Стаць профі тут, але... не знайсціся там

№ 24 (1150) 14.06.2014 - 20.06.2014 г

У другой палове 1970-х, калі я вучыўся на дызайнера ў Тэатральна-мастацкім інстытуце, само слова “дызайн” не мела афіцыйнага статуса. З гэтай прычыны ў маім дыпломе пазначана спецыяльнасць “Прамысловае мастацтва” і кваліфікацыя “мастак-канструктар”. Рэальнае жыццё, у якое трапляе студэнт, пакінуўшы alma mater, для мастакоў-канструктараў склалася па-рознаму. Але некаторыя з нас сутыкнуліся з тым, што на прадпрыемствах Беларусі, куды мы трапілі па размеркаванні, працы для нас не аказалася. Дакладней, не было працы, якая адпавядала б нашай кваліфікацыі, творчаму імпэту і кар’ерным памкненням. Праз гэта адны, адпрацаваўшы вызначаны тэрмін, змянілі прафесію або — свой статус у рамках прафесіі: падаліся хто на выкладчыцкую працу, хто ў творчасць. Некаторыя з Беларусі з’ехалі. Прычым, далёка. Адзін з маіх аднакурснікаў зараз жыве ў Партугаліі...

/i/content/pi/cult/483/10331/4-28.jpgЯгоная гісторыя вартая таго, каб на ёй спыніцца. Ад пачатку вучобы аднакурснік быў упэўнены, што жыць будзе не ў гэтай краіне, а дзесьці на Захадзе. Справа ў тым, што падлеткам ён правёў некалькі месяцаў у сваякоў у Швецыі, пасля чаго наша рэчаіснасць падалася прыяцелю шэрай, мякка кажучы. Вучыўся ён добра — без надрыву, але і без асаблівага натхнення. Неаднаразова чуў ад яго: “Я проста стаю ў чарзе па дыплом”. Да адмоўных праяў савецкай рэчаіснасці, якія ў студэнцкім асяроддзі былі прадметам гарачых спрэчак, мой аднакурснік ставіўся з іранічным спакоем, нібыта ведаючы, што яго ў перспектыве тое датычыць не будзе. Пры гэтым трэба дадаць, што знаёмы насамрэч таленавіты, здольны на арыгінальныя думкі, меў адметны стыль у малюнку і жывапісе. А яшчэ меў талент на замежныя мовы. Інакш кажучы — “багаж”, з якім можна выпраўляцца ў дарогу.

Першым прыпынкам ягонага шляху ў дзіцячую мару стала Югаславія. Потым ён атрымаў від на жыхарства ў Канадзе. І нарэшце атабарыўся ў Партугаліі: ажаніўся з грамадзянкай гэтай краіны, нарадзілася пасля і дачка. З радзімай, аднак, не парываў, і недзе раз на два гады прыязджае ў Мінск. У такіх выпадках паслухаць ягоныя аповеды пра тамтэйшае жыццё збіраўся наш курс. З расказаў вынікала, што жыццё “там” хоць і больш камфортнае, але — не цукар. Праца, адпаведная дыплому дызайнера, выпадала яму не заўсёды. Казаў: “Пра тое, што набліжаецца эканамічны крызіс, у рэкламным бюро, дзе я працаваў, даведваліся раней за ўсіх. Спачатку па скарачэннях, а потым па адсутнасці заказаў…” Давялося майму аднакурсніку падрабляць грузчыкам у лісабонскім аэрапорце, перакладчыкам у судзе (калі за парушэнні законаў затрымліваліся людзі з постсавецкай прасторы), браць выпадковыя заказы. Нават вучыць дзяцей маляванню даводзілася. А зараз ён па Лісабоне экскурсіі водзіць. Звычайнае эмігранцкае жыццё...

Цікава, аднак, вось што… У ягоныя першыя прыезды адчувалася, што ён прадстаўнік іншага свету — больш уладкаванага, больш утульнага і зручнага. Аднакурснік распавядаў, на якім камп’ютары працуе, якой праграмай карыстаецца, калі робіць той ці іншы праект, як адпачывае на экзатычных выспах і як выглядае заход сонца ў Венецыі.

Але з часам і іншыя мае аднакурснікі прыдбалі не горшыя камп’ютары з такімі ж эфектыўнымі праграмамі, выйшлі на заказы значна больш прэстыжныя, чым тыя, што ён мае ў Партугаліі, дасягнулі поспеху ў выдавецкім бізнесе, сталі выкладчыкамі вышэйшай школы. Да прыкладу, менавіта мае аднакурсніцы рабілі сучасныя знакі-лагатыпы Беларускай чыгункі і кінастудыі “Беларусьфільм”, графічны стыль віцебскага “Славянскага базару” і тамтэйшага ж Шагалаўскага пленэра. Ды і вандроўкі ў далёкае замежжа сталі для грамадзян суверэннай Беларусі звыклай справай. Прыехаўшы ў Мінск сёлета, партугальскі беларус адзначаў, што ў нашых крамах тыя ж тавары, тыя ж сусветныя брэнды, што і ў іншых еўрапейскіх сталіцах. Прычым, уражвае іх шырокі асартымент.

На пачатку 1990-х яму прыходзіла думка вярнуцца. Але, паводле ягонага аповеду, айчына сустрэла дызайнера не надта ветліва. Уладальнік савецкага пашпарта з мінскай прапіскай мусіў атрымаць грамадзянства Рэспублікі Беларусь аўтаматычна. Але абставіны, у тым ліку бюракратычнага плану з боку адпаведных інстанцый, перашкодзілі працэсу…

Мяркую, па-сапраўднаму адаптавацца да іншага свету ён так і не здолеў. Развёўся з жонкай-партугалкай, ажаніўся з расіянкай, што, як і ён, стала жыве ў Партугаліі. Ягоны асяродак там — выхадцы з былога СССР. Сумоўе ж складаецца з успамінаў і абмеркаванняў падзей на колішняй радзіме. Мой прыяцель кажа, што апошнія падзеі на постсавецкай прасторы ўнеслі разлад у рускамоўную супольнасць, якая раней трымалася разам.

Я падрабязна распавядаю пра аднакурсніка, бо мяркую, што ягоны лёс у чымсьці тыповы для эмігранта. Ягонае жыццё нагадвае мне сюжэт фільма Антаніёні “Прафесія: рэпарцёр”, герой якога спрабуе збегчы ад самога сябе, ад сваёй накаванасці… Хто глядзеў той фільм, разумее пра што я кажу. Мне здаецца, што прыяцель калі-небудзь усё ж вернецца на радзіму. І ягоны досвед не аднаго дзесяцігоддзя знаходжання ў іншым свеце будзе карысны для Беларусі. Нядаўна адобраны Саветам Рэспублікі Закон “Аб беларусах замежжа” дае яму і такім, як ён, шанц пазбавіцца адчужанасці, адчуць сябе патрэбнымі на той зямлі, дзе яны нарадзіліся, пры гэтым застаючыся і грамадзянамі іх цяперашняй краіны пражывання.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"