Уладзмір Тоўсцік. "Мінск, год 2012. Свята горада".
У экспазіцыі прадстаўлены работы апошніх пяці гадоў. Самому мастаку, паводле ягоных слоў, гэтая выстаўка падаецца больш цэласнай і канцэптуальна выверанай, чым тая, што ён ладзіў на сваё 60-годдзе. Яно, бадай, і сапраўды так. Справа ў тым, што сэнсавым стрыжнем той вялікай экспазіцыі былі разнапланавыя, створаныя ў розныя перыяды творчасці на падставе розных жа эстэтычных уяўленняў палотны, якія прынеслі іх аўтару славу і статус сучаснага класіка. Гэта было ў нейкім сэнсе падсумаванне, спроба азірнуцца назад, перш чым вызначыць, куды крочыць далей. Зараз жа на суд публікі прадстаўлены творы, аб’яднаныя адной тэмай — “Горад” — і адзінай рэжысурай. Уладзімір Тоўсцік — прафесіянал, якому падуладныя форма ды колер і які сёння імкнецца асэнсаваць ды выявіць на палатне такую няўлоўную субстанцыю, як святло. Гаворка ідзе пра пошук новай гармоніі, калі жывапіснасць у кантэксце палатна паўстае не як функцыянальны чыннік, але сэнсавы стрыжань. Для мастака гэта азначае "карэкціроўку" “літаратурных”, апавядальных кодаў у бок падсвядомасці ды асацыятыўнасці. Інакш кажучы, творца, не аддзяляючы сябе ад соцыуму, імкнецца рэалізаваць уласную, ад Бога дадзеную, існасць. "Святло" і "свет" у гэтым кантэксце — сінонімы.
Хтосьці ж пабачыць у новых работах Тоўсціка нешта іншае.
Тэма выстаўкі — “Горад” — вельмі пасуе Дню горада. І горад Тоўсціка — гэта не будынкі ды вуліцы, а метафізічная прастора, у якой праходзіць чалавечае жыццё. Ягоны Горад — горад увогуле. Гэта адначасова Мінск, Рым, Масква, Вільнюс… У ім увасоблены ўсе гарады, у якіх бываў мастак і якія запалі яму ў памяць. Рысы ўніверсальнасці ўласцівыя і людзям, якія гэты Горад насяляюць. Ад некаторых гледачоў на выстаўцы я чуў, што людзі на карцінах Уладзіміра Тоўсціка — нейкія “штучныя”: ёсць у іх нешта ад манекенаў — прыгожых і халодных, нешта — ад тэатральных марыянетак…
Такі погляд таксама мае права на існаванне, але мне падаецца, што ўсё ж такі ўніверсальнасць вобразаў Тоўсціка мае рэальны грунт. Ніводны ягоны герой не выдуманы. Кожную намаляваную ім асобу ён ведае асабіста. Гэтага прынцыпу мастак прытрымліваецца яшчэ з часоў стварэння цыкла “Сямейны альбом”, дзе на прыкладзе гісторыі ўласнай сям’і стварыў жывапісную эпапею Мінска і Беларусі наогул першых пасляваенных дзесяцігоддзяў. Але і ў гэтых, вельмі асабістых, прывязаных да канкрэтнага часу і месца творах ёсць такая ўніверсальнасць, гуманнасць, якая робіць іх зразумелымі не толькі беларусам. Зрэшты, людзям вельмі пасуе станоўчы змест ягоных карцін, імкненне бачыць у жыцці прыгожае і добрае.
Я не вазьму на сябе смеласць каментаваць кожную работу выстаўкі паасобку. Ды, зрэшты, яно і не патрэбна. Карціна, што выйшла за межы майстэрні, трапіла ў выставачную залу, пачынае жыць уласным жыццём. Можа, не зусім тым, якое ёй планаваў аўтар. Адно мне падаецца бясспрэчным: карцінам Уладзіміра Тоўсціка наканавана доўгае жыццё. Бо мастак любіць жыццё і імкнецца сваімі карцінамі зрабіць яго больш гарманічным.
З выстаўкі выходзіш з упэўненасцю, што жыццё працягваецца. І вектар — пазітыўны.