Рэпліка пра культуру сумесных спеваў

№ 10 (1136) 08.03.2014 - 14.03.2014 г

Анатоль КАШАПАРАЎ, спявак, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь:
— Дзякуючы новым тэхналогіям і паўсюднаму выкарыстанню камп’ютара ўсе сталі музыкантамі, кампазітарамі, спевакамі. Нават “шаптуны”, як я называю некаторых нашых наваяўленых артыстаў… А вось за сталом ніхто ж не спяе… Прыгадваю, як зусім нядаўна на запісе расійскага ток-шоу, дзе я прысутнічаў, адзін з гасцей звярнуўся да залы, поўнай гледачоў, з заклікам: “Давайце пра ёлачку песню спяём! Ну давайце ж…” — шукаў ён вачыма таго, хто падтрымаў бы ягоную ідэю. Але сядзяць спевакі за галоўным сталом — і ніхто не можа зацягнуць. Мяне ж перасадзілі ўжо бліжэй да гледачоў, і я зірнуў на людзей вакол ды, прапанаваўшы дапамагчы, заспяваў тую песню. Калі ж пасля на сцэну вывезлі раяль і запрасілі паўтарыць песню разам усім артыстам, так і не заспявалі калегі пераканаўча. У выніку, у праграму ўвайшоў той першы фрагмент, дзе я спяваў з залай...

/i/content/pi/cult/470/9986/11_1.jpgТак, гэты выпадак — не паказчык, але і ён сведчыць пра тое, што пра культуру сумесных спеваў мы забыліся. Вось чаму так неабходна захаваць нашы цудоўныя беларускія гармоніі, мелодыі, песні. Бо цяперашні стан эстраднай музыкі наогул сведчыць пра ўзровень культуры і, што самае важнае, пра стаўленне людзей да яе… Сумна, калі ўлічыць тое, наколькі багаты духоўна і творча наш народ.

І яшчэ. Ведаеце, жывучы за мяжой ды атрымліваючы лісты па электроннай пошце, я заўважыў, што нашы людзі — пісьменныя, пішуць без памылак, у адрозненне ад жыхароў іншых краін, якія дапускаюць у адным слове па дзве-тры памылкі. Рабіце высновы. І культурны ўзровень беларусаў тут адыгрывае не апошнюю ролю...