Рассячы "гордзіеў вузел"

№ 21 (1147) 24.05.2014 - 30.05.2014 г

16 мая Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі прэзентаваў свае разнапланавыя напрацоўкі ў галіне гуманітарных даследаванняў, увасобленыя ў шматлікіх выданнях. На “круглым стале” гутарка вялася і пра новыя праекты — прыкладам, 15-томны тлумачальны слоўнік беларускай мовы, а таксама, вядома, і пра сацыяльны эфект дзейнасці ўстановы. Як вынікае з многіх агучаных дакладаў, яго можна істотна павялічыць, удасканаліўшы тыя повязі, што знітоўваюць “навуковы падмурак” і паўсядзённую практыку.

Як адзначыў у сваёй прамове старшыня Прэзідыуму НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Гусакоў, Цэнтр паспяхова выконвае сваю асноўную задачу — паўнавартаснае навуковае суправаджэнне культурнага працэсу ў нашай краіне, а садзіночаныя пад дахам гэтай установы творчыя сілы здатныя не толькі адлюстроўваць, але і прадвызначаць пэўныя з’явы. Прыкладам, менавіта распрацоўкі навукоўцаў стварылі належны тэарэтычны грунт для аднаўлення вытворчасці Слуцкіх паясоў.

Акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя перакананы, што практычнае ўвасабленне займеюць і даследаванні культуры сацыяльнай эліты Беларусі — гэта грунтоўны дапаможны матэрыял для арганізатараў розных баляў ды іншых “рэтра-імпрэз”, мода на якія не праходзіць ужо не адзін год. Неаднаразова гучала і тэма навуковага забеспячэння турызму на Беларусі.

І характар такога ўзаемадзеяння можа быць самым разнастайным. Дырэктар Цэнтра Аляксандр Лакотка звярнуў увагу на брак якаснай пазнаваўчай літаратуры для дзятвы, якая знаёміла б яе з беларускай гісторыяй і культурай. На думку прамоўцы, праблему можна вырашыць толькі сумеснымі намаганнямі самых розных структур — ад Акадэміі навук да выдавецтваў. У той самы час, намеснік дырэктара Інстытута мовы, літаратуры, які ўваходзіць у структуру Цэнтра, Сяргей Гаранін звярнуў увагу на тое, што юрыдычная методыка такога супрацоўніцтва пакуль належным чынам не распрацавана.

Акадэмік Уладзімір Гніламёдаў падзяліўся ідэяй яшчэ аднаго папулярызатарскага праекта — сціслай гісторыі беларускай літаратуры, прызначанай адмыслова для замежнага чытача. Яшчэ адзін вядомы літаратуразнаўца, член-карэспандэнт Сцяпан Лаўшук агучыў канкрэнтыную праблему: выданні Цэнтра маюць надта вялікую рознічную цану і, адпаведна, мізэрныя наклады. Паказчыкі, як вядома, узаемазвязаныя: чым большы наклад, тым меншая цана. Атрымліваецца “гордзіеў вузел”...

Зрэшты, калі для простага аматара і сапраўды цяжкавата адшкадаваць на кнігу пару соцень тысяч рублёў, дык у маштабе ўстаноў — бібліятэк, ВНУ, школ — такая сума ўжо не падаецца касмічнай. У той самы час, як адзначыла доктар філалагічных навук Валянціна Русак, згаданыя ўстановы не спяшаюцца закупляць тыя слоўнікі, што распрацоўваюць у Цэнтры, аператыўна ўлічваючы ўсе інавацыі.

Натуральна, у наш час ужо немагчыма абмяжоўвацца толькі папяровымі носьбітамі. Пад час “круглага стала” прагучала інфармацыя пра тое, што электроннымі напрацоўкамі Цэнтра зацікавілася адна буйная кампанія, якая выпускае лінгвістычнае праграмнае забеспячэнне. Гутарка вялася таксама і пра стварэнне Нацыянальнага корпуса беларускай мовы — універсальнай інфармацыйна-даведачнай сістэмы, якая змяшчае ў адной “абалонцы” вялізны масіў тэкстаў.

Рэалізацыя гэтага маштабнага праекта, які будзе запатрабаваны не толькі даследчыкамі ў галіне лінгвістыкі, але і не раўнуючы кожным карыстальнікам мовы, стане вялікай культурнай падзеяй для ўсёй краіны. Як і ўвасабленне яшчэ адной праанансаванай пад час “круглага стала” маштабнай інатвацыйнай задумы — электроннага атласа культурных набыткаў з выкарыстаннем 3D-мадэлявання. Мяркуецца, што для ўвасаблення гэтага праекта будуць ушчыльную прыцягнуты спецыялісты Аб’яднанага інстытута інфарматыкі. І сапраўды, існаванне Цэнтра ў структуры Нацыянальнай акадэміі навук дазваляе каардынаваць высілкі прадстаўнікоў розных галін.

Kultura logo-L.psd