ЯК ПЕРАВЫКАНАЦЬ ПЛАН?
Першае маё тэлефанаванне было ў Клічаў Магілёўскай вобласці. І, як запэўніў мяне кіраўнік мясцовай дзіцячай школы мастацтваў Уладзімір Суравец, летась праца ішла някепска.
— Асаблівых праблем у нас на сёння за 2021 год няма, усе планавыя паказчыкі, даведзеныя нам кіраўніцтвам, выкананы, — адзначыў суразмоўца. — Вытрымліваем усе нормы, якія нам даводзіць санстанцыя, размяшчаем навіны пра школу, дасягненні нашых навучэнцаў як у сацыяльных сетках, так і на сваім сайце.
Да слова, яшчэ прыкладна пяць гадоў таму, да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2017”, Клічаўская ДШМ пераехала ў рэканструяваны будынак былой гарадской паліклінікі, а класы ў школе былі ўкамплектаваныя ўсімі неабходнымі музычнымі інструментамі. Сёння тут навучаецца больш за 200 выхаванцаў па пяці напрамках — музычная, харэаграфічная, выяўленчая, мастацка-эстэтычная, народная творчасць.
Някепска справы ідуць і ў ДШМ на Гомельшчыне. Так, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Жыткавіцкага райвыканкама Сяргей Агіевіч, даўні знаёмы “К”, адзначыў, што летась планы платных паслуг для мясцовай ДШМ былі нават павялічаны.
Дырэктар Жыткавіцкай ДШМ Жанна Гарэлава пацвердзіла гэтую інфармацыю.
— За год мы значна павялічылі аддачу ад платных паслуг і ў выніку выйшлі на паказчыкі 142,4% ад плана мінулага года, — кажа Жанна Гарэлава. — Так што можна сказаць, план мы выканалі і нават перавыканалі. Змаглі гэта зрабіць за кошт канцэртнай дзейнасці, дадатковага набору навучэнцаў. Напрыклад, у мінулым навучальным годзе ў нас вучылася 388 чалавек, а цяпер — 425. Таксама мы павялічылі колькасць падрыхтоўчых груп, а яшчэ выдаём за плату напракат музычныя інструменты (акардэон, баян, скрыпка, цымбалы), гэта не надта вялікія грошы — 5 рублёў на месяц на працягу навучальнага года.
Па словах Жанны Гарэлавай, калектыў Жыткавіцкай ДШМ паспяхова спраўляецца са сваёй галоўнай задачай — падрыхтоўкай адоранай моладзі да працягу профільнай адукацыі. Акрамя таго, многа чалавек пайшло па педагагічным шляху, стаўшы выкладчыкамі дзіцячых школ, музычных каледжаў, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў ды Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. А яшчэ школа праводзіць адкрыты рэгіянальны конкурс дзіцячага мастацтва “Залатая нота Палесся”, прымеркаваны да дня нараджэння знакамітага земляка Уладзіміра Будніка.
СВЕТ І ЯГО МЕЖЫ
Вядома, шчасце любога настаўніка — у вучнёўскіх поспехах. А для навучэнцаў раённых ДШМ самае вялікае шчасце — перамагчы ў розных музычных конкурсах, як раённага, абласнога, так і рэспубліканскага ды міжнароднага ўзроўняў. Праўда, гэтыя конкурсы сёння, у сувязі з пандэміяй, часцяком ладзяцца анлайн ці дыстанцыйна. Таму, як адзначалі ў размове са мной многія кіраўнікі дзіцячых школ мастацтваў, найбольш негатыўных аспектаў яны атрымалі ад закрыцця межаў і абмежаванняў уезду ў іншыя краіны ў сувязі з распаўсюджваннем Covid-19. Гаварылі пра згаданыя праблемы ў размове са мной і на Міншчыне.
— На жаль, нашы вучні цяпер не могуць паехаць за мяжу, таму, у асноўным, удзельнічаем у шматлікіх конкурсах, якія ладзяцца дыстанцыйна, заваявалі на іх звыш 170 дыпломаў рознага ўзроўню, — паведаміла дырэктар Слуцкай ДШМ Наталля Сапелкіна. — А, напрыклад, нядаўна, у снежні, у Гомелі адбыўся XVIII Міжнародны дзіцячы конкурс “Музыка надзеі”, у якім узялі ўдзел больш за 100 чалавек з Беларусі, Расіі і Украіны. Двое нашых навучэнцаў на названым конкурсе заваявалі дыпломы лаўрэатаў І і ІІ ступені.
Па словах Наталлі Сапелкінай, у сувязі з тым, што для дыстанцыйных конкурсаў трэба здымаць якасныя відэаролікі, педагогі Слуцкай ДШМ асвоілі як навыкі здымак відэакамерай, так і апрацоўкі атрыманых відэазапісаў. Акрамя таго, гэтыя ролікі размяшчаюцца ў сацыяльных сетках і на відэахостынгу YouTube. Тое самае адбываецца і з канцэртамі з удзелам навучэнцаў — імпрэзы таксама запісваюцца і дэманструюцца для ўсіх ахвотных у інтэрнэце.
Тое самае робяць і ў Мастоўскай ДШМ, што на Гродзеншчыне. Як кажа дырэктар Мастоўскай ДШМ Алена Маскевіч, навучэнцы ўдзельнічаюць у шматлікіх дыстанцыйных конкурсах (больш за 200 удзельнікаў за мінулы навучальны год), на якіх часта перамагаюць і атрымліваюць дыпломы лаўрэатаў. Напрыклад, нядаўна навучэнка школы Ганна Карпава прыняла ўдзел у VIII Рэспубліканскім конкурсе маладых выканаўцаў “Беларускія таленты”, у якім стала лаўрэатам ІІ ступені.
Настаўнікі выкладваюць відэаролікі на YouTube, у сацыяльных сетках, на сваім сайце публікуюць разнастайную інфармацыю і актуальныя навіны, а таксама супрацоўнічаюць з мясцовай прэсай — публікуюць інфармацыю пра падзеі школьнага жыцця на старонках раённай газеты “Зара над Нёманам”.
Цікава, што ў Мастах план платных паслуг выконваць цяпер значна лягчэй, чым, скажам, два ці тры гады таму.
— Платныя паслугі нам, у сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй, зменшылі, — кажа дырэктар Мастоўскай ДШМ Алена Маскевіч. — Напрыклад, калі да пандэміі гэта было 2600 рублёў на месяц, дык цяпер — 1500-1800 рублёў на месяц. Так што з выкананнем плана платных паслуг спрабуем спраўляцца, нягледзячы на ўсе цяжкасці, звязаныя з распаўсюджваннем Covid-19.
ДАСЯГНЕННІ — НА ВЫШЫНІ
У прынцыпе, сітуацыя, па-добная да апісанай, складваецца і ў іншых раённых ДШМ Беларусі. Напрыклад, у Лунінцы, што ў Брэсцкай вобласці, і салісты, і калектывы мясцовай дзіцячай школы мастацтваў працягвалі ўдзельнічаць і ў традыцыйных, і ў дыстанцыйных конкурсах самага рознага ўзроўню. І, натуральна, заваёўваць узнагароды.
— Акрамя таго, летась было прысвоена званне “ўзорны” нашаму дзіцячаму хору “Созвучие”, — адзначыла “К” дырэктар Лунінецкай ДШМ Вольга Белавус. — Так што 2021 год мы, можна сказаць, закончылі на высокай, мажорнай ноце.
Згаданы дзіцячы хор, да слова, стаў нядаўна пераможцам двух конкурсаў — VI Міжнароднага фестывалю мастацтваў «BYFEST» (Мінск) і IV Міжнароднага дыстанцыйнага шматжанравага фестывалю “Белавежская зорка” (Брэст). А ў самой дзіцячай школе мастацтваў Лунінца днямі, 22 снежня, прайшоў раённы фестываль юных выканаўцаў па акадэмічным напрамку (фартэпіяна, скрыпка, акадэмічныя спевы).
Як адзначыла Вольга Белавус, у Лунінецкай ДШМ ёсць свой сайт, а таксама ўстанова прысутнічае ў сацыяльных сетках, дзе размяшчаецца актуальная інфармацыя пра школу. Да таго ж, па словах дырэктара, самі выкладчыкі ДШМ актыўна выкладваюць звесткі і навіны пра сваю дзейнасць на асабістых старонках у сацыяльных сетках.
А вось у Шаркаўшчынскай ДШМ, што на Віцебшчыне, свайго сайта пакуль што няма. Разам з тым, уся інфармацыя пра школу размяшчаецца ў сацыяльных сетках, а таксама на старонках раённай газеты “Кліч Радзімы”.
— Як, мабыць, і іншыя школы мастацтваў Беларусі, мы актыўна ўдзельнічаем у многіх дыстанцыйных конкурсах, — адзначыла ў размове са мной намеснік дырэктара Шаркаўшчынскай ДШМ Таццяна Райкевіч. — А таксама зусім нядаўна, у снежні, зладзілі ўжо ў пяты раз адкрыты рэгіянальны фестываль ансамблевай музыкі “Радуга созвучий”, у якім, акрамя нашых навучэнцаў, удзельнічаюць канкурсанты з Браслаўскага, Глыбоцкага, Мёрскага раёнаў Віцебскай вобласці. Сёлета, праўда, было менш удзельнікаў, чым звычайна: шкада, што не бралі ўдзел госці з Літвы і Латвіі, якія раней да нас часта завітвалі. А вось з Расіі нам змаглі прыслаць свае матэрыялы для ўдзелу ў конкурсе, чаму мы былі вельмі рады.
Што ж, нават невялікі агляд дзейнасці некаторых ДШМ краіны наглядна паказвае, што праца ў іх ідзе сваёй хадой, не спыняючыся перад перашкодамі. Не варта і казаць, што неспрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя — гэта не прычына сядзець склаўшы рукі, а своеасаблівы выклік часу, якому можна з поспехам супрацьстаяць. Што, як бачна, і робяць кіраўніцтва, выкладчыкі ды і самі навучэнцы раённых дзіцячых школ мастацтваў.