Гэтым разам успаміны такія… Адна з маіх прафесій — тэхнік-тэхнолаг лесанарыхтовак. Вучыўся ў Гомельскім політэхнічным тэхнікуме, а пераддыпломную практыку праходзіў у пасёлку Ярга Архангельскай вобласці, недзе кіламетраў за дваццаць ад Котласа. Трапіў сюды не пад прымусам, а па ўласным жаданні. Можна было адпрацаваць колькі месяцаў у любым беларускім леспрамгасе. Але ўсё гэта я ўжо бачыў. Таму і пацягнула да Паўночнай Дзвіны.
Была яна па той восені паўнаводнай, свінцовай, пахмурнай. Такой і запомнілася. Нейкі няголены дзядзька ў чорнай ватоўцы распавёў мне на прыстані, што Котлас — перасылачны этап для многіх раскулачаных і ворагаў народа. І гналі іх аж да краю зямлі, і было сярод іх шмат беларусаў. “Ох і добрыя ж людзі!” Многія з тых, хто выжыў, засталіся пасля рэабілітацыі жыць абапал знакамітай чыгункі “Варкута — Ленінград”. Зразумеў тады, што беларушчына не абмяжоўваецца геаграфічна і нашых па ўсім свеце — процьма…
Дык вось… Толькі прыжыўся ў той Ярзе, толькі першы тыдзень адпрацаваў, як у мясцовы клуб прывезлі мастацкую стужку “Дзікае паляванне караля Стаха”. Натуральна, пайшоў на прэм’еру і я. Зала, дарэчы, паўнюткая была. Фільм прагледзелі ў нейкай дзіўнай цішы. (Да слова, карціна Рубінчыка не надта мяне ўразіла, хоць і ёсць у ёй пэўны беларускі настрой.) А калі пайшлі цітры, маладзенькая бібліятэкарка (з ёй пазнаёміўся, безумоўна, у першую чаргу), нечакана абвясціла: “У зале прысутнічае беларус! Давайце ў яго асобе павітаем непераўзыдзенае беларускае мастацтва!” Зала дружна ўзнялася і заапладзіравала. А пачуццё, што раптам і ўпершыню апанавала мяне тады, я адчуваю па сёння. І гэта — гонар за нацыю.
Карацей, заснуў я тады беларусам і прачнуўся менавіта ім. Бо зранку ў маё часовае жытло набілася мясцовая моладзь, уручыла мне разладжаную гітару і запатрабавала выканаць ці не ўвесь рэпертуар “Песняроў”. Як мог выканаў. І да канца практыкі лічыўся ў пасёлку гэткім місіянерам, прапагандыстам і папулярызатарам літаральна ўсяго, звязанага з маёй Бацькаўшчынай.
Дзіўная рэч: прыехаў пад Архангельск з “Jesus Christ Superstar” у галаве і Кліфардам Саймакам пад пахай, а з’ехаў у родную Ветку з цвёрдым разуменнем, што сваё, беларускае, нацыянальнае — не горшае. Лепш і не скажаш: “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць!”. У дзевятнаццаць гадоў я не ведаў, што такое брэнды. Але Караткевіч і “Песняры” і па сёння застаюцца для мяне грунтоўнымі самадастатковымі асновамі беларушчыны, якая сапраўды не мае межаў. Добра памятаю і тое, як мая старэйшая сястра напрыканцы 70-х дапамагала малдоўскім сябрам адшукваць і набываць звышдэфіцытныя песняроўскія кружэлкі і не менш рэдкія для ахвотнага чытача з іншых рэспублік "нёман"аўскія пераклады Караткевіча...
Вось яны пад рукой — і “Песняры”, і Караткевіч. У любы момант можна паслухаць і пачытаць. Шкада, што іхнія зборы — поўныя ўжо. Але ў кожнага пакалення — свае прарокі з Айчыны. Ды не мне пра іх казаць. Галоўнае, што хтосьці на беларускіх абсягах раз-пораз прачынаецца беларусам. І няхай будзе так.
ФОта Юрыя ІВАНОВА