"Дажыць" не да адной прэм'еры

№ 22 (1096) 29.05.2013 - 29.05.2013 г

Правілы тэатральнай гульні Мікалая Рудкоўскага

Новы праект “Сезон беларускай драматургіі” ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага, праект “Пяць вечароў” у Цэнтры эксперыментальнай рэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў… Ужо толькі гэтыя дзве ініцыятывы, што ладзяцца зараз, мусяць прыцягнуць увагу да тэатральнай прасторы. А калі больш дакладна — да сучаснай беларускай драматургіі і беларускай “новай драмы”, феномен якой прызнаны нашымі суседзямі, але чамусьці з пэўным сумневам успрымаецца да гэтай пары намі самімі. Магчыма, таму, што, нягледзячы на значны тэрмін яе існавання, мы так і не здолелі як след з ёй пазнаёміцца?

У якой сістэме каардынат знаходзіцца сёння сучасная беларуская драматургія? “К” звярнулася з такім пытаннем да драматурга, прадстаўніка беларускай “новай драмы” Мікалая РУДКОЎСКАГА. Сёння яго п’есы ставяць у Расіі, Польшчы, Латвіі, Італіі, ЗША і, канешне ж, — у Беларусі. Ягоны твор “Дажыць да прэм’еры” можна ўбачыць у рэжысуры Паўла Харланчука-Южакова ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Мастацкі кіраўнік Горкаўскага тэатра Сяргей Кавальчык замовіў яму інсцэніроўку рамана Ф.Дастаеўскага “Бесы”, якую, дарэчы, мы і ўбачым у рамках таго самага “Сезона беларускай драматургіі”… Гэта — сёння. Аднак калісьці, не так і даўно, для таго, каб яго драматургічныя творы былі заўважаны, Мікалай быў вымушаны сам паставіць уласную п’есу на сцэне аднаго з тэатраў…

/i/content/pi/cult/429/8857/6-1.jpeg

“Каб не ажыятаж з боку Расіі…”

— Мікалай, сёння вашы творы ў Беларусі становяцца ўсё больш і больш запатрабаванымі. На мінулым тыдні я мела магчымасць паглядзець “Дажыць да прэм’еры” ў РТБД. Ведаю, што наперадзе — спектакль па новай п’есе “Радзіцельніца” ў “Карняг-тэатры”, тая ж прэм’ера — у рамках “Сезона…” у Горкаўскім… Ці пачуваеце вы сёння сябе рэалізаваным драматургам? Ці можна сказаць, абапіраючыся на ваш прыклад, што стаўленне да сучаснай беларускай драматургіі ў нас змянілася?

— З аднаго боку, сказаць, што я не рэалізаваўся, — гэта глупства. Калі мае творы ставяць у Расіі і Еўропе, ідуць публікацыі — немагчыма не адзначыць пэўных зрухаў. З іншага ж, мне падаецца, што, каб не было такой цікавасці да беларускай драматургіі з боку нашых суседзяў — у прыватнасці, той жа Расіі, — у нас нічога не змянілася б. На жаль, у Беларусі ўсё адбываецца вельмі марудна. Часам нават узнікае адчуванне, што сучасныя беларускія драматургі для айчыннага тэатра — гэта вялікі галаўны боль і праблема. З імі трэба нешта рабіць: публікаваць, ставіць, плаціць аўтарскія… Зразумела, лягчэй і прасцей паставіць класікаў: яны нічога не патрабуюць. Магчыма, я кажу занадта жорстка, але, лічу, каб не гэткі ажыятаж з боку Расіі, то ў нас нічога не атрымалася б.

— Ведаю, што па п’есе “Дажыць да прэм’еры” зараз ідзе спектакль і ў Томскім абласным тэатры драмы…

— Так. І цікава, што для Томска я зрабіў другую рэдакцыю п’есы, адаптаваную акурат для расійскага гледача: першы варыянт у Расіі, уявіце, не “прыжыўся”. “Мы не разумеем матывіроўку ўчынкаў герояў, — сказаў мне расійскі прадзюсар. — Ваша п’еса — “занадта” беларуская”. Давялося перапісваць. Так я пераканаўся ў наступным: хоць мы і рускамоўнае пакаленне ХХІ стагоддзя, усё ж — беларусы. Аказваецца, не мова фарміруе свядомасць і культуру (ці не толькі яна), а — месца жыхарства.

— Якая рэдакцыя вам бліжэй?

— Вядома, арыгінальная. Яна пісалася акурат для Беларусі, і для мяне важна, каб гэты варыянт быў пастаўлены тут, каб яго ўбачылі і прынялі. Лічу, што на прыкладзе пастаноўкі ў РТБД гэта ўдалося…

 

“Другі акт усё расставіў на свае месцы”

— Мікалай, у “Дажыць да прэм’еры” вы вельмі глыбока і дакладна параўноўваеце паўсядзённасць Вялікай Айчыннай вайны і дзён сённяшніх. Гэты твор, мне падаецца, не павінен выклікаць неразуменняў у публікі. Аднак у вас ёсць і больш “вострыя” п’есы, што прыцягваюць увагу да праблем сучаснага грамадства: кажу, у прыватнасці, пра “Бога казытання”, дзе ўзнімаюцца тэмы міграцыі, СНІДу, сексуальных меншасцей… Ці гатовы, на вашу думку, сучасны беларускі глядач успрымаць падобны матэрыял?

— Мне падаецца, што так. Калі рэжысёр Кацярына Аверкава рабіла чытку “Бога казытання” ў Магілёўскім абласным драмтэатры, рэакцыя гледачоў была цудоўная! Кацярына наўмысна пад час сустрэчы зрабіла антракт, каб тыя, каму не спадабаўся, як вы кажаце, матэрыял, маглі сысці. Але ўсе засталіся. Хоць потым гледачы і прызналіся, што пасля першага акта былі ў шоку: ад тэм, якія ўзнімаюцца ў п’есе, ад смеласці, ад таго, як гэта пададзена. Аднак другі акт усё расставіў на свае месцы: гледачы прынялі герояў, зразумелі іх і суперажывалі ім.

Не ўсё было гладка і з “Дажыць да прэм’еры”: ведаю, што пэўныя гледачы таксама выказвалі здзіўленне пасля першага акта, аднак, зноў-такі, другі расставіў усе кропкі над “і”.

— Вось бачыце…

— Так, у пэўным сэнсе, вы маеце рацыю. Наша культура, ці, лепш сказаць, антыкультура, якая была “прывіта” нам за апошнія дзесяцігоддзі, значна “прыбіла” нашу свядомасць. Тэатры распесцілі гледача тым, што рэдка ставілі праблемныя спектаклі. Часцей рабіліся пастаноўкі “папрасцей”: трошкі пасмяяцца, трошкі паплакаць, расслабіцца і — сысці. Таму мы сёння і назіраем такую карціну: публіка не хоча думаць у тэатры — яна аддае перавагу таму, што — на “паверхні” п’есы ці пастаноўкі. Больш за тое: яна “выштурхоўвае” праблемныя спектаклі на малую сцэну — у своеасаблівае гета, маўляў, вось там і стаўце сваю “новую драму”. Аднак хачу нагадаць, што тэатр — не толькі “пляцоўка” для забаў, атракцыёнаў, прагляду класікі, гэта месца і для размовы пра сучаснасць, для пастаноўкі актуальных праблем. Добра, што ў нас ёсць пэўныя культурныя “кропкі”, дзе гэта разумеюць, аднак хацелася б, каб пазіцыя большасці ў дачыненні да сучаснай беларускай драматургіі змянілася…

 

“Адбываецца “тут і зараз”

— Вашу драматургію, у першую чаргу, называюць больш “пачуццёвай”, чым правакацыйнай. Я, у прыватнасці, згодна з такім азначэннем. Цікава, хто для вас з’яўляецца аўтарытэтам у драматургіі? З чыіх твораў вырасла ваша адметнасць стылю?

— Я заўжды згадваю двух аўтараў: Чэхава і Уільямса. Антон Паўлавіч Чэхаў мне блізкі яшчэ са студэнцкіх гадоў: у дыпломнай рабоце ў БДУКіМ я іграў Гаева ў “Вішнёвым садзе”. Майстэрства Чэхава ў выбудоўванні псіхалогіі зносін — гэта для мяне вяршыня ў адпаведнай драматургіі. Уільямс цудоўны, на маю думку, сваёй смеласцю, адкрытасцю, тым, як яго героі гавораць пра свае “болевыя” кропкі.

— Вам не падаецца, што, увогуле, драматургія сёння — з яе трапнасцю і метафарычнасцю — з’яўляецца найбольш прыдатным сродкам, відам мастацтва, здольным гаварыць пра актуальны час?

 — Менавіта так. Бо яна можа хутка рэагаваць на тое, што адбываецца “тут і зараз”. Каб нашы тэатры былі больш разваротлівыя, людзі тады маглі б часцей бачыць сучаснае жыццё на сцэне. Увогуле, у нас, магчыма, усталяваўся б іншы рытм пастановак. А так — актуальная драматургія вымушана шукаць месца ў шчыльным раскладзе рэпертуарнага тэатра. Але ж мы з вамі ведаем, што ён складаецца загадзя і рэдка прадугледжвае змены. У выніку — цяперашняе часта становіцца мінулым…

 

“Зведваць культуралагічны шок — і вяртацца”

— Якія вашы п’есы сёння знаходзяцца ў працы?

— Мінулы год быў для мяне вельмі прадуктыўным. Пра “Радзіцельніцу” і “Бесов” я ўжо казаў. У выніку стажыроўкі ў Польшчы нарадзілася п’еса “Вялікае перасяленне вырадкаў”, якую прэзентуюць бліжэйшымі днямі ў Беластоцкім тэатры. Да яе, што радуе, ёсць цікавасць з боку яшчэ аднаго польскага тэатра, расійскага тэатра і Аляксандра Гарцуева, які плануе паставіць спектакль напрыканцы гэтага года… Зараз жа я “ўзяў паўзу”. Аднак, натуральна, ад новага заказу не адмоўлюся.

— Неблагі вынік. На вашым прыкладзе можна сказаць, што вы сапраўды дачакаліся, “дажылі” не толькі да адной прэм’еры. Пра што, цікава, ваша апошняя п’еса — “Вялікае перасяленне вырадкаў”?

— У ёй я даследую праблему міграцыі. Яна — пра беларусаў, якія з’язджаюць у Польшчу, пра палякаў, што едуць працаваць у Брытанію, пра ірландцаў, якія рушаць у Канаду па лепшае жыццё… Гэтыя змены я і хацеў зафіксаваць у творы.

— Мікалай, лічыцца, што тыя ж “Бесы” — гэта літаратура, якая патрабуе пэўнага душэўнага і жыццёвага досведу для яе разумення…

— Калі Сяргей Кавальчык убачыў, што я гэта магу, значыць, лічыць мяне, напэўна, “дарослым” драматургам. Насамрэч, не думаў, што буду працаваць над падобным творам. Але калі перачытваў раман, убачыў рашэнне, якое мог бы прапанаваць для Рускага тэатра: гэта — перанос дзеі ў нашы дні, у Беларусь. Так інсцэніроўка атрымала назву “Бесы. Постскриптум”.

— Дух Дастаеўскага там застанецца?

— Вядома. Але ж мне было важна стварыць канцэптуальную п’есу. Не звычайную ілюстрацыю, а — вылучыць з вядомага твора тое, што сугучна нашаму сучасніку. Напрыклад, каб падкрэсліць, што дзея адбываецца ў ХХІ стагоддзі, я настойваў на шэрагу тэхнічных патрабаванняў. Для іх выканання Рускі тэатр нават падаў грант на закупку новай апаратуры, святла. Грант, наколькі ведаю, сёння атрыманы, таму ў верасні, спадзяюся, рэпетыцыі распачнуцца з новым імпэтам.

— І якімі, цікава, былі вашы тэхнічныя патрабаванні?

— Неабходны экран і відэа. Мне вельмі важна, каб героі п’есы гутарылі ў сацыяльных сетках, скарыстоўваліся камера, відэа, тэлебачанне, бо ў нашы дні “бесы”, скажам так, добра кіруюць гэтымі сродкамі. Аднак радыкальных змен у сюжэце я не рабіў.

— Мікалай, ведаю, вы — вялікі прыхільнік падарожжаў: даводзілася бачыць мноства фатаграфій з розных куткоў планеты на вашай старонцы ў сацыяльных сетках…

— Я, увогуле, жартую, што ў мяне здараюцца прыступы драмаманіі і адрэналінаманіі. Лічу, каб не баяцца руціны, трэба заўсёды нешта змяняць у сваім жыцці ды кудысьці ездзіць. Атрымліваць у падарожжы пэўную дозу адрэналіну, зведваць культуралагічны шок і — вяртацца. У маім выпадку здараецца менавіта так: я ўсё ж такі вяртаюся…

— Ведаю, што вы, з улікам вялікага вандроўнага “стажу”, з’яўляецеся і знаўцам славутасцей?

— Так, пад час вандровак я імкнуся наведваць замкі, сядзібы, помнікі архітэктуры — гэта лічу нармальным для культурнага чалавека. Прынамсі, магу зазначыць, што ў шматлікіх замках Францыі, Даніі з’явіліся гасцінічныя нумары, ліфты, бары, як у нашых Міры ды Нясвіжы. І ў гэтым сэнсе змены ў нашых комплексах мяне не здзіўляюць. Іншая справа — узровень рэстаўрацыі ў тым жа Міры… Калі ёсць аўтэнтычныя муры — навошта там навадзел?

— Ці не збіраецеся вы пра гэта напісаць п’есу?

— Заўсёды кажу, што для працы мне патрэбен заказчык. Калі ён з’явіцца, усё можа быць…

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"