— Вас можна павіншаваць з самым вялікім поспехам у яшчэ нядоўгай музычнай кар’еры…
— Думаю, самыя галоўныя дасягненні ў мяне яшчэ наперадзе, але на гэты момант — так. Падзеі апошніх гадоў быццам рыхтавалі мяне да ўдзелу ў “X-Фактары”: падчас тэрміновай службы ў войску я трапіў у Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных сіл Беларусі — выступаў нават у Маскве на сцэне Крамлёўскага палаца, пазалетась удзельнічаў у адборы на “Славянскі базар у Віцебску” — тады ўпершыню спяваў у жывым тэлеэфіры, і г. д. Адбор на “X-Фактар” пачынаўся ж яшчэ ў 2020 годзе. І тады, памятаю, брат мне напісаў: “Давай, падавайся туды!” Але на той момант я быў яшчэ не гатовы — і вакальна, і псіхалагічна. Але потым прыняў удзел у адборы на віцебскі фестываль, набыў вопыт як прафесійны артыст у Лідскім эстрадным аркестры, і вось цяпер адбылося тое, што адбылося.
— Наколькі бурна перажылі перамогу? Цяпер вы так спакойна, без асаблівых эмоцый пра гэта гаворыце…
— Мабыць, я яшчэ не паспеў да канца ўсвядоміць, не было на гэта часу — усё распісана па хвілінах. Пасля фіналу 25 снежня — сустрэчы, інтэрв’ю, здымкі… З’ездзіў у родную вёску падзякаваць усім сваім — у наш Дом культуры сабралася больш за сотню чалавек, а для Бердаўкі гэта рэкорд! Спяваў, расказваў гісторыі, адказваў на пытанні. У Лідзе была сустрэча з прыхільнікамі — нехта нават са Слоніма на яе прыехаў, сустракаўся з адміністрацыяй горада…
— Пра вас на тэлепраекце часта гаварылі як пра “сялянскага баяніста”…
— А я і не хаваю, што сам з вёскі і вучыўся па класе баяна — у нашым аграгарадку Бердаўка Лідскага раёна працуе філіял музычнай школы. І я ганаруся сваёй вёскай, дзе мяне заўсёды падтрымлівалі, дапамагалі, казалі: “Давай, выбівайся ў людзі, ідзі наперад!” Яны за мяне вельмі рады, і на сустрэчу ў Дом культуры прыйшла адна шостая частка вёскі. (Смяецца.) Мяне ўсе ведаюць, бо я там з шасці гадоў выступаю. Часцей я спяваў пад гітару, але ў Лідскі музычны каледж паступіў па класе баяна. І вось там ужо на выпускным курсе наша выкладчыца сальфеджыа сказала, што ў мяне ёсць задаткі вакаліста, і адправіла да педагога па вакале. За паўгода мне зрабілі рэпертуар, і я паступіў у Гродзенскі ўніверсітэт на аддзяленне харавога дырыжыравання і вакалу.
Але займаўся я акадэмічным вакалам — опера, аперэта, класічныя творы: у мяне такі голас, тэнар. Пад час вучобы працаваў у “Гродзенскай капэле”, і мы спявалі месы ў касцёле, калі там збіралася пад тысячу чалавек — для мяне гэта былі вельмі значныя падзеі. Як вакаліст я моцна развіўся ў ансамблі ў арміі, бо мне пашанцавала там сустрэцца з заслужаным артыстам Беларусі Леанідам Міхайлавічам Некрашэвічам — выдатным педагогам па вакале, з італьянскай школай спеваў. Але акадэмічнаму спеваку, каб выступаць на вялікіх сцэнах, трэба быць найлепшым, бліскучым, бо там усё выконваецца ў аднолькавай манеры. А я пасля арміі пайшоў у Лідскі эстрадны аркестр і там паціху пачаў засвойваць эстрадны рэпертуар.
— Ваш шлях у тэлепраекце не быў беспраблемным. Наадварот — на самым пачатку былі перашкоды, і крытыкавалі вас пад час жорстка…
— Так, яшчэ на папярэдніх этапах было няпроста, і ў трэніровачным лагеры я ўсё спрабаваў недзе схавацца. Трапіў спачатку ў каманду Сярогі, але ён мяне хутка выключыў — выратавала Вольга Бузава, узяўшы ў сваю каманду. І ніяк я тады не мог падумаць, што здолею перамагчы.
— Як вам, чалавеку з вышэйшай вакальнай адукацыяй, працавалася з гэтым настаўнікам?
— Зазначу, што Вольга Бузава была не педагогам, а настаўнікам каманды. У нас былі іншыя педагогі па вакале, і быў музычны прадзюсар — а гэта знакаміты па рабоце на украінскім “X-Фактары” Мікалай Сосін. А Вольга выступала хутчэй як прадзюсар. Яна глядзела ўсе нумары і абмяркоўвала іх з прадзюсарамі праекта, яна сачыла за тым, каб у інтэрнэце пра нас гаварылі, каб заўсёды было чутна пра “X-Фактар”. І падтрымлівала ў псіхалагічным плане, накіроўвала духоўна. Праект разлічаны на выпрабаванне трываласці, і Вольга дапамагала нам спраўляцца са стрэсам, расказвала гісторыі са свайго вопыту, дзялілася прыёмамі, як вытрымліваць нагрузку, як рэагаваць на хейтараў. Я задаволены тым, што маім настаўнікам была менавіта Вольга. Яна падтрымлівала не толькі мяне — нас усіх. На тэлеэкране глядач бачыць нешта адно — у тэлебачання свае законы, а мы знутры бачым крыху іншае. І Вольга, па-мойму, рабіла ўсё годна і правільна.
— Якія выступленні ў вас атрымаліся найлепш, а якія, можа, праваліліся?
— Зусім правальных, мабыць, і не было, але касякоў, канешне, хапала. Самы першы эфір, я лічу, атрымаўся ідэальным — бо тады было шмат часу для падрыхтоўкі: я выконваў “Як ты там” з рэпертуару Alekseev’а. На пятым эфіры, калі нагрузка вырасла неверагодна, я трохі наблытаў са словамі “Замак з дажджу” Уладзіміра Праснякова. Тады ўсе канкурсанты ўжо ледзь не падалі ад стомленасці і ва ўсіх былі праблемы са звязкамі. У цэлым я сабою задаволены — бо выстаяў, вытрымаў, хаця, канешне, заўсёды можна было б і лепей. На трэцім эфіры я выйшаў на сцэну ў выглядзе вампіра, калі спяваў песню на французскай мове з мюзікла “Моцарт. Рок-опера”, — адкрыў у сабе новыя бакі ў плане артыстызму. Я ж раней такія песні не спяваў. У аркестры даводзілася выконваць нешта з Меладзэ, з класічнай савецкай эстрады, бадай і ўсё. І на тэлепраекце я ўсяму вучыўся ў працэсе. Увогуле, я бачу сябе выканаўцам поп-музыкі, але лірычнай, прыгожай — як у Сяргея Лазарава ці Alekseev’а. І сам я пішу такія ж лірычныя і меладычныя песні.
— Па рэжысёрскім сцэнарыі на экране нярэдка абыгрывалася тэма, што вы стрыманы, выхаваны, сціплы хлопец. Вы сапраўды такі ў жыцці?
— Выказваць падобныя меркаванні — справа іншых людзей, але я на праекце быў такім, якім ёсць. Мне ніхто не прыдумваў ніякага іміджу, у мяне яшчэ не было папярэдняй працяглай кар’еры, каб гэты імідж склаўся. Я там абсалютна нічога не хаваў. Але ў мяне сапраўды ёсць павага да людзей, я лічу, што паводзіць сябе трэба заўсёды годна, што трэба не скандаліць, трэба цаніць час і працу іншых, і г. д.
— На думку многіх, ледзь не лепшае вашае выступленне было з песняй “Маміны вочы” з рэпертуару Тамары Гвердцытэлі. Вельмі балючая тэма, і тэлебачанне рызыкнула паглыбіцца ў вашу асабістую трагедыю. Уяўляю, як было няпроста выступаць з такой песняй.
— Я спачатку не расказваў і не збіраўся. Маёй мамы не стала 13 гадоў таму ў выніку крымінальнага здарэння. Але з канкурсантамі для тэлевыпускаў робяцца вельмі працяглыя інтэрв’ю, і неяк мы так разгаварыліся, што я сам не заўважыў, як пачаў адкрывацца. Гэта такая асабістая тэма, на якую я ўжо даўно ні з кім не размаўляў. І прадзюсары прапанавалі мне песню “Маміны вочы”. А я ніколі не спяваў пра маму — проста не мог. Выступленне ў тым конкурсным эфіры мне далося неверагодна цяжка. І эмоцыі мне не трэба было прыдумляць — яны былі сапраўднымі.
— Як у пераможцы тэлешоу ў вас пачынаецца зусім новае жыццё. Што ў бліжэйшым раскладзе?
— На базе “X-Фактара” створана прадзюсарская кампанія на чале з Сяргеем Мінскім, і ўсе 14 фіналістаў падпісалі з ёй кантракт: мае выступленні цяпер будуць адбывацца толькі пад кіраўніцтвам прадзюсараў. З лютага па ліпень у нас плануецца гастрольны тур па Беларусі, які скончыцца вялікім канцэртам на фестывалі “Славянскі базар у Віцебску”. Зараз для нас пішуцца песні, якія потым пойдуць у эфіры, — звычайная праца.
Для мяне вельмі важна выказаць падзяку — шчырую падзяку ўсім гледачам, якія мяне падтрымлівалі, за мяне галасавалі! І шчыра дзякую Белтэлерадыёкампаніі за тэлепраект, які даў мне такі шанс.