Аднак кожны бібліятэкар па-свойму разумее краязнаўчую работу: для кагосьці гэта справа жыцця, а для іншага — лішняя нагрузка і фармальнасць. Пры гэтым у кожнага бібліятэкара, які сутыкаецца з гэтай працай, з’яўляюцца тыя ці іншыя пытанні. Знайсці адказы на гэтыя пытанні паспрабавалі ў Клімавічах на базе цэнтральнай раённай бібліятэкі, дзе днямі адбыўся семінар бібліятэкараў Клімавіцкай бібліятэчнай сеткі на тэму “Бібліятэчнае краязнаўства: новыя тэндэнцыі і традыцыйныя каштоўнасці”.
Асноўным на семінары стала пытанне эфектыўных форм краязнаўчай работы публічных бібліятэк на сучасным этапе. Сваім бачаннем на гэты конт падзялілася загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Марыя Шылава. У прыватнасці, для папулярызацыі радзімазнаўства сярод сваіх калег абвесціла конкурс на лепшую бібліяграфічную прадукцыю краязнаўчай тэматыкі “Я тут жыву, і край мне гэты мілы”.
Не менш важнае пытанне ўзняла метадыст Юльяна Клімянкова — выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій па краязнаўстве. Бібліятэкары мелі магчымасць убачыць розныя варыянты краязнаўчых рэсурсаў, размешчаных у інтэрнэце: сайты і блогі, слайд-шоу і буктрэйлеры. Удзельнікі семінара даведаліся пра арганізацыю, дзейнасць і перспектывы цэнтраў краязнаўчай інфармацыі ў бібліятэках, а таксама пра вопыт работы цэнтральнай бібліятэкі па выпуску друкаванай прадукцыі пра рэгіён.
Дарэчы, нядаўна Клімавіцкая ЦРБ прыняла і раённы форум творчай інтэлігенцыі “Год культуры крочыць па краіне”.