Неяк менавіта ў мроях паспрабаваў стварыць гэткую ідэальную сельскую ўстанову культуры. Звёў у адно тое, што мяне калісьці здзівіла ў самых розных раёнах краіны. І вось што атрымалася.
Летам тут — асаблівая прыгажосць. Акуратны газон і альпійская горка прымушаюць зайздросціць самага патрабавальнага аматара ландшафтнага дызайну. Карціну дапаўняюць калекцыі драўлянай скульптуры (вынік пленэраў выхаванцаў тутэйшага філіяла ДШМ) і валуноў (вынік дзейнасці ледавіка). І яшчэ. Збоч ад гэтай прыклубнай раскошы можна патрапіць на вуллі ці на маленькую дзялянку з лёнам. Цяпер можна і ў памяшканне зай-
сці.
Дзіўна, але звыклага і іншым разам вельмі фармальнага этнакутка тут няма. Ёсць грунтоўная экспазіцыя, прысвечаная вытворчасці мёду ці вырошчванню льну. А калекцыі ручнікоў, дыванкоў, бытавога рыштунку захоўваюцца ў… суседняй, калісьці закінутай і адрамантаванай хатцы. Тут печка не фанерны муляж, а самая сапраўдная, дзе можна боршч зварыць і аладкі спячы. У адным СДК, паміж намі кажучы, я такіх аладак ці не саганок апрыходаваў.
Вернемся ў клуб (тут апрача яго — і бібліятэка, і класы школы мастацтваў). У шафе кіраўніка — неацэнны творчы скарб: аўтарскія сцэнарыі мерапрыемстваў аж з мінулага века і па сёння. Справаздачы — проста паперы, сцэнарыі — доказ практычных шчыраванняў. У клубе — дзве залы, глядзельная і танцавальная, камплектаў музычнай апаратуры — таксама два. Адзін — для выязных мерапрыемстваў.
Колькі слоў пра карпаратыўную еднасць. Работы юных мастакоў з ДШМ упрыгожваюць інтэр’еры ўсіх устаноў культуры сельскага савета. Выставы — зменныя. Бібліятэка таксама ўпрыгожаная плёнам дзейнасці мясцовых аматарскіх аб’яднанняў. Тут растуць кветкі, гучыць спакойная музыка, спяваюць птушкі. Экспазіцыя старых кніг — з хатніх калекцый чытачоў.
Я не фантазёр. Ужо сёння аблічча асобных устаноў культуры якасна мяняецца і па форме, і па змесце. Вось што, да прыкладу, напісала Наталля Кандрашук з Кобрына: “Для таго каб аздобіць свае мерапрыемствы, кобрынскія бібліятэкары звычайна запрашалі музычныя калектывы або асобных выканаўцаў. Але амаль пяць гадоў таму яны вырашылі заспяваць самі. Так узнік гурт “Фантазія”. Прыдумала яе галоўны бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Алена Міхейкіна-Белякова. Выступілі спачатку перад калегамі-бібліятэкарамі, потым пачалі выступаць па сельскіх установах. Назаву ўсіх: Наталля Раманюк, Юлія Пракапчук, Кацярына Нясцюк і Алена Міхейкіна-Белякова. Летась інавацыйны бібліятэчны праект па рабоце з моладдзю заняў другое месца ў абласным конкурсе. Падчас пандэміі калектыў асвоіў дыстанцыйную форму работы. Запіс гуку для відэаролікаў забяспечылі гукааператары Кобрынскага палаца культуры”.
Сапраўдны работнік культуры — заўжды асоба. Пра адну з іх распавядае бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі Вольга Заянчкоўская. Гэта — Марына Сцефановіч, якая працуе ў Камелішкаўскім філіяле аддзела рамёстваў і народнай творчасці Астравецкага цэнтра культуры і народнай творчасці. Марына Рамуальдаўна скончыла Мірскі дзяржаўны мастацкі каледж, стала мастаком роспісу па дрэве. Зай-
маецца таксама батыкам, саломапляценнем. Вакол такога майстра-ўніверсала заўжды шмат дзяцей. Развіваецца ён — развіваецца і ўстанова.
Гаворку пра персаналіі працягвае загадчык сельскай бібліятэкі аграгарадка Гальшаны Ашмянскага раёна Таццяна Іванова: “Эдуард Корзун — былы дырэктар мясцовай сярэдняй школы, усё жыццё займаўся краязнаўствам, прыцягваў да яе і настаўнікаў, і вучняў з іх бацькамі. Выдаў кніжку “Гальшаны”, якая перавыдавалася. У Гальшанскай СШ працуе народны музей імя Эдуарда Корзуна, а ля школы расце дуб-прыгажун, пасаджаны краязнаўцам. А бярозавую алею ўпрыгожваюць камяні-валуны, сабраныя пры ўдзеле Корзуна. Штогод у Гальшанах адзначаецца свята ў гонар Святой Іуліяніі Гальшанскай, звесткі аб якой адшукаў Эдуард Сямёнавіч”. Прыгожыя людзі і жыццё ўпрыгожваюць вакол сябе.
Магілёўшчына заўжды радуе не толькі якасным творчым працэсам, але і яго грунтоўным аналізам. Галоўны рэдактар абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Крысціна Башарымава паведамляе пра двухдзённы абласны семінар-практыкум “Аплікацыя саломкай”. Майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сабраліся для абагульнення досведу дзейнасці клубных устаноў, дамоў рамёстваў, метадыстаў клубных сістэм і кіраўнікоў гурткоў. Майстар-класы і тэарэтычныя заняткі прай-
шлі ў Глускім раённым доме рамёстваў, дзе сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Соф’я Меснік аднавіла ўнікальную, характэрную толькі для Глушчыны тэхналогію аплікацыі саломкай на дыванах.
Чарговая інфармацыя ад Крысціны Башарымавай — пра рэгіянальны адборачны этап абласнога туру XVI Рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў. “У Магілёўскім абласным метадычным цэнтры, — піша аўтарка, — сабраліся калектывы мастацкай творчасці і індывідуальныя выканаўцы з Магілёва, Быхаўскага, Горацкага, Дрыбінскага, Магілёўскага, Слаўгарадскага, Шклоўскага раёнаў. Удзельнікі паказалі майстэрства ў харавых і сольных спевах, у харэаграфічным, інструментальным, тэатральным, дэкаратыўна-прыкладным і выяўленчым мастацтвах”. Рэгіянальны адборачны тур прайшоў у Чэрыкаве і Бабруйску. Заключны канцэрт і выставу работ дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва мяркуецца правесці 15 сакавіка ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы.
Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі сабрала чытачоў на Дзень праваслаўнай кнігі, які стаў ужо традыцыйным. Вось што напісала загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі згаданай установы Ірына Гудач: “Сёлета мы святкуем 1030-годдзе заснавання Полацкай епархіі. З глыбокай пашанай згадваем Ефрасінню Полацкую, якая стаяла ля вытокаў духоўнай асветы нашага народа”. Падчас мерапрыемства выступіў народны ансамбль духоўнай музыкі. Гімназісты чыталі вершы. Дзейнічала таксама выстава духоўнай літаратуры.
Метадыст Смаргонскага раённага цэнтра культуры Алег Пацэвіч распавёў, што ідзе праца над відэафільмам пра стварэнне мемарыяльнага комплексу памяці герояў і ахвяр Першай сусветнай вайны ў Смаргоні. “Гэтым займаецца скульптар і мастак Уладзімір Церабун, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, — піша спадар Алег, — разам са Смаргонскім раённым цэнтрам культуры. Як вядома, комплекс быў урачыста адкрыты 1 жніўня 2014 года ў парку Перамогі. Мерапрыемства было прымеркавана да стагоддзя заканчэння Першай сусветнай вайны. Аб участку фронту ў Смаргоні, дзе 810 дзён трымала абарону рускае войска, у савецкіх падручніках гісторыі нават не згадвалася”.
Напрыканцы колькі навін, як зіму праводзілі ды сустракалі Масленіцу. Класны кіраўнік 9 “Б” класа сярэдняй школы № 11 Ліды сама дома не сядзіць і вучням сваім забараняе. Гэтым разам яны наведалі раённае свята “Провады зімы”, што адбывалася ля замкавых муроў. Натуральна, без бліноў не абышлося.
А ў цэнтральнай бібліятэцы Бабруйскага раёна адбылася фальклорная сустрэча за самаварам “Масленіцу сустракаем, у бібліятэку запрашаем”. У творчай майстэрні “Масленіца-чараўніца” ахвотныя рабілі папяровую ляльку Масленіцу. Пра гэта паведаміла загадчыца аддзела інфармацыі і абслугоўвання згаданай установы Таццяна Смаршчок.
Беражыце сябе, шаноўныя чытачы!
Сустрэнемся праз тыдзень.