Лісты гэтыя схіляюць да пэўнага аналізу і мяне. Ці не з дзяцінства я выявіў для сябе асноўны кніжны жанр — добрая літаратура. Складнікі яе, як падаецца, — багатая мова, аўтарская шчырасць і небанальны сюжэт. Да самой кніжкі таксама патрабаванні вялікія — годны выгляд выдання, выразныя ілюстрацыі і ўсё тое, што пераконвае: кніжку выдавалі з любоўю да чытача. Дарэчы, вельмі істотны момант, на які бібліятэкару забывацца не варта. Дык вось, маё стаўленне да такой кнігі з часам мянялася. Зараз усё патлумачу.
Асаблівага збору кніг у дзяцінстве я не меў. Бібліятэкі дзяржаўныя мае запыты задавальнялі не заўжды. Выйсце было адзінае: кніжныя калекцыі сяброў, бацькі якіх па сваёй пасадзе мелі знаёмствы ў сферы кніжнага гандлю. Вось на гэтай шчодрай на дзівосы палянцы я і пасвіўся. Інакш ніколі мне, школьніку, не трапілі б у рукі двухтомнік братоў Грым ці падарункавае выданне “12 крэслаў” з класічнымі ілюстрацыямі Кукрыніксаў. Але на ўсю гэтую паліграфічную раскошу я не звяртаў аніякай увагі. Галоўнае было здабытае прачытаць. А потым на скарыстаную кніжку, вобразна кажучы, хоць патэльню стаў. Гэткае дзяцінства буяла ў маёй душы класа да пятага.
Потым дзед Сцяпан дапусціў мяне ў сваю бібліятэку. Дакладней кажучы, кніжкі збіраў не ён, а яго сыны, мае дзядзькі, што сталі афіцэрамі і раз’ехаліся па свеце. Толькі тады я зразумеў, што добрая кніга — важкая рэч. Памятаю “Рабінзона Круза” на ўкраінскай мове з такімі гравюрамі, што адарвацца ад іх было немагчыма. Такое багацце хацелася мець самому. Пачатак маёй калекцыі паклаў падарунак дзядзькі Валодзі — альманах “Свет прыгод” з першым творам Стругацкіх “Краіна барвовых хмар”. Я з гэтай кніжкай нават спаў. І па сёння не зразумею, як гэты “Свет…” выманіў-вымяняў у мяне аднакласнік. У дзяцінстве не бывае розуму з лішкам. Аднакласнік пасля школы фарцаваў кнігамі, ці не з тыдзень хадзіў за мной, выпрошваў прозу Пастэрнака “Паветраныя шляхі”. Але я ўжо навучыўся паважаць кнігу. Зразумеў, што ў кожнай ёсць душа, прызначэнне, лёс. Душа баліць, калі мае кнігі шмальцуюць ці ўвогуле крадуць. Неяк знікла “Новая зямля” Якуба Коласа з бліскучымі ілюстрацыямі Эдуарда Агуновіча. Прайшло некалькі гадоў, і нехта невядомы перадаў мне ў “ЛіМ”, дзе я калісьці працаваў, пакет з кнігамі. Была там мая “Новая зямля” і ў якасці бонусу-прабачэння — нататкі Сяргея Даўлатава. Шляхі кніг і людзей — нявызнаныя. Да прыкладу, у адной з сельскіх бібліятэк Коласу не пашанцавала. Мяркуючы па лістку кнігавыдачы, так і не патрапіла за дзесяцігоддзі ў рукі аматару беларускага слова. Для таго і працуем, каб годныя кніжкі мелі шчаслівы лёс.
Сёння паспрабую скласці хіт-парад абласцей у плане чытацкай актыўнасці тамтэйшых работнікаў культуры. Як і заўжды, лідзіруе Гродзеншчына.
Загадчык аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Лукіянец напісала: “Атмасфера XXVIII—XIX стагоддзяў завітала на некалькі гадзін у люстраную залу Дзятлаўскага РЦК, дзе ладзіўся ІІ Радзівілаўскі баль. Танцмайстар Анатоль Кардаш, мастак, кераміст, кіраўнік харэаграфічнага аб’яднання “Эпатажны блюз” пры Новаяльнянскім доме культуры цягам апошняга часу адраджае і папулярызуе бальную традыцыю на Дзятлаўшчыне. Ён прапанаваў гасцям 11 танцаў, папулярных некалькі стагоддзяў таму. Сярод іх — полька венскі вальс, падыспань, конскі бранль… Апрача танцаў, удзельнікі балю ўдасканальвалі валоданне мовы веера, знаёміліся з музычнымі сюрпрызамі”. Распарадчыцай балю была аўтарка пісьма Марына Лукіянец. А пра ўніверсальнага творцу Анатоля Кардаша “К” пісала шмат і яшчэ столькі напіша.
А цяпер — навіна з Дзятлаўскай раённай бібліятэкі. Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Алена Якаўчык напісала: “У Дзень праваслаўнай кнігі ў нас ладзілася сустрэча з клірыкам храма Святых новапакутнікаў і спаведнікаў, святаром Аляксеем Сцепановічам”.
Два лісты — і з Ашмянскага раёна, з Мураванай Ашмянкі. Мяс-цовыя метадысты паведамляюць, што ў сельскай бібліятэцы аграгарадка да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа разгорнута кніжная выстава “Янка Купала і Якуб Колас: сімвал і гонар нацыі”. Будзем спадзявацца, што тут кнігі класікаў не абыдзены чытацкай увагай.
У сельскую бібліятэку Мураванай Ашмянкі завіталі навучэнцы мясцовай школы. Яны наведалі музейны краязнаўчы пакой, пазнаёміліся з этнаграфічнай экспазіцыяй, прысвечанай гісторыі вёскі. Гаворка ішла пра побыт і традыцыі мясцовых жыхароў.
Пісаў я ў свой час і пра “Улассе ў Луках”. Гэтае свята, дзе галоўным героем выступае рабацяга Конь, стала адной з выразных візітовак Карэліцкага раёна.
Заўжды актыўны на старонцы нашага агляду Лідскі раён. Гэтым разам ён прадстаўлены навіной ад бібліятэкара адзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Кацярыны Сандаковай. Яна распавяла пра акцыю “Дзень бяспекі. Увага ўсім!”. “Мэта гутаркі — папярэджанне пажараў і гібелі людзей, — піша спадарыня Кацярына. — Бралі ў ёй удзел выхаванцы ясляў — дзіцячага садка № 7 разам са сваімі выхавальнікамі. Супрацоўнік МНС правяла з дзецьмі гульню “Азбука бяспекі”.
За Магілёўшчыну сёння адказваюць загадчык Магілёўскай бібліятэкі імя Міхаіла Лермантава Вікторыя Падчапіала і загадчык інфармацыйна-сэрвісным сектарам Настасся Заброцкая. Яны напісалі пра юбілейныя выставы-віншаванні “Волаты беларускай літаратуры: Янка Купала і Якуб Колас”, прома-акцыю “Маё слова”. Кніжная выстава-агляд была арганізавана і ў фае кінатэатра “Радзіма”.
Да сваіх землякоў далучаецца і супрацоўніца цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска Людміла Дабравольская. Аўтарка піша пра вялізную ролю беларускай мовы ў справе выхавання дзяцей і моладзі. Дзеці з цэнтра ладзяць вандроўкі па родным краі, арганізоўваюць палатачныя летнікі. А яшчэ вывучаюць творчасць Уладзіміра Караткевіча, Яна Баршчэўскага. “Каб адчуць, што ты ў Беларусі, — распавядае Людміла Дабравольская, — недастаткова пабываць у Дудутках. Трэба пачуць сапраўдную мову, народныя гаворкі. Нашы дзеці чуюць і вучацца”. Далей спадарыня Людміла паведамляе пра наведванне палескай вёсачкі Снядзін што ў Петрыкаўскім раёне. Туды настаўніца з дзецьмі трапіла праз Прыпяць на пароме. Дзеці дапамагалі археолагам, слухалі мяс-цовыя спевы і дыялекты… Я вельмі зайздрошчу гэтым дзецям, якім так пашанцавала на дарадцу і выхавальніцу.
Міншчыну сёння прэзентуе наша сталая аўтарка Тамара Круталевіч — загадчык аддзела маркетынгу і сацыякультурных сувязяў Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Яна ў чарговы раз распавядае пра кнігатэрапію і спрабуе давесці, што яна — рэальная. І я веру спадарыні Тамары! “Чытанне добрых кніг, — упэўнена сцвярджае яна, — эфектыўныя лекі для душы. У фармаце сумеснага з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва інклюзіўнага праекта “Чароўнае святло кнігі” нашы супрацоўнікі прапанавалі маладым людзям з інваліднасцю сеанс менавіта такога лячэння. Лячыліся апавяданнямі класікаў і сучаснікаў. Гаючы эфект быў замацаваны раздачай кнігавітамінаў”. Розныя лёсы ў кнігі, розныя.
Яшчэ адзін сталы аўтар “К” Андрэй Струнчанка распавёў пра святкаванне Масленіцы ў роднай вёсцы Мазалава Віцебскага раёна. Такім чынам абараніў гонар Віцебшчыны.
А вось работнікі культуры Брэстчыны і Гомельшчыны сёння прамаўчалі. Шкада, бо не веру, што за гэты тыдзень ў гэтых абласцях нічога цікавага ў сферы культуры не адбылося. Чакаем лістоў!
Беражыце сябе, шаноўныя чытачы, і пішыце пра цікавае!
Сустрэнемся праз тыдзень.