Аўтабіблятэка з’явілася ў Лоеўскім раёне ў красавіку 2011 года, працуе па 11 маршрутах, абслугоўвае 38 населеных пунктаў, дзе пражывае 1268 чалавек. Колькасць чытачоў — амаль 500 чалавек. Да іх паслуг — кнігі, перыядычныя выданні, сэрвіс «Кніга пад заказ», мерапрыемствы, кніжныя выставы, канцэртныя нумары артыстаў мастацкай самадзейнасці. Выкарыстанне мабільнай бібліятэкі дае магчымасць максімальна наблізіць інфармацыю да карыстальнікаў, пашырыць сферу бібліятэчнага ўплыву, павысіць асноўныя паказчыкі працы і атрымаць значны сацыяльны эфект ад бібліятэчнай дзейнасці на вёсцы. Нездарма дэвіз аўтабібліятэкі «Вёска, у якой чытаюць, яшчэ доўга будзе жыць».
У канкрэтна ўзятай вёсцы мы бываем раз у месяц. Выязджаем і летам, і ўзімку. Нашаму шыкоўнаму аўтамабілю — дзесяць гадоў. Глядзім за ім з усім стараннем. Але як ні сочым пільна, але ж патрабуе ён перафарбоўкі. Сёлета мяркуем зрабіць. Не стае і ўнутранага абсталявання. Не, уся камп’ютарная тэхніка ў нас ёсць. Маю на ўвазе зручныя паліцы, стэлажы для кніг. Штосьці рабіць саматужным спосабам не вельмі хочацца.
У абслугоўванні выкарыстоўваецца індывідуальны падыход. Працягласць некаторых вёсак вялікая, а асноўная частка чытачоў — пенсіянеры сталага ўзросту, таму бібліятэкары пасля асноўных стаянак наведваюць іх дома. Іх задача — парэкамендаваць кнігу, даведацца аб ужо прачытанай літаратуры, выслухаць чытача, распавесці яму гарадскія навіны, спытаць пра самаадчуванне. У сваю чаргу чытачы дзеляцца з бібліятэкарамі сваімі радасцямі, расказваюць пра падзеі ў вёсцы, аб вырашчаным ураджаі, ужыванні парад з часопісаў у гаспадарцы, паказваюць свае рукадзельныя работы.
Нас вельмі радуе, што вяскоўцы чакаюць прыезд аўтабібліятэкі, вяртаюць прачытаныя кнігі і часопісы, ахвотна бяруць іншыя, робяць новыя заказы на літаратуру. І мы вельмі ганарымся сваімі актыўнымі чытачамі, бо сярод аматараў чытання ёсць сапраўдныя кнігаманы.
Назапашаны вопыт дазваляе рыхтаваць акцыі, весці праектную і конкурсную работу, якая значна паляпшае якасць абслугоўвання і прыцягвае новых чытачоў. Для аўтабібліятэкі распрацаваны праекты «Беларускай кнізе — сельскі адрас», «Акно ў свет: самая мабільная бібліятэка», дзейнічаюць акцыі «Дарогай выселеных вёсак» да 35-годдзя катастрофы на ЧАЭС, «Нам гады не бяда, калі маладая душа», «Новы год у кожны дом» і інш.
Работнікі аўтабібліятэкі далучыліся да даследчай і пошукавай работы па стварэнні фонду краязнаўчых дадзеных на электронных і традыцыйных носьбітах, здольных пашырыць уяўленне аб краі, яго гісторыі, культуры, людзях. Так быў створаны праект «Аўтавандроўкі па родным краі: збіраем старонкі гісторыі». Праект разлічаны на два гады, актуальнасць яго ў тым, што мы не толькі знаёмімся з жыццём, працоўнай альбо творчай дзейнасцю знакамітых землякоў, але і ў тым, што мы афармляем і захоўваем атрыманы матэрыял. Назапашана ўжо ладная колькасць фатаграфій, дакументаў, ручнікоў і вышыванак.
Лоеўская зямля дала жыццё цэлай кагорце таленавітых людзей, мае самабытную культуру, багатае мінулае, якое неабходна вывучаць і зберагаць для будучых пакаленняў. У выніку праекта створаны відэаролікі і аўдыязапісы, папоўнены фонды бібліятэкі згодна з тэмай праекта, падрыхтаваны публікацыі ў перыядычным друку па выніках работы.
Жыццё народа не мае зыходнага пункта. Ніводная дата не з’яўляецца пачынальнай: заўсёды нешта было і раней. Любыя веды аб мінулым набліжаюць яго да нас, выклікаюць жаданне даведацца пра былое яшчэ болей. Знаёмячыся з жыццём землякоў, мы знаходзім у ім падставы для гонару за сваю зямлю і яе людзей, на чым і грунтуецца любоў да Айчыны, жаданне служыць ёй, працаваць на карысць гэтых людзей.
Тамара Навуменка, дырэктар Лоеўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі