Першыя крокі

№ 4 (1182) 24.01.2015 - 30.01.2015 г

У другі раз (першы — у 2012-м) у Беларусі ўшаноўваюць мецэнатаў, якія дапамагаюць культуры. У панядзелак урачыстае ўзнагароджанне тых, хто падтрымлівае культурныя праекты рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў, прайшла ў Мінску. Пазней аналагічныя імпрэзы адбудуцца ў абласцях.

/i/content/pi/cult/515/11092/1-2.jpg

У сталіцы пляцоўкай для святочнага дзейства стаў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Ужо ў холе гасцей сустракалі і з “допытамі” абступалі журналісты. З каверзным, як мне падалося, пытаннем падступіў і я да некаторых V.I.P.-персон вечара. У мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатра Мікалая ПІНІГІНА пацікавіўся тым, ці ёсць у нас мецэнаты. Ці гаворка, хутчэй, павінна ісці пра спонсараў?

— Для мяне няма розніцы, хто дапамагае культуры, бярэ ён грошы са сваёй кішэні або ў якасці дабрачынца выступае кампанія. Калі справа тычыцца нашага тэатра, мы публічна кажам пра такіх людзей ды арганізацыі. Але я разумею юрыдычную тонкасць паміж вызначэннем мецэнатаў і спонсараў…

Апошнія, як паведаміў спадар Пінігін, з прапановамі аб аказанні дапамогі ў тэатр не звяртаюцца. Ініцыятыву праяўляе сама ўстанова, тым больш, сярод заўсёднікаў спектакляў можна сустрэць і бізнесменаў, якія разумеюць, што яны нясуць нейкія сацыяльныя абавязкі перад грамадствам. Быць можа, лічыць Мікалай Мікалаевіч, больш смелымі ў гэтым плане іх зрабіў бы Закон аб мецэнацтве, якога пакуль у нас няма.

Уладзімір КАРАГІН, старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў, зазначыў:

— Я сказаў бы, што абодва словы — “мецэнат” і “спонсар” — у поўнай меры стасуюцца з некаторымі з тых, каго ўзнагародзяць у гэты вечар. Наколькі мне вядома, яны і ўласнымі сродкамі, і праз кампаніі падтрымліваюць праекты ў галіне культуры. На жаль, у Беларусі няма такога закону, які распісваў бы ўсё, што датычыцца дабрачыннай дзейнасці, стымуляваў асобных грамадзян ды арганізацыі да яе. (Таму і існуе блытаніна ў паняццях.) Такі акт дазволіў бы ўцягнуць шырокія пласты грамадства ў розныя сацыяльныя праекты, прычым без матэрыяльнай выгады для сябе, а, што называецца, зыходзячы з ідэйных меркаванняў. І ў ім павінны быць прапісаны абавязацельствы, якія бярэ на сябе дзяржава перад дабрачынцам. Да нас у Саюз не так даўно прыходзіў чалавек — дырэктар прадпрыемства, што ў сілу аб’ектыўных прычын збанкрутавала. Ён апавядаў, што былыя работнікі пра яго цяпер гавораць зусім не станоўчыя рэчы, нагадваючы, колькі грошай выдаткоўвалася на сацпраекты…

Праўда, Уладзімір Мікалаевіч адзначыў: на яго думку, існуе прадузятасць адносна тых, каго прынята называць спонсарамі. Маўляў, добра, што дапамагаюць, але ж не бескарысліва, а прасоўваючы, дапусцім, рэкламай тавар. Пры тым людзі забываюць, што гэты тавар яны вырабляюць самі і павінны атрымаць за яго зарплату! Вось такі парадокс.

Зарадзіўшыся аптымістычнымі ноткамі, што не так відавочна прагучалі ў словах тэатральнага мэтра, і часткова ліквідаваўшы прарэхі ва ўласнай адукацыі з дапамогай мэтра ад бізнесу, я апусціўся ў сваё крэсла ў глядзельнай зале — і цырымонія пачалася. Адкрыў яе міністр культуры краіны Барыс Святлоў, які найперш падзяліўся навіной аб тым, што адзін з вядучых банкаў выказаў гатоўнасць фінансава падтрымліваць культурныя пачынанні. Затым Барыс Уладзіміравіч здзейсніў экскурс у гісторыю сусветнага мецэнацтва і мецэнацтва Беларусі ды распавёў аб стане рэчаў у гэтым аспекце. Па заканчэнні вітальнай прамовы на сцэну групамі сталі падымацца героі падзеі, якім ўручаліся дыпломы “Мецэнат культуры Беларусі 2014 года”. Усяго 42-х спрыяльнікаў культурнай сферы (адзін адсутнічаў) адзначылі такім чынам. А гэта — прадстаўнікі структур розных форм уласнасці. А між віншаваннямі выступалі акцёры ў сцэнах са спектакля “Местачковае кабарэ”...

Калі ж мерапрыемства ўжо завяршылася, мяне чакалі яшчэ дзве кароткія сустрэчы. Прыняўшы мае віншаванні, Ганна ДЗЯЛЕНДЗІК, памочнік дырэктара прыватнага прадпрыемства “Дарыда”, прызналася:

— Мы з задавальненнем займаемся спонсарствам, па меры магчымасцей аказваючы дапамогу і канкрэтным людзям, і дзіцячым дамам, выдаткоўваючы грошы на спорт. Не пакідаем без увагі і родную культуру. Напрыклад, у мінулым годзе мы былі сярод тых, хто прафінансаваў выстаўку “Марк Шагал і сцэна”, якая прайшла ў Нацыянальным мастацкім музеі. Прычым асабліва не афішуем такую дзейнасць, таму, у пэўным сэнсе, яе можна назваць мецэнацкай. Мы нават просім: “Не называйце “Дарыду” спонсарам вашага мерапрыемства! Рады будзем пачуць простае “Дзякуй!”...

А гендырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір ПРАКАПЦОЎ вырашыў “маю” праблему, агучаную напачатку, лёгка:

— Мецэнацтва або спонсарства? І тое, і тое ідзе на карысць беларускай культуры. Мы робім толькі першыя крокі на гэтым шляху. Хацелася б, каб і дзяржаўныя прадпрыемствы, і прыватныя звярталі ўвагу на сваю культуру не час ад часу, а падтрымлівалі б яе фінансава рэгулярна, не чакаючы, пакуль яна сама да іх звернецца. Наш музей з’яўляецца абліччам Беларусі, і дзяржава пра яго клапоціцца. Але і нам такая дадатковая дапамога неабходная. Што ўжо казаць пра тыя ўстановы культуры, якія знаходзяцца дзе-небудзь у глыбінцы. Вось пра іх не варта забываць, інакш засохнуць карані ўсёй нашай культуры. Зразумела, якімі будуць наступствы...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"
Аўтар: Таццяна МАТУСЕВІЧ
рэдактар інтэрнэт-рэсурса газеты "Культура" kimpress.by