Горад як палатно

№ 4 (1182) 24.01.2015 - 30.01.2015 г

У суседзяў да вулічнага мастацтва падыходзяць з "маштабам мастацкасці"
Не так даўно мінчане змаглі адчуць дух польскага гарадскога мастацтва, які захапіў не толькі падлеткаў з балончыкамі для графіці, але і людзей, больш спрактыкаваных у творчасці. Пра гэта мы пагутарылі з Цэзарам ХУНКЕВІЧАМ, кіраўніком Еўрапейскага фонду гарадской культуры. Яго творчы праект, рэпрэзентаваны ў Галерэі сучаснага мастацтва “Ў”, меў назву “Polish Urban Art — Exhibitions & Murals/Minsk Edition”. Пра што ён? Пра бачанне сённяшняй гарадской прасторы ўвогуле з пункта погляду неабыякавага мастака.

/i/content/pi/cult/515/11115/14-1.jpg

/i/content/pi/cult/515/11115/14-2.jpg— Па-першае, хачу для сябе і для чытачоў вызначыць, што ж такое ўрбаністычнае мастацтва. Якія віды самавыўлення, апрача графіці, можна аднесці да гэтага кірунку?

— Калі мы рыхтавалі выстаўку, то імкнуліся не пазначаць спецыфіку, якую можна сустрэць ва ўрбаністычнай прасторы. Мы не хацелі называць з’яву выключна “вулічнае мастацтва”, але жадалі ахапіць увесь той маштаб мастацкасці, што мае месца ў горадзе, а гэта ўсе мастацкія і квазімастацкія з’явы грамадскіх месцаў.

— Калі вы не хочаце класіфікаваць віды ўрбаністычнага мастацтва, можа, прыведзяце прыклады, для большага разумення?

— Ведаеце, мы вывучалі разнастайныя праявы, якія можна аднесці да ўрбаністычнага мастацтва. Вось, скажам, 1950-я. Гарадское мастацтва тых часоў (з пункта гледжання сённяшняга дня, яго можна лічыць легалізаваным) — гэта вялікія мазаікі, роспісы, скульптура. Другой магутнай плынню адзначу стрыт-арт — таксама больш-менш “легальны” напрамак, хаця на пачатковых этапах у творцаў былі вялікія праблемы з ім. А размяшчэнне ў гарадской прасторы постараў, трафарэтаў, надпісаў — гэта ўсё мае дачыненне не толькі да мастацтва, але і да выказвання пэўнай пазіцыі. Ну, і трэці кірунак — якраз графіці, найбольш спантаннае і часта ўжывальнае мастацтва ў вулічнай прасторы. Мяркую, графіці — найбольш важная праява дзейнасці, арыгінальная, аўтэнтычная, здольная распавесці пра горад больш, чым нейкая іншая з’ява.

— Чаму менавіта аб польскім урбаністычным мастацтве было вырашана расказаць не толькі ў Мінску, але і ў іншых еўрапейскіх гарадах?

— Нас уразіла, якой моднай і распаўсюджанай з’ява стала за дзесяць гадоў. Мы пытаемся ў публікі, адкуль пайшла такая хваля, аналізуем яе станоўчыя бакі. Ну, і заадно паказваем тое, што, па сутнасці, і не ўбачыш, пакуль не сутыкнешся непасрэдна ў Польшчы.

— Як вам пабачылася, у якой ступені ўрбаністычнае мастацтва закранула Беларусь увогуле і Мінск у прыватнасці?

— Не магу прыгадаць дакладныя імёны тых беларускіх творцаў, што наведвалі Польшчу з мэтай азнаямлення з урбан-артам, але такія людзі ёсць. Адкажу інакш. Усходнееўрапейскі сучасны вулічны рух вельмі цікавы, і там ёсць дзе разгарнуцца. Мэта вандроўнага праекта — не столькі прадэманстраваць творы, колькі заахвоціць выкарыстоўваць горад як палатно. Трэба раскрываць свой патэнцыял, уключаць фантазію. Дый увогуле, не выстаўку мы прывезлі, — гэта праект, платформа, якія ўключаюць у сябе сустрэчы, зносіны, абмен досведам. Вось яскравы прыклад. У 1990-я нямецкія хлопцы наведалі Польшчу і прыхапілі з сабою свежыя погляды, новыя ідэі. І вось рэальнасць: яны натхнілі нас, захапілі сваімі думкамі, што можна адсачыць па сучасным стане польскіх гарадоў. Але ж яны не ўзялі нічога наўзамен у культурным сэнсе. Таму атрымліваецца, што Усходняя Еўропа пакуль толькі часцяком убірае ў сябе досвед Заходняй.

— Ці абавязаны вулічны мастак атрымаць дазвол на сваю творчасць? Інакш вельмі лёгка гэткую дзейнасць зблытаць з актам вандалізму…

— Гэта адно з найважнейшых пытанняў інтэрпрэтацыі мастацтва. Заўсёды можна вызначыць, ці “працуе” работа, ці добрая яна, ці ўпісваецца твор у гарадскую прастору, урэшце, што стала прычынай стварэння “арту”… Такі від мастацтва заўсёды будзе незалежным адносна ўсяго астатняга, гэта — не студыйныя работы. Але ж колькі з тых “вандалаў” выйшла цікавых людзей, мастакоў, графічных дызайнераў!.. Такая творчасць — самы верны спосаб самараскрыцця, таму стрыт-арт — спосаб камунікацыі ў горадзе і самы зразумелы аповед пра яго. Таму пытанне, вядома ж, дваістае: мае бок як творчы, так і непасрэдна датычны законаў…

Фота аўтара

На здымку: Цэзар Хункевіч; адзін з прыкладаў вулічнага мастацтва ў Польшчы, які быў прадстаўлены на мінскай выстаўцы ў выглядзе фотарэпрадукцыі.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст