— Выстава “Калядныя ўзоры” ў нас праходзіць ужо чвэрць стагоддзя, а сам клуб, які спачатку быў аматарскай студыяй, існуе ўжо больш за 30 гадоў. Кожны год мы прыдумваем новую тэму, сёлета — “Зорнае неба Браслаўшчыны”. Упрыгожылі ёлку зоркамі, да столі падвесілі мноства зорак з саломкі — атрымалася інсталяцыя зорнага неба, а яшчэ правялі конкурс на лепшую калядную зорку: яна магла быць і сшытая ці звязаная, магла быць цацкай ці выявай на пано — што заўгодна. Абсалютна заслужана ў конкурсе перамагла дзяўчынка Лізавета Мяркур’ева з аграгарадка Ахрэмаўцы — навучэнка адной з нашых майстрых Вольгі Лысёнак, якая самааддана займаецца з дзецьмі, сапраўды іх вельмі любіць — а такое не пра кожнага можна сказаць. Увогуле, калі разам з дзецьмі, то 38 удзельнікаў было на выставе, а паказалі мы больш за 200 твораў!
— Будынак музея, дзе выстава праходзіць, вельмі адметны — ён сам як арт-аб’ект. І вось — калядныя зоркі, творы, зробленыя рукамі, зіма навокал, прыгожыя краявіды. Мабыць, атрымліваецца трохі казачна…
— Мы вельмі любім наш прыгожы будынак — раней гэта быў млын і яму ўжо пад сто гадоў. Дый сам музей адметны, адрозніваецца ад усіх астатніх. Нават і тым, што сумяшчае дзве функцыі — і дома рамёстваў і музея, тут і майстэрні і выставачныя залы. А выставай “Калядныя ўзоры” мы менавіта што імкнёмся ствараць святочны настрой: і для горада, і для саміх сябе. Вы ж ведаеце, як у дарослым узросце (а многія нашы ўдзельнікі — людзі вельмі паважнага веку) складана атрымаць сапраўдны святочны настрой: яго яшчэ трэба і ў сабе, і ў сваіх абставінах адшукаць. І калі мы разам з майстрамі ўвесь снежань рыхтуемся да выставы з думкамі пра свята і пра творчасць, то гэта дапамагае нам перажыць самыя цёмныя зімовыя часы. Перад каталіцкім Раством мы адкрываем “Калядныя ўзоры”, і свята сапраўды прыходзіць, нягледзячы ні на што. Навагоднім і калядным часам да нас прыязджае многа турыстаў, мы супрацоўнічаем з турбазамі — наша выстава сапраўды як частка свята.
— Якія вырабы, якія творы ў вас больш за ўсё выстаўляюцца, чым захапляюцца майстры?
— Зразумела, што многа твораў з каляднай тэматыкай, але мы не абмяжоўваем майстроў: хто славіцца кошыкамі — робіць кошыкі, хто малюе карціны — выстаўляе карціны, хто тчэ, вышывае, займаецца разьбой па дрэве ці ганчарствам — калі ласка. У нас вялікі клуб і самыя розныя майстры ў ім. Найбольш, канешне, традыцыйных вырабаў кшталту пляцення з саломкі ці лазы, нямала керамікі, шмат ткацтва — любяць у нас дарожкі ткаць. Сёлета ў нас з’явіліся і новыя ўдзельнікі, і нават з не зусім традыцыйнымі творамі, — але мы і рады. Да нас у Браслаў нядаўна пераехалі з Амерыкі муж з жонкай — захацелі пенсію сваю пражыць у нашых мясцінах, Аляксандр Рапо сам з Беларусі, і вось вярнуўся, працаваў у нашым раённым Цэнтры культуры. А жонка яго — дызайнер, і яе работы цудоўна ўпісаліся ў нашу калядную выставу. Мы нікому не адмаўляем, і актыўна запрашаем маладых. У нас увогуле клуб вельмі жывы, актыўны, людзі натхнёныя, майстры выдатныя і нават знакамітыя. Я вельмі люблю наш клуб.
— Ці многа ў вас вядомых майстроў, так бы мовіць — зорак? Пра некаторых газета “Культура” ўжо і пісала — пра мастака Чэслава Жуселя, пра сям’ю Зінкевічаў…
— Зоркі ў нас, вядома, ёсць, і нават не адна-дзве. Але нашы зоркі вылучаюцца тым, што не імкнуцца ўваходзіць у афіцыйныя структуры, атрымліваць званні... А маглі б вельмі многія. І мы з мужам Міхаілам — а ён разьбяр па дрэве — хоць і 30 гадоў у народных рамёствах, таксама не бачым у гэтым вялікай патрэбы. У клубе толькі два чалавекі з’яўляюцца членамі Саюза майстроў народнай творчасці — бацька і сын Лук’янцы. Уладзімір Лук’янец, што займаецца лозапляценнем, мае пачэснае званне народнага майстра Беларусі, яго сын Сяргей таксама паспяхова займаецца гэтай справай. Смела можна назваць зоркамі Валерыя і Элеанору Зінкевіч. Валерый — адзін з самых вядомых ганчароў Беларусі, рэканструктар гістарычнай і этнаграфічнай керамікі. Элеанора — майстар і ў саломапляценні, і ў ткацтве, яна загадвае нашым музеем. Карціны мастака Чэслава Жуселя, чалавека ўжо паважнага веку, высока ацэнены і прафесіяналамі. За гэтыя гады, на жаль, шмат хто з майстроў перайшоў ужо ў лепшы свет. Зоркамі я б назвала маці з дачкой, якія ўжо больш за 20 гадоў актыўна і на вельмі добрым узроўні займаюцца саломкай: гэта Марыя Шлабун і Святлана Навумёнак. А ёсць яшчэ Вера Мікалаеўна Шыкалава, любімы мной чалавек. Ёй пад 80, але яна за што ні возьмецца — усё атрымліваецца: і ткацтва, і саломка, і ласкутнае шыццё, а зараз яна шые аўтарскую ляльку, і мы нават праводзілі яе ўласную, асобную выставу лялек. І так я магу расказваць доўга, у нас багата выдатных майстроў.
— Вас таксама, мабыць, можна назваць зоркай? Вы выстаўляецеся не проста як майстар, але і як мастак у галіне тэкстылю. А як вы сябе вызначаеце ў першую чаргу — майстар ці мастак?
— Хацелася б, канешне, быць мастаком, я мару пра гэта. І скончыла я мастацка-графічны факультэт у Віцебску, хаця сама з Мінска. Але паступіць пасля школы ў тэатральна-мастацкі інстытут у Мінску мне было нерэальна — я так думала, у тыя часы там быў неверагодны конкурс: таму і апынулася ў Віцебску. І гэта мне многае дало. Я Віцебску вельмі ўдзячная, адметная віцебская школа на мяне моцна паўплывала. Большую частку часу я майстар, бо мастацтвам у Браславе, вядома, не заробіш. І нейкімі тэкстыльнымі эксперыментамі, творамі без практычнага прымянення я займаюся быццам для сябе. Лакальныя выстаўкі па вобласці ў мяне праходзяць нярэдка, але каб куды далей — гэта, мабыць, трэба было б і жыць неяк бліжэй да цэнтраў. Але была гадоў сем таму выстава ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва, і зараз у красавіку плануецца мой персанальны праект у віцебскай Арт-прасторы на Талстога, 7, якую я лічу ўнікальным і абсалютна чароўным месцам.
— Не шкадуеце, што лёс абраў для вас Браслаў? Мастаку з памкненнямі, мабыць, няпроста быць удалечыні ад цэнтраў мастацтва.
— Гэта складанае пытанне, але я стараюся сабе яго не задаваць. (Смяецца.) У нейкім сэнсе я фаталіст, і думаю, што ўсё адбываецца так, як і павінна было. У Браслаў я трапіла ж нават не па размеркаванні — мяне сюды муж прывёз: ён сам мясцовы, а мы з ім вучыліся разам на “худграфе” ў Віцебску. І не ў Браслаў ён мяне спачатку прывёз, а 13 гадоў мы пражылі ў вёсцы Урбаны, што на самай мяжы з Латвіяй. Гэта быў вельмі цікавы досвед для мяне, мінчанкі. Скажу шчыра, я не шкадую ні пра што. З аднаго боку, у вёсцы я была цалкам адарваная ад мастацкага жыцця. А з іншага — гэта дало мне магчымасць развівацца ў сваім кірунку: усё, што я пачынала рабіць, было толькі маім. Думаю, тая адарванасць і дазволіла нарадзіцца майму мастацтву.
— Якія творы ў вас атрымліваюцца як у мастака па тэкстылі?
— Мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн, у некалькіх сталічных праектах якой я ўдзельнічала, раіла мне не называць свае работы тэкстыльнымі пано, маўляў, гэты тэрмін ужо аджыў. Але габеленамі ці карцінамі іх нельга назваць, таму, мабыць, скажу, што ў мяне многа тэкстыльных кампазіцый. Вось вы спыталі, мастак я ці майстар — гэтае пытанне ўва мне і да сёння сядзіць. Я бачу сябе мастаком, але гэта шлях, па якім я яшчэ іду і не ўпэўнена, ці дайшла. Тая выстаўка 2015 года ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва мне дадала ўпэўненасці, тады я паказала і творы, натхнёныя Малевічам, Віцебскам. Мне сучаснае мастацтва ўвогуле падабаецца, падабаюцца супрэматычныя падыходы. У мастацтве я ўвогуле шукаю для сябе свабоды — гэта мой матыватар. У жыцці яе складана знайсці, мы залежым ад шмат абставін, а ў творчасці гэта магчыма. За апошнія гады я нарабіла арт-аб’ектаў — скульптур тэкстыльных, якія, я разумею, нікому не патрэбныя, і я іх захоўваю на гарышчы, — але мне яны так падабаюцца! На красавіцкую выставу ў Віцебск, мабыць, нешта прывязу.
Але магу сказаць, што і кіраванне клубам “Ля возера” — гэта творчасць, кожная нашая выстава — быццам мой твор. Спачатку ж з’яўляецца ідэя, канцэпцыя, потым заахвочваеш ёю майстроў і мастакоў. Многія з іх людзі простыя, і ім трэба даць мэту, да якой імкнуцца, яны павінны чагосьці чакаць, да чагосьці рыхтавацца і хвалявацца. Акрамя вялікай зімовай выставы мы і іншыя рыхтуем, і заўсёды прыдумляем нешта адметнае. Зараз рыхтуем выставу “Джынсаманія”, у аснове якое будзе такі матэрыял, як джынс, і ўсе майстры змогуць уключыць сваю фантазію. У мяне да народнай творчасці свой падыход — я лічу, што гэта не толькі працяг традыцыі, не толькі рэканструкцыя таго, што рабілі нашы продкі, а гэта ўсё, што і сёння робяць творчыя людзі. Чым сучасны чалавек горшы за таго, хто жыў у ХІХ стагоддзі? Таму ў нашым клубе мы вітаем любыя праявы творчага духу: калі чалавек шчаслівы ад таго, што ён стварае, як гэта можна не вітаць? А я, са свайго боку, павінна дапамагчы людзям знайсці стымул для гэтай творчасці.