкай, Замкавай, Кірава, Ленінскай. Пад час ваенных дзеянняў XVII — XVIII стагоддзяў адбыліся значныя разбурэнні, цяпер засталося толькі замчышча. Пра тое, што Браслаў быў горадам Полацкага княства, сведчыць “Хроніка Быхаўца”.

Сёння гарадзішча знаходзіцца на пагорку вышынёй 14 м. Прадметы арганічнага паходжання з яго амаль не захаваліся, таму вельмі цяжка прасачыць планіроўку і забудову. Археалагічныя знаходкі сведчаць аб добра развітых міжнародных сувязях. Выяўленыя рэчы, зробленыя з жалеза, каляровых металаў, гліны, каменю, косці і шкла, часта былі імпартныя. Значны працэнт упрыгожанняў — балцкага паходжання. Знойдзеныя ў Браславе два жалезныя пісалы сведчаць пра тое, што сярод насельнікаў Замкавай гары жылі і адукаваныя людзі. Сведкамі тагачаснага эканамічнага розвітку з’яўляюцца ўнікальныя нумізматычныя знаходкі: лічман — жэтон для лічэння, які выкарыстоўваўся ў Еўропе і Рэчы Паспалітай у купецкіх і банкаўскіх аперацыях. Экзэмпляр з Браслава — пакуль што адзіны, вядомы на тэрыторыі Беларусі.

Браслаўскае гарадзішча і Іказнеўскае замчышча ўключаны ў Дзяржспіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Паводле праграмы “Замкі Беларусі” працягваецца добраўпарадкаванне тэрыторыі Замкавай гары. На бягучы год запланавана за сродкі абласнога і раённага бюджэтаў прывесці ў парадак Іказнеўскае замчышча.

Ірына САКАЛОЎСКАЯ, навуковы супрацоўнік па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Браслаўскага райаб’яднання музеяў

На здымку: кафля з гербавай выявай з Друйскага замка.