Форум бібліятэкараў Беларусі: прыехаць не дзеля адчапнога…

№ 22 (1096) 29.05.2013 - 29.05.2013 г

Паказчык як у 45-м, нізкая абарачальнасць фондаў, аптымізацыя… Чаму ж рэгіёны — з “пераможнымі рэляцыямі”?

З дзяцінства запомнілася: у рамане Стругацкіх “Кульгавы лёс” распавядаецца пра новае пакаленне чалавецтва, якое хварэе і гіне, калі не атрымлівае кніг, і старое пакаленне, што не прымае прагрэсу, вельмі ўмела карыстаецца такой сітуацыяй з моладдзю. Згадка са Стругацкіх — толькі для таго, каб больш не збівацца на банальнае кшталту: той, хто не чытае, варты, мякка кажучы, жалю, бо не ўмее думаць, не бачыць перспектывы, не ўсведамляе свайго “Я”... Дасведчанага чытача стварае сумленны бібліятэкар. Не скідваю з рахункаў значэнне сям’і і школы. І ўвогуле схіляюся да таго, што чытацкі густ у дзіцяці фарміруецца менавіта сярод паліц хатняй бібліятэкі і менавіта пад бацькоўскім “кніжным” наглядам. Калі гэтага не адбываецца, спадзеў — толькі на прафесійнага бібліятэкара: ён — навігатар у кніжным моры, у тым ліку — камп’ютарным, не толькі дарадца, але і псіхолаг. Ці можа пяцікласнік цікавіцца англасаксонскім постмадэрнізмам? Чаму пенсіянер захапляецца псеўдазамежнымі жаночымі раманамі? Гэтыя пытанні вывелі з раўнавагі не адно пакаленне бібліятэчных работнікаў.

/i/content/pi/cult/429/8855/10-1.jpeg

Можна прачытаць тысячы кніг, але не знайсці галоўную — тую, якая знітуе яву з уяўнасцю, расставіць усе кропкі над “і” ды навучыць думаць самастойна, крытычна і без сляпой веры ў нейкія дагматы. І гэтую адзіную кнігу павінен прапанаваць бібліятэкар. Толькі тады будзе ўпэўнена расці колькасць грамадзян з арыентацыяй: “чытач”. Працэс яго станаўлення — нібы клопат настаўніка ці ўрача: любая памылка каштуе невымерна дорага. Дык вось, дасягненняў тут шмат, але ж недаглядаў — хапае...

Прыкладна пра гэта і ішла гаворка на ІІІ Форуме бібліятэкараў Беларусі, што прайшоў 23 — 25 мая. Міністэрства культуры краіны, Беларуская бібліятэчная асацыяцыя, Нацыянальная бібліятэка Беларусі пастараліся зрабіць мерапрыемства нефармальным, далі шанц выказацца бібліятэчным спецыялістам ці не з усіх рэгіёнаў краіны не дзеля адчапнога, а з канкрэтнай мэтай паляпшэння якасці бібліятэчнай справы.


Медыйны — значыць сучасны

Форум меў канкрэтна акрэсленую тэму: “Гуманітарна-асветніцкая дзейнасць бібліятэк у канктэксце агульначалавечых каштоўнасцей і беларускай дзяржаўнасці”. Напярэдадні падзеі давялося пагутарыць з некалькімі бібліятэкарамі. Дырэктар Магілёўскай абласной бібліятэкі Ілона Сарокіна падзялілася ўласным крэатывам: створаны новыя экспазіцыі бібліятэчнага музейнага пакоя — яны прысвечаны пачатку вызвалення вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І “фішка” ў тым, што экспанаты сабралі з уласных сямейных архіваў супрацоўнікі ўстановы. Гэта дакументы, узнагароды, фотаздымкі, рэчы сваякоў, якія пралілі кроў у змаганні за Радзіму… Экспазіцыі карыстаюцца зараз павышаным попытам. Скажыце, ці ж не так наладжваецца даверлівы дыялог паміж бібліятэкарам і чытачом?

“К” неаднаразова пісала пра тое, што на Магілёўшчыне ўсе бібліятэкі камп’ютарызаваны. Але ці ўсе спецыялісты напоўніцу выкарыстоўваюць электронную інфармацыйную базу? Журналісты “К” часта былі сведкамі таго, што там-сям работнікі здольныя толькі ўключыць ды выключыць той камп’ютар. Па словах Ілоны Сарокінай, такая сітуацыя ў вобласці ўжо выпраўлена. У 203-х аграгарадках усе “кніжнікі” павысілі сваю “камп’ютарную” кваліфікацыю на бясплатных курсах. Літаральна днямі калегі Ілоны Сарокінай наведалі Слаўгарадскі і Клічаўскі раёны. Метадычныя праверка паказала, што новыя версіі бібліятэчных праграм нават на сяле ўкараняюцца як мае быць.

/i/content/pi/cult/429/8855/10-5.jpeg

/i/content/pi/cult/429/8855/10-4.jpeg


На слайдах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі былі
паказаны канкрэтныя інтэрнэт-пагрозы бібліятэчнай сістэме.
І не толькі беларускай.

Бібліёграф Полацкай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Францыска Скарыны Галіна Нэліна таксама абедзвюма рукамі за тэхнічны прагрэс, у прыватнасці — за вэб-тэхналогіі. Установа вучыць пенсіянераў карыстацца сацыяльнымі сеткамі. Трэнінгі гэтыя выклікаюць у горадзе ажыятаж: нікому не хочацца адставаць ад жыцця. Далей пачынае дзейнічаць праграма “Чалавек медыйны”. Чытачы адточваюць сваё ўменне вышукваць у інтэрнэт-прасторы ідэі, сяброў, пазітыўны настрой. Хто пра такую “вольнасць” мог падумаць яшчэ гадоў некалькі таму? Галіна Нэліна з паплечнікамі не думала — яна сітуацыю прагназавала. Ці ж можа інакш установа, якая валодае інфармацыяй? Практыка паказвае, што — можа. І хтосьці з апанентаў абавязкова запярэчыць: якія могуць быць камп’ютарныя “выкрунтасы” на сяле? Там жа ў бібліятэках адны пенсіянеры працуюць! Контраргумент наступны: калі і так, дык чым тыя пенсіянеры горшыя за “прасунутых” полацкіх? Між тым, сучасная бібліятэка на дзве трэція сышла ў віртуальны асяродак. І бібліятэкар, што баіцца Інтэрнэту, — не бібліятэкар, а “вартаўнік” кніжных паліц....

Вось такая запеўка да асноўнай гаворкі.

 

Вяртаемся да хат-чытальняў?

А праблемныя акцэнты гаворкі расставіў на пленарным пасяджэнні форуму дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі. Паспяховасць развіцця бібліятэчнай справы прынята вымяраць колькаснымі паказчыкамі: развіццё сеткі, аб’ёмы фонду, абслугоўванне чытачоў... І паказчыкі гэтыя пастаянна павялічваліся. Але апошнім часам намецілася зваротная тэндэнцыя. Прычына — аптымізацыя. І мы яшчэ да яе вернемся.

Раман Матульскі зрабіў цікавы аналіз структуры дынамікі развіцця бібліятэчнай сеткі. Калісьці ядро яе складалі бібліятэкі пры хатах-чытальнях. Апошнія, заўважыў выступоўца, — не сінонім бібліятэк. Хата-чытальня — комплексная ўстанова, што ўзнікла пад час станаўлення савецкай улады, з некалькімі падраздзяленнямі, у тым ліку — і з чытальняй. У 1970-х яны адышлі ў нябыт як неэфектыўныя... А выснова дырэктара НББ наступная: сённяшнія інавацыі (аб’яднанне бібліятэк, музеяў і клубаў у комплекс інтэграваных структур) і не інавацыі зусім, а — вяртанне да колішніх тэхналогій. Дык ці ёсць у гэтым патрэба? Штучна ўтвораная сістэма, падкрэсліў Раман Матульскі, пры паслабленні адміністратыўнага механізма адмірае.

/i/content/pi/cult/429/8855/10-2.jpeg

А сумарная колькасць публічных і школьных бібліятэк, заўважыў выступоўца, у нас у два разы большая, чым, скажам, у Германіі. Якая ж эканоміка гэта вытрымае? Але з эксперыментам па аб’яднанні згаданых устаноў на месцах марудзяць. Дык у чым жа задача прафесійнай бібліятэчнай супольнасці? У мінімізацыі адмоўных наступстваў названых працэсаў, — адказвае Раман Матульскі...

Неаспрэчна адно: аптымізацыя аптымізацыяй, а за чытача, у тым ліку віртуальнага, трэба змагацца. І перспектыўнае мысленне пры гэтым — зусім не апошняя прафесійная якасць, бо паслязаўтра, напэўна, і электронная кніга састарэе. Але ці паспеюць яе пабачыць на сяле?

 

“Залатая сярэдзіна” паміж эканомікай і “сацыялкай”

Ёсць такі паказчык — колькасць жыхароў на адну публічную бібліятэку. У сярэднім па краіне ён дасягнуў 2 655 чалавек. Нават у пасляваенным годзе названы паказчык быў у Беларусі лепшым. Трывожная статыстыка — з выступлення загадчыка навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства НББ Марыны Пшыбытка. Прычына, як яна лічыць, у тым, што мясцовыя ўлады пэўных рэгіёнаў перадалі аб’яднаныя сельскія бібліятэкі ў падпарадкаванне ўпраўленняў адукацыі, а гэта пярэчыць рэкамендацыям, зацверджаным міністэрствамі культуры і адукацыі. Дарэчы, пра станоўчы вопыт стварэння інтэграваных устаноў у Дзяржынскім раёне вельмі пераканаўча давядзе наступнымі днямі дырэктар тамтэйшай Цэнтральнай раённай бібліятэкі Валянціна Клімовіч...

Так, мы шукаем эканамічны эфект, але забываемся часам на эфект сацыяльны, які неўзабаве можа пераўтварыць “званне” чытача ў элітарнае і практычна недасягальнае для шараговага вясковага жыхара. Для таго, каб знайсці “залатую сярэдзіну”, Нацыянальная бібліятэка Беларусі праводзіць сёлета рэспубліканскае сацыялагічнае даследаванне “Эфектыўнасць дзейнасці аб’яднаных школьных і публічных сельскіх бібліятэк”. Ці дапаможа яно справе, пакажа час...

Памятаеце камп’ютарныя дасягненні Магілёўшчыны? А якая сітуацыя па краіне? Камп’ютарызавана 58 працэнтаў публічных устаноў. Сельскія ўстановы ўзброены названай тэхнікай толькі напалову. Гэта, натуральна, аграгарадоцкія бібліятэкі. Усё, быццам, нармальна. Аднак, зыходзячы з міжнародных нарматываў, на тысячу жыхароў у публічных установах павінна быць не менш за адно камп’ютарызаванае рабочае месца. У нашых бібліятэках на тысячу вяскоўцаў прыпадае... не больш за палову ПК.

 

Праблемы, праблемы,праблемы...

Фонды публічных бібліятэк, напоўненыя састарэлымі па змесце, зношанымі ўшчэнт выданнямі, не запатрабаваны. Доказ — нізкая абарачальнасць гэтых выданняў, што цягам 22 гадоў практычна не змянілася (!) і па-ранейшаму ў пяць разоў адстае ад міжнародных нарматываў, бо цягам года адзін дакумент выдаецца не больш як адзін раз. Абнаўляльнасць фондаў, па словах Марыны Пшыбытка, адстае ад названых нарматываў у два з паловай разы. Поўнае абнаўленне літаратуры адбываецца толькі раз на 25 гадоў. Летась, праўда, намецілася станоўчая тэндэнцыя фондавай абнаўляльнасці. Аднак да шэрагу арганізацыйных праблем у справе камплектавання дадалася яшчэ адна — дзяржаўныя закупкі. І пакуль бібліятэкі бездапаможна цялёпкаліся ў павуцінні нарматворчых інавацый ды прыстасоўваліся да новай сітуацыі, амаль паўгода прайшло. Таму, упэўнена супрацоўнік НББ, станоўчай дынамікі новых паступленняў у фонды чакаць не даводзіцца...

/i/content/pi/cult/429/8855/10-3.jpeg

На канец мінулага года колькасць электронных дакументаў не перавысіла 0,1 працэнта сукупнага фонду публічных беларускіх бібліятэк. Прычым гэты працэнт характэрны для кожнай з абласцей краіны. Больш за тое: пераважная колькасць набываемых інфармацыйных прадуктаў — базы даных замежных вытворцаў. Інакш кажучы, улік электронных інфармацыйных рэсурсаў цяпер ніяк не рэгламентаваны. Адпаведныя нормы адсутнічаюць і ў Інструкцыі па ўліку і захаванасці бібліятэчных фондаў.

І гэта яшчэ не ўсё. Марына Пшыбытка паведаміла, што ў памяшканнях, якія патрабуюць неадкладнага рамонту, працуе два працэнты айчынных бібліятэк. Практычна ў кожнай чацвёртай адсутнічае тэлефонная сувязь. У трынаццаці ўстановах няма ацяплення. Ды плюс — пастаянны недахоп прафесійных кадраў, недаравальна нізкая бібліятэчная зарплата. Пры такім раскладзе любы “кваліфікаваны” чытач за пояс заткне ці не любога сельскага бібліятэкара ў “кніжна-камп’ютарным арыентаванні”.

 

Мы тое, што мы чытаем

Калі НББ цікавіць найперш удасканаленне пошукавай сістэмы для віртуальнага чытача, дык што ж турбуе рэгіянальнага бібліятэкара? Падавалася б, далёка не толькі тое, што вясковец можа аддаць перавагу ўсюдыіснаму “Гуглу”, а не цішы “незаселенай” сельскай чытальні. Давайце ж адсочым, якія ж пытанні абмяркоўвала гэтымі днямі бібліятэчная супольнасць краіны пад час работы секцый форуму.

Загадчык Ваўкавыскай раённай дзіцячай бібліятэкі Маргарыта Нікіфарава, да прыкладу, зазначыла, што бібліятэкары знайшлі “залатую сярэдзіну”, якая дазволіла сумясціць традыцыйную кнігу ды сучасныя тэхналогіі. Так, ва ўстанове ёсць поўны набор неабходнай для гэтага тэхнікі і кампакт-дыскаў. У аснову спецпраекта “Прыгажосць вакол нас” пакладзены тры асноўныя прынцыпы: крэатыўнае афармленне інтэр’ера ўстановы, пераўтварэнне сістэмы кніжнага камплектавання, інавацыі ў масавай рабоце. Цікавым падаліся два апошнія. Стаўка пры камплектаванні зроблена на энцыклапедычныя выданні і кнігі беларускіх аўтараў. Але галоўная “фішка” — кнігі-гульні, у тым ліку і ў фармаце 3D... А ў якасці інавацый Ваўкавыск прапанаваў дзецям мультымедыйныя прэзентацыі, TV-гіды, віртуальныя турнэ...

Нягледзячы на сівізну, і я 3D-кніжку пагартаў бы. А ў Японіі, кажуць, дзіцячыя выданні з пахамі ўжо з’явіліся. У кожнай краіны — свае бібліятэчныя інавацыі...

Пра сельскую бібліятэку аграгарадка “Ціманава” распавяла дырэктар Клімавіцкай бібліятэчнай сеткі Таццяна Дамінікан. Установа фарміруе краязнаўчыя рэсурсы, выдае рэкламныя інфармацыйныя матэрыялы (у тым ліку — электронныя), відэафільмы. У ліку масавых мерапрыемстваў — экскурсіі, экспедыцыі... Ухвальна, але, так бы мовіць, даволі традыцыйна...

У Маларыцкай дзіцячай бібліятэкі ёсць свой вэб-сайт. Намеснік дырэктара мясцовай ЦБС Таццяна Крысіна справядліва заўважыла, што сайт — гэта і імідж установы, і эфектыўны інструмент па трансляцыі бібліятэчных навін.

Нясвіжская ж цэнтральная райбібліятэка галоўным кірункам дзейнасці лічыць маральна-духоўнае выхаванне асобы. Для гэтага ўстанова супрацоўнічае са святарамі і грамадскасцю.

На Хоцімшчыне краязнаўствам займаецца Батаеўская бібліятэка-музей, а экалагічнай асветай — Бяседавіцкая бібліятэка флоры і фаўны.

Вельмі актыўна супрацоўнічае са СМІ Салігорская раённая цэнтральная бібліятэка. Толькі вось у ліку газет-партнёраў “К” чамусьці няма. З часам, спадзяёмся, гэты недахоп мы выправім.

Аршанская гарадская цэнтральная бібліятэка імя А.С. Пушкіна стала летась пераможцам абласнога тура рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” ў намінацыі “Інавацыі ў галіне бібліятэчнай справы”. Культурна-адукацыйная праграма “Нясумны вечар у бібліятэцы” стала “візітоўкай” установы.

Аддзел літаратуры для дзяцей і юнацтва Брэсцкай абласной бібліятэкі арганізаваў гучныя чытанні.

Віртуальнымі пісьменніцкімі музеямі славіцца Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка.

Вопыт выкарыстання сістэмы радыёчастотнай ідэнтыфікацыі займела Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі. У выніку паскараецца і спрашчаецца інвентарызацыя кніжнага фонду...

Доўжыць можна бясконца. Але ці варта?

Паважаныя бібліятэкары, не магу ставіцца да бібліятэчнай справы непрадузята з той простай прычыны, што вельмі люблю Кнігу і перакананы: цікавасць да яе дэкларацыямі не сфарміраваць. Як павялічыць колькасць чытачоў? Давайце абмяркоўваць на старонках нашай газеты.

 

Дык дзе выйсце з сітуацыі?

Словам, на пасяджэнні секцый бібліятэчнага форуму аб праблемах, наколькі зразумела, практычна не гаварылі. Пераможных справаздач — безліч. Але на фоне праблематыкі пленарнага пасяджэння справаздачныя “рэляцыі” ўспрымаліся неяк дзіўнавата. Так, вопытам дзяліцца можна і неабходна. Асабліва тады, калі на прадстаўнічы форум запрошаны лепшыя. Але як быць са спадзевам дырэктара НББ Рамана Матульскага на тое, што бібліятэчная супольнасць павінна мінімізаваць наступствы аптымізацыі? Ці мо гэта “павінна” адбыцца ў іншы, больш спрыяльны, час? Цікава, калі і дзе? Не так часта разам збіраецца авангард, так бы мовіць, бібліятэчнай сілы Беларусі.

Дык, мабыць, на падобныя лёсавызначальныя форумы варта запрашаць не лепшых, а горшых? Тых, хто пра інавацыі не чуў, камп’ютара баіцца, за літаратурным працэсам не сочыць і блытае Ван Гога з Ван Дамам? Няхай патлумачаць, што канкрэтна замінае: мізэрны заробак ці “выпадкова абраны” жыццёвы лёс. Мо тады і знойдзецца агульнае рашэнне, як выводзіць бібліятэчную справу з крызіснай сітуацыі... Паўтараў і паўтараць буду: той, хто валодае інфармацыяй, — валодае светам. Каму як не яму, дасведчанаму і неабыякаваму, не толькі ўзняць праблему ўстановы, раёна, вобласці, але і прапанаваць сваё бачанне вырашэння? У гэтым, напэўна, і сіла супольнасці…

На здымках: пад час ІІІ Форуму бібліятэкараў Беларусі.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"