Увогуле ж, няма менш перспектыўных ці больш перспектыўных кірункаў — усё залежыць ад таго, наколькі таленавіта ці, наадварот, нецікава гэта зроблена. Складнікі, здавалася б, адныя і тыя ж: што менавіта пастаноўшчык і артысты хацелі сказаць — і як яны гэта зрабілі. Але варыянтаў іх спалучэння — безліч. І тут ужо ўсё залежыць ад творцы і яго магчымасцей.
Сярод гэтых самых магчымасцей — не толькі ўласна артысты. Якраз з гэтым сёння асаблівых праблем няма: добра падрыхтаваных танцоўшчыкаў, здольных здзейсніць самыя смелыя фантазіі пастаноўшчыка, літаральна з кожным днём становіцца ўсё больш. Ва Украіне такому танцавальнаму буму шмат у чым пасадзейнічала тэлебачанне. Ужо сёмы сезон там праходзіць тэлешоу “Танцуюць усе!”, у якім, дарэчы, сустракаліся і ўдзельнікі з Беларусі. Дзякуючы гэтаму шоу (а яно вельмі хутка набрала папулярнасць, бо і насамрэч зроблена на высокім узроўні) увага да пластычнага мастацтва, прычым ва ўсіх яго праявах, дасягнула апагея. На ўсіх балетах — аншлагі. Ва ўсіх Дамах і Палацах культуры — асаблівы попыт на танцавальныя гурткі: заняткі пластыкай вядуцца літаральна на кожным квадратным метры. Карацей, танец стаўся ледзь не павальным хобі. І гэта не магло не надаць новае дыханне прафесійнаму танцу!
А вось з грашыма — акурат наадварот: іх усё меней ды меней. Так, грашовыя пытанні даўно ўжо надакучылі, слухаць пра іх не надта хто і хоча, але ад гэтага яны не вырашаюцца. І справа не ў тым, што ў мастацтва колькі ні ўкладзі, усё будзе мала. Проста на гэтай сферы, як і на ўсім нашым жыцці, адбіваюцца глабальныя праблемы эканамічных крызісаў, палітычнай нестабільнасці — усё гэта зусім не спрыяе культурнаму росквіту грамадства.
На дзейнасць таго ж тэатра “Кіеў мадэрн-балет” моцна паўплывалі крызіс 2008 года, а пасля і смерць чалавека, які быў галоўным мецэнатам калектыву. Заработная плата артыстаў, якую вылучае муніцыпалітэт, вельмі нізкая, даплаты да яе ажыццяўляем за кошт спонсараў. Але грашовая дапамога, у асноўным, кропкавая. Зараз, да прыкладу, рыхтуем прэм’еру балета “Доўгі калядны абед” на музыку Антоніа Вівальдзі паводле аднайменнай п’есы амерыканскага драматурга Торнтана Уайлдара. Сцэнаграфія і касцюмы — з маёй уласнай кішэні. Бо іначай — прэм’ера папросту не адбудзецца. А пад Новы год так хочацца рабіць падарункі!..