Расколіна капітальнага недаверу. Якім будзе “цэмент” для Гомельскай ЦРБ?

№ 22 (1096) 29.05.2013 - 29.05.2013 г

Чаму пераезд бібліятэкараў з “камуналкі” ў Нью-Гомель нікога не ўзрадаваў?

Пра тое, што пераезд падобны да пажару, вядома даўно, але ж гэты выпадак усё адно выбіваецца са звыклай каляіны. Пасля таго, як аддзел культуры Гомельскага райвыканкама прыняў рашэнне перасяліць падпарадкаваную яму Цэнтральную раённую бібліятэку з Гомеля ў Дом культуры аграгарадка "Бярозкі", разгарэўся сапраўдны скандал. Калектыў ЦРБ амаль у поўным складзе выказаў гатоўнасць звольніцца ў знак пратэсту, але папярэдне скіраваў пісьмовы зварот да міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова. Яго копія была адрасавана і рэдакцыі "К".

"Калі рашэнне аб пераводзе Раённай цэнтральнай бібліятэкі з Раённага дома культуры ў сельскую мясцовасць усё-такі будзе прынята, гэта прывядзе да рэальнага развалу ўсёй зладжанай сістэмы бібліятэчнага абслугоўвання Гомельскага раёна, якая была напрацавана цягам многіх гадоў, уключаючы і цяжкія паваенныя гады", — перакананы калектыў установы.

Натуральна, такі зварот не мог быць праігнараваны, і карэспандэнт "К" выправіўся з камандзіроўкай у Гомель, каб паспрабаваць разабрацца ў гэтай няпростай сітуацыі.

 

 

Тэхналогія запіхвання селядцоў

На сённяшні дзень бібліятэка месціцца ў сценах РДК па вуліцы Ільіча, што ў Навабеліцкім раёне Гомеля, на левым беразе Сожа. Калі верыць старажылам, такі варыянт ад пачатку разглядаўся ў якасці часовага — ды, як сцявярджае небезвядомая прымаўка... Карацей, жыццё ў "прымаках" ды ў непрыстасаваных памяшканнях зацягнулася больш чым на сорак гадоў!

Суседзяў у бібліятэкі шмат: гэта і ўвесь апарат аддзела культуры, і Раённы метадычны цэнтр, і, уласна, творчая "начынка" ДК, у якім гуртуецца больш за 20 калектываў. Зірнуўшы звонку на невялічкі двухпавярховы будынак, нават дзіву даешся, што пад яго дах улезла столькі структур.

Насамрэч, сакрэт тут такі ж просты, як і тэхналогія запіхвання селядцоў у бочку: жудаснае цясноцце. У невялічкіх кабінетах сталы стаяць літаральна ўсутыч, памяшканняў для рэпетыцый хранічна бракуе, і таму апошнія ладзяцца нават у фае...

Кожны сантыметр кубічны бібліятэчнай прасторы таксама выкарыстаны з максімальнай эфектыўнасцю. Нават здзіўляешся, як гэта чытачам ды самім супрацоўнікам удаецца штораз праціскацца паміж стэлажамі ды стэндамі. Месца для нашай сустрэчы з калектывам у імправізаванай чытальні фізічна бракавала. Яе плошча — ажно 50 "квадратаў", прычым ладную частку займаюць не людзі, а кнігі. Таму нам давялося перамясціцца ў камерную залу ДК — дарэчы, адзіную яго пляцоўку, дзе можна зладзіць хоць якое мерапрыемства, ці то вечарына, ці то семінар, ці то шлюбная цырымонія.

/i/content/pi/cult/429/8854/pic0047-1_opt.jpeg

Варта адзначыць, што большую частку аб’ёму будынка займае глядзельная зала на 600 месцаў. Дырэктар ДК Уладзімір Крышталёў згадвае тыя часы, калі яна лічылася адной з найпапулярных у горадзе і ў ёй выступалі "Песняры" ды "Синяя птица". Але... "Няма таго, што раньш было". Гады тры таму, непасрэдна пад час мерапрыемства, узнікла праблема з праводкай, і з таго часу зала выкарыстоўваецца выключна ў якасці склада. Яно і не дзіва: будынак паўстаў у далёкім 1970-м, і з таго часу ніякіх сур’ёзных рамонтных умяшальніцтваў не зведаў.

Уласна, гэтае адступленне ад тэмы патрэбна для таго, каб праясніць агульную карціну — так бы мовіць, кантэкст сітуацыі. І сапраўды, як прызналася начальнік аддзела культуры Гомельскага райвыканкама Аксана Хімакова, не толькі бібліятэка можа лічыць сябе пакрыўджанай: тыя або іншыя праблемы матэрыяльнага кшталту мае літаральна кожная з 86 устаноў "гаспадаркі". Як мне ўдалося даведацца, непадалёк ад Гомеля ёсць аграгарадок, дзе "агмень культуры" ўсё яшчэ "пераходзіць" з года ў год. Натуральна, папракаць саміх работнікаў галіны тут не выпадае: што яны могуць зрабіць пры адсутнасці сродкаў?

А супрацоўнікі ЦРБ і сапраўды лічаць сябе пакрыўджанымі. Некаторыя эмацыйныя рэплікі, якія прагучалі з іх вуснаў на адрас калег ды суседзяў, наводзілі на думку, што вядомае выслоўе "У цеснаце, ды не ў крыўдзе" да гэтага выпадку мала дапасоўваецца. Нездарма ж класік казаў: жыллёвае пытанне псуе чалавека...

Без сумневу, адзінае слушнае рашэнне ў дадзеным выпадку — гэта рассяліць "камуналку" па асобных больш-менш добраўпарадкаваных "кватэрах". Тым больш, у той жа бібліятэцы і блізка не забяспечваюцца абумоўленыя нарматыўнымі актамі прапарцыйныя суадносіны паміж прасторай, кнігамі і чытачамі.

Па словах намесніка дырэктара ЦРБ Евы Дударга, больш за ўсё калектыў абурыў той факт, што ім загадалі вызваліць плошчы пад кабінеты супрацоўнікаў аддзела культуры, ідэалогіі і маладзёжнай палітыкі, які неўзабаве будзе створаны ў раёне. Аднак Аксана Хімакова паведаміла, што вызваленыя памяшканні маюць выкарыстоўвацца зусім іншым чынам: для патрэб ДК і метадычнага цэнтра. Ды і перасяленне бібліятэкі ніяк не звязана з рэарганізацыяй уладных структур: яно планавалася ўжо даўно.

Зрэшты, "бунтарскі" калектыў прынцыпова не супраць перасялення. Але... У сваім звароце ён зазначае: "Калі пытанне аб пераводзе бібліятэкі паўстала так востра, просім разгледзець магчымасць размяшчэння бібліятэкі на тэрыторыі Навабеліцкага раёна для захавання асноўных паказчыкаў дзейнасці сістэмы".

Па словах Аксаны Хімаковай, такая магчымасць ужо разглядалася неаднойчы. Неяк на даляглядзе нават замаячыў перспектыўны будынак, аднак... У выніку аддзелу культуры тыя плошчы не дасталіся. І менавіта з дадзенай прычыны ўжо некалькі гадоў таму разглядаўся "загарадны" варыянт. Раней гэта быў пасёлак Урыцкае, і на рамонт ды набыццё мэблі раённыя ўлады ўжо намерыліся выдаткаваць немалыя сродкі. Але потым у выніку эканамічных цяжкасцей тыя грошы да аддзела культуры так і не дайшлі, а запланаваныя пад бібліятэку плошчы заняла іншая арганізацыя.

Супрацоўнікі ЦРБ былі абураны і тым, што, паводле іхніх слоў, работнікаў "паставілі перад фактам", не параіўшыся адносна пераезду ды нават не патлумачыўшы дэталёва сітуацыю. І адбылося тое тады, калі ўсё ўжо было вырашана.

— І сапраўды, я асабліва не ўзнімала гэтае пытанне да той пары, пакуль у нас не з’явіліся рэальныя сродкі для правядзення рамонту, — тлумачыць Аксана Хімакова. — Бо ўжо меўся пэўны досвед, калі планы раптоўна змяніліся. Але ж пра поўную неспадзяванку казаць не выпадае: паўтаруся, гаворка пра пераезд вялася ўжо не адзін год…

Менавіта ў выніку гэтых "мытарстваванняў" — ізноў жа, па словах Аксаны Хімаковай, — сёлета і з’явілася ідэя пераводу бібліятэкі ў аграгарадок "Бярозкі". Вырашыў туды выправіцца, каб на свае вочы ўбачыць, што ж прапануюць супрацоўнікам ЦРБ.

 

Без пяці хвілін ускраіна

Назваць Бярозкі сялом язык неяк не паварочваецца. Хутчэй, гэта прадмесце. Тыя некалькі кіламетраў, што аддзяляюць аграгарадок ад рысы Гомеля, ушчэнт забудаваны: уздоўж трасы няспынна цягнуцца дамы, прадпрыемствы, розныя ўстановы... Самі Бярозкі нібыта растварыліся ў цэлай агламерацыі паселішчаў, агульнае насельніцтва якіх — каля дзесяці тысяч чалавек! Большасць "вяскоўцаў" жыве ў шматпавярховіках з усімі выгодамі, і толькі грады замест палісаднікаў нагадваюць, што ты ўсё ж не ў горадзе.

Дом культуры ў Бярозках быў здадзены ўжо ў 1993 годзе, але ж праектаваўся ён у тыя часы, калі да справы падыходзілі з размахам, не надта беручы пад увагу розныя практычныя дробязі кшталту эканоміі "камуналкі" ды выдаткаў на рамонт. Натуральна, зараз такія гмахі зрабіліся сапраўдным галаўным болем для аддзелаў культуры: кінуць не кінеш, а ўтрымліваць — складана. Вось і да гэтай установы пастаянна ўзнікалі пытанні адносна эфектыўнасці выкарыстання плошчаў...

Зрэшты, не прастойваюць яны і сёння. Як распавяла дырэктар СДК Людміла Арэхава, у гэтых сценах жыве 14 клубных аб’яднанняў.

— Адрываю тыя памяшканні ад сэрца! — жартам прызналася яна. — Бо цяпер нам давядзецца зрабіць шчыльныя графікі работы. Але я разумею, што наша суседства з ЦРБ пойдзе на карысць людзям: разам мы здолеем рабіць куды больш цікавыя ды яркія мерапрыемствы, адкрыюцца новыя магчымасці і перспектывы... Пакуль у ДК працуе на стаўку ўсяго некалькі "творчых адзінак", а калі з’явяцца яшчэ 17 супрацоўнікаў бібліятэкі — гэта будзе зусім іншае жыццё!..

Звонку той гмах выглядае даволі дагледжаным: ля фасада радуюць вока клумбачкі, створаныя, пераважна, стараннямі супрацоўнікаў ДК. А вось унутры... Па ўсім відаць, што падтрымліваць такую вялізную "гаспадарку" ў ідэальным стане было складана, ды і матывацыі бракавала.

Па словах Людмілы Арэхавай, рамонт тут робіцца паэтапна, па меры сіл, але — амаль няспынна. Прыкладам, не так даўно замянілі ўваходныя дзверы, давялі да ладу санвузлы, цяпер дайшла чарга і да дыскатэчнай залы... Нярэдка ў якасці "працоўных рэсурсаў" выступаюць тыя ж самыя супрацоўніцы ўстановы, ды і мясцовае прадпрыемства часам аказвае спонсарскую падтрымку — не грашыма, але рукамі ды матэрыяламі.

Як адзначыла Аксана Хімакова, сякі-такі рамонт ужо ў наступныя месяцы будзе зроблены і ў тых памяшканнях, якія перадаюцца ЦРБ. Пэўная іх частка такіх тэрміновых захадаў і не патрабуе. Перадусім гэта — тая сельская бібліятэка, што ўжо функцыянуе ў Бярозках ды мае нават лепшыя ўмовы, чым "галаўная ўстанова", у якую, паводле планаў аддзела культуры, павінна ўліцца.

У дадатак да чытальнай залы, ЦРБ мае атрымаць некалькі даволі прасторных памяшканняў кабінетнага тыпу, прыдатных таксама і для гуртковай работы. На сцяне аднаго з іх добра праглядаецца трэшчына. Дырэктар ДК сцвярджае, што яна праходзіць толькі па тынкоўцы, бо "капітальных" праблем гэты яшчэ даволі малады будынак пакуль не зведаў. А вось супрацоўнікі бібліятэкі мяркуюць, што ўсё куды сур’ёзней. Зрэшты, няхай тут вырашаюць эксперты...

Першая чарга рамонту прадугледжвае замену сталяркі і асвятлення ды наладжванне сістэмы ацяплення. Па словах Аксаны Хімаковай, калі будуць сродкі, ужо ўвосень плануецца прадоўжыць работы, а таксама набыць для бібліятэкі новую мэблю, бо пакуль грошай на гэта няма, і на першых парах давядзецца задавальняцца старой.

Адно з перададзеных ЦРБ памяшканняў сёння задзейнічана пад этнаграфічны куток — да слова, вельмі неблагі. Як зазначыла Людміла Арэхава, калі ўзнікне такая патрэба, для экспанатаў можна будзе знайсці іншае месца, хаця... Як падаецца, не будуць яны лішнія і ў прасторы бібліятэкі, тым больш, калі яна размешчана ў такім урбанізаваным асяроддзі.

Тое, што горад рана ці позна сюды дабярэцца, ні ў каго не выклікае сумневаў. Гады тры таму былі агучаны грандыёзныя планы па пераўтварэнні Бярозак у Нью-Гомель — не проста чарговы "спальнік", а сапраўдны мікрараён ХХІ стагоддзя з усёй належнай інфраструктурай, уключна нават з пешаходнай вуліцай. Перспектыўны рост насельніцтва — да 200 тысяч чалавек!

А вось самі бярозкаўцы не надта імкнуцца стаць гамяльчанамі. Кемлівы розум бачыць у "памежным" статусе пэўную выгаду. Прыкладам, аклады супрацоўнікаў бібліятэкі ў выпадку іх перасялення меліся вырасці на 20%: Бярозкі лічацца сельскай мясцовасцю. Аднак такі бонус нікога не ўзрадаваў...

 

Самастойны арганізм

Адна з прычын, па якой супрацоўнікі бібліятэкі не пагадзіліся з перамяшчэннем, — транспартныя праблемы. І сапраўды: штодзённы маршрут кожнага з іх зойме прыблізна на паўгадзіны больш у адзін бок, што асабліва прыкра для тых, хто раней хадзіў на працу пешкі, бо жыў паблізу (а такіх, як выявілася,  — ці не большая частка калектыву).

З іншага боку, дабрацца ў Бярозкі з Гомеля не надта складана: туды "дабіваюць" гарадскія маршруты. На прыпынак, размешчаны за некалькі сотняў метраў ад ДК, аўтобусы прыбываюць кожныя 10 — 15 хвілін, а прамежкі ў іх раскладзе паспяхова запаўняюць маршруткі.

Але значна больш увагі супрацоўнікі бібліятэкі надавалі іншаму аспекту. Паводле іх слоў, пасля перасялення за гарадскую рысу ўстанове будзе праблематычна выконваць сваю найважнейшую функцыю метадычнага цэнтра для сарака бібліятэк раёна. Маўляў, сельскія бібліятэкары ўжо сёння скардзяцца, што дабірацца ў Бярозкі ім будзе вельмі складана. Тым больш, адлегласці ў Гомельскім раёне — вялікія, і, улічваючы расклады транспарту, на такое падарожжа можа і дня не хапіць.

Парыруючы гэты аргумент, першы намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Вольга Антоненка адзначыла, што падобныя выправы "з перыферыі ў цэнтр" і не павінны быць частымі — хіба, можа, раз у квартал. На яе думку, куды больш прадуктыўным з’яўляецца іншы фармат метадычнай дапамогі: калі супрацоўнік ЦРБ сам едзе ў канкрэтную ўстанову. І паколькі выпраўляцца ў шлях ён можа не з Бярозак, а непасрэдна са сваёй гомельскай кватэры, тут транспартная праблема ўвогуле ні пры чым.

Супрацоўнікі ЦРБ закранулі і пытанне дастаўкі новых паступленняў: маўляў, сельскім бібліятэкарам нярэдка даводзіцца цягаць тыя стосы, бы кніганошам... Як паведаміла Аксана Хімакова, свайго транспарту ў аддзеле культуры не бракуе, а параўнальна нядаўна да антыкварнага "Любліна" далучыўся і навюткі "МАЗ" ажно на 20 месцаў. Толькі вось... ён ужо патрабуе рамонту, а са сродкамі на гэтую справу — замінка. Таму і часова прастойвае. Але — менавіта часова!

Увогуле, пытанне аптымальнага размяшчэння "галаўной" раённай бібліятэкі пры адсутнасці раённага цэнтра адназначнага адказу пакуль не мае. Вось і ў маштабах краіны "меркаванні падзяліліся". У Брэсцкім, Мінскім ды Магілёўскім раёнах такія ўстановы знаходзяцца ў блізкіх да "сталіцы" аграгарадках. У Гродзенскім і Віцебскім — непасрэдна ў абласных цэнтрах.

— На маю думку, раённай бібліятэцы самае месца менавіта ў раёне, бліжэй да сваёй непасрэднай аўдыторыі, — кажа Вольга Антоненка. — Бо Гомель і без таго мае дастаткова ўстаноў культуры, але за яго межамі — лічы, неўзараная ніва. Таму я ўпэўнена, што дасведчаны і адданы калектыў нашай ЦРБ здатны шмат зрабіць для культурнага развіцця тых жа Бярозак. А таксама і ўключыць у сферу свайго абслугоўвання бальніцу, прадпрыемствы, бліжэйшыя населеныя пункты...

На думку супрацоўнікаў бібліятэкі, вельмі важна, каб усе цэнтральныя культарганізацыі раёна былі сканцэнтраваны пад адным дахам. Тады работнік культуры з вёскі можа вырашыць многія свае пытанні за адзін прыезд, завітаўшы і ў ЦРБ, і, скажам, у бухгалтэрыю.

— Я ўвогуле здзіўляюся: няўжо тым людзям, якія кіруюць культурай, больш не патрэбна мець пад сваім дахам бібліятэку? — кажа найстарэйшая супрацоўніца ўстановы Галіна Шведава, чалавек з вялізным досведам і паважным паслужным спісам.  — Бо ў тыя часы, калі я сама займала кіраўнічыя пасады, без гэтай скарбонкі ведаў было ніяк не абысціся…

Тут сапраўды не паспрачаешся, аднак... Той варыянт "камуналкі", які існуе цяпер, — гэта, пагадзіцеся, не варыянт. А чакаць, што праблема вырашыцца з дапамогай нейкіх супердарагіх архітэктурна-будаўнічых захадаў, у сённяшніх варунках наўрад ці выпадае.

Яшчэ адной прычынай крыўдаванняў стала тое, што ўмовы іншых жыхароў "камуналкі" было вырашана палепшыць менавіта за кошт бібліятэкі: яна нібыта апынулася "крайняй", самым слабым звяном сістэмы.

— На маю думку, бібліятэка — гэта самастойны арганізм, які цалкам можа будаваць сваю работу і без суседства з аддзелам культуры, — кажа Аксана Хімакова, — у адрозненне, напрыклад, ад метадычнага цэнтра, не кажучы ўжо пра складаныя часткі апарата самога аддзела…

Бадай, самы важкі "аргумент" супраць пераезду — гэта непасрэдныя карыстальнікі бібліятэкі, агулам амаль тры тысячы чалавек. На сёння большасць з іх жыве менавіта ў Навабеліцы. Здавалася б, той раён забяспечаны іншымі, гарадскімі бібліятэкамі — іх там дзве (прычым адна — літаральна за два крокі ад ЦРБС) плюс дзіцячая. Але, зразумела, стасункі паміж чытачом ды бібліятэкарам зусім не такія, як паміж касірам ды пакупніком супермаркета, — нярэдка яны становяца бадай асабістымі. Асабліва ў тым выпадку, калі гутарка вядзецца пра людзей старых або нямоглых, якім кнігі дастаўляюцца на дом. Дый не толькі...

— Я наведваю гэтую бібліятэку перадусім таму, што яе супрацоўнікі вельмі ўважліва ставяцца да патрэб карыстальнікаў, заўсёды нам дапамагаюць, — кажа Леанід Муштэнка, які прадставіўся пастаянным чытачом ЦРБ. — Не ведаю, ці знойдзем мы ўсё патрэбнае ў суседніх установах… І мяне папраўдзе абурае, што ў дадзеным выпадку наша меркаванне зусім не ўлічвалася пад час прыняцця рашэння…

Супрацоўнікі ЦРБ аднадушна перакананы, што пераезд адразу шматкроць скароціць колькасць карыстальнікаў апошняй: прыкладам, цяперашняя сельская бібліятэка ў Бярозках мае ўсяго 700 чытачоў. Адпаведна, перад калектывам узнікае рызыка не выканаць кантрольныя паказчыкі — ды, як вынік, перамясціцца з трэцяй групы аплаты працы ў чацвёртую.

Да таго ж, спецыфічная "разыначка" працы ЦРБ заключаецца ў падтрымцы літаратурнага руху ў Гомелі ды раёне. Пад дахам установы ўжо які год дзейнічае аб’яднанне "Пралеска", якое рэгулярна ладзіць свае імпрэзы. Лішне нават казаць, што справа гэтая ў наш век — надзвычай важная. І, як адзначыла кіраўнік аб’яднання Ева Дударга, перанесці ЦРБ у Бярозкі не атрымаецца: ніхто з творцаў або публікі так далёка не паедзе.

У сваю чаргу, Вольга Антоненка пераканана, што новыя ўмовы дазволяць супрацоўнікам бібліятэкі рэалізаваць і новыя праекты. Напрыклад, звязаныя з аўтаматызацыяй, правесці якую ў сённяшніх варунках проста немагчыма. Што ж да скарачэння колькасці чытачоў... Тут, на думку кіраўніка, хвалявацца не выпадае: пры належна арганізаванай працы бібліятэка зможа стаць запатрабаванай і па іншым адрасе. Тым больш, пэўныя прагнозы адносна магчымасці выканання паказчыкаў ужо былі зроблены экспертамі з абласной бібліятэкі: паводле іх меркавання, пераезд хаця і прывядзе да пэўнай пераарыенціроўкі работы, але ў далейшым не павінен стаць непераадольнай перашкодай для выканання даведзеных паказчыкаў. У той самы час, у значнай меры гэта будзе залежаць і ад калектыву бібліятэкі.

— Мяне здзівіў графік работы гэтай установы: толькі да шостай вечара! — кажа Вольга Антоненка. — Але як мне туды трапіць, калі я таксама працую да шасці? Ці бібліятэка — толькі для пенсіянераў?..

Натуральна, абедзве пазіцыі — аптымістычная ды фаталісцкая — гэта не больш чым прагнозы. Іх можа пацвердзіць альбо абвергнуць толькі само жыццё. Запытаў у Вольгі Антоненка, ці маюць шанец новыя — смелыя ды цікавыя — праекты ЦРБ атрымаць адрасную фінансавую падтрымку ўпраўлення культуры, і адказ быў станоўчы.

Якім чынам найверагодней вырашыцца гэтая канфліктная сітуацыя, можна прагназаваць ужо сёння. Кіраўніцтва ўпраўлення і аддзела не пойдзе на істотныя кампрамісы, бо пераканана, што ў дадзеным выпадку мае рацыю. Адпаведна, сфарміраваны гадамі калектыў бібліятэкі апынецца "на ўзбочыне".

Па словах Вольгі Антоненка, не будзе вялікай праблемы арганізаваць яго з нуля: ахвотныя знойдуцца. Праблема зусім у іншым: менавіта ў чалавечым фактары. Ці ж можна з такой лёгкасцю марнаваць назапашаны за гады досвед, а таксама і добрыя памкненні? Тым больш, і Вольга Антоненка і Аксана Хімакова адгукаліся пра даробкі калектыву бібліятэкі ў цэлым вельмі прыязна.

Магчыма, пераадоленне канфлікту палягае менавіта ў цэлай сістэме нейкіх дробных кампрамісаў, у пошуку канкрэтных спосабаў вырашэння канкрэтных праблем? Прыкладам, літаратурныя сустрэчы можна ж арганізоўваць і на адной з гарадскіх пляцовак. Альбо можна перадаць адданых чытачоў ЦБР "з рук у рукі" гарадской установе, папярэдне запытаўшы пра іх пажаданні.

Іншымі словамі, сабрацца разам ды стварыць нейкі "антыкрызісны план" дзеянняў, які задавальняў бы ўсе тры бакі: кіраўніцтва, калектыў і карыстальнікаў. Але, у кожным разе, для таго, каб дасягнуць паразумення, трэба, перадусім, мець такое жаданне.

Высвятляючы пазіцыі бакоў канфлікту, настаяў на тым, каб нашы сустрэчы адбываліся паасобку. Ды, як выявілася, у гэтым была мая памылка, бо часта інфармацыя з дзвюх крыніц была супярэчлівай нават чыста факталагічна. Прыкладам, аддзел культуры сцвярджае, што ў Бярозках плошчы бібліятэкі складуць больш чым 280 квадратных метраў — замест цяперашніх 115-і. Аднак, паводле падлікаў саміх супрацоўнікаў, пашырэнне будзе зусім нязначным: усяго на некалькі дзясяткаў "квадратаў".

Рулеткі з сабой у мяне не было, дый не ў маёй кампетэнцыі выступаць арбітрам у дадзеных пытаннях. Але самі падобныя разыходжанні — яўны сімптом таго, што расколіна паміж работнікамі культуры раёна мае ўжо далёка не "касметычны" характар. Хаця месцяцца яны літаральна ўсутыч — на адным калідоры, падлогу якога накрывае "ўспушаны" лінолеум.

Адна з прычын такой сітуацыі — відавочны недавер супрацоўнікаў бібліятэкі да ўсіх абяцанняў "зверху": знайсці сродкі, зрабіць рамонт, забяспечыць умовы і г. д. Што тут скажаш? Гэтае пачуццё мае пэўныя падставы... Бо прывядзенне ў адэкватны свайму часу стан устаноў культуры Гомельскага раёна і сапраўды істотна зацягнулася. Таму і метад "цэментавання" такіх "расколін" таксама відавочны.