Моладзь: да кантакту (не)гатовы?

№ 52 (1178) 27.12.2014 - 02.01.2014 г

Нядаўна Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў прымаў доктара педагагічных навук, прафесара кафедры бібліятэказнаўства і кнігазнаўства Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Аляксандра МАЗУРЫЦКАГА. Прафесар прапанаваў беларускім слухачам тры аўтарскія лекцыі. Цікавыя ўрыўкі з адной — “Ад працы з чытачом да бібліятэчнага абслугоўвання” — агучваем у рубрыцы “Паралелі”.

— Бібліятэка як асветніцкая ўстанова павінна быць заклапочана не толькі выхаваннем, падрыхтоўкай і выпускам спецыялістаў, але і фарміраваннем грамадзянскай пазіцыі. І, нібыта раптам ухапіўшыся за гэтую думку, мы сталі рэанімаваць шматлікія рэчы. Але трэба разумець, што сёння і моладзь іншая, і ідэі яна ўспрымае інакш.

А наколькі бібліятэка павінна і ці павінна яна ўвогуле быць ангажавана ў тым, што мы называем фарміраваннем пэўных маральных поглядаў і думак? Шмат чаго залежыць ад транслятараў думкі. Падмацоўваючы выказанае прыкладам, хачу прыгадаць чысткі бібліятэк, якія праводзіліся ў першыя гады савецкай улады. З кніжніц адбіраліся так званыя дробнабуржуазная, рэлігійная літаратуры, таму што змяняўся менталітэт і ўстаноўкі грамадства. Неяк мне ў рукі трапіў дакумент 1920-х. Вось цытаты з яго: “З бібліятэкі адбіраюцца ўсе экзэмпляры рамана Талстога “Уваскрэсенне”. Рэзалюцыя: “Уваскрэсенне” — гэта слова папоўскае”. Другі факт уразіў мяне яшчэ больш: “Адабраць з бібліятэк “Капітал” Маркса”. Рэзалюцыя: “Пры сацыялізме капіталу не будзе!” Парадокс? Так, і таму, паўтаруся, вельмі многае залежыць ад транслятараў тых ці іншых канцэпцый. Чаму я завастраю на гісторыі такую ўвагу? Бо ў расійскіх бібліятэках зараз таксама ідзе фарміраванне некаторых унутраных законаў. Мы адыходзім ад пэўнага віду выданняў, напрыклад, ад літаратуры, якая скіравана на распальванне міжнацыянальных канфліктаў. Але тут узнікаюць праблемы, калі непадрыхтаваныя супрацоўнікі пракуратуры пачынаюць узаемадзейнічаць з непадрыхтаванымі супрацоўнікамі бібліятэк…

Іншая неадназначная рэформа ў свеце расійскай кнігі — гэта ўзнікненне ўзроставых катэгорый чытання і адпаведныя абмежаванні: “10 +”, “12 +”, “16 +”. Вельмі складаны момант, бо раней юныя дваране з лёгкасцю чыталі тое, што зараз у нас бяруць у рукі гадоў у 18 — 19. Тут дарэчна глядзець на сітуацыю “чытач-кніга” індывідуальна. Бібліятэка закладвае ў дзіцяці аснову светаразумення і светаадчування. Інтэрнэт, канешне, добрая рэч, але, у адрозненне ад кнігі, ён не выхоўвае, а больш забаўляе, інфармуе.

Усё часцей заўважаю тэндэнцыю, калі сучасная бібліятэка арыентуецца на масавыя мерапрыемствы ў сваіх сценах, усё часцей у кантэксце бібліятэк мы гаворым пра міжасобасныя камунікацыі. Так, існуе работа масавая, але маецца таксама індывідуальная. Вялікую ўвагу, нават акцэнт заўсёды рабілі на першым аспекце. Бо як у нас заведзена: школа — гэта калектыў, ВНУ — таксама. Зараз жа цэніцца індывідуальная работа: яе значэнне пераасэнсавана.

Мае маладыя калегі-практыкі дзеляцца са мной тым, што многія сталыя людзі прыходзяць у бібліятэку не для таго, каб пачытаць, а каб пакантактаваць, пагутарыць. І тут узнікае чарговае пытанне: наколькі студэнты валодаюць тэхнікай міжасобасных камунікацый? Ці належная ўвага надаецца гэтаму аспекту ў адукацыйнай сістэме?

Вельмі вялікія сумневы ўзялі, калі я даведаўся пра такія мерапрыемствы, як “Ноч у музеі”. Але потым змяніў думку, калі дазнаўся: за тую самую ноч толькі ў адным рэгіянальным музеі наведвальнікаў было больш чым паўтары тысячы чалавек. Відаць, такі досвед можа быць карысным і для бібліятэк.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст