Гэты здымак вельмі любіў сам Барадулін. / Фота Сяргея ШАПРАНА
Міколу Прашковічу
"На Беларусі
Пчолы, як гусі", —
Прыгадваў зямляк у выраі.
Зоры спелі, зоры гаслі,
Мох зязюльчын
рос на вываратнях.
"Ем сырую зайчыну
Ды люблю Айчыну!" —
Прысягаў паўстанец
нябёсам.
Дзверы
дню маладому
расчынены —
Расой ішла песня босая:
"Я здыму парчу,
Ножкі абвярчу...
Песню азяблую
Сагрэць хачу..."
Торкнецца ў крыгу
лыч карасіны,
Сонную роўнядзь успеніць.
Згару я
на вейцы тваёй
расінкай,
Беларусь —
мая мова і песня.
1962 г.
Кайсыну Куліеву
Няма народаў малых —
Бываюць малыя паэты.
Паэт — неспакою слых:
Ён чуе травінкі ўскалых
I грукат сэрца планеты.
Будзь сынам у шчасці й журбе,
Хай шчодрыцца
сціплая праца,
Хай зайздрасць душу
не шкрабе, —
Народу сплаці, што табе
Дазволіў паэтам назвацца!
Залётнага ветру павеў
He ўхмурыць крамянага лета.
Скептыка выпалі, гнеў, —
Каб вывучыць мову схацеў
I думаў на мове паэта!
Паэтава ймя нездарма
Край носіць, паэтам апеты.
А песня не носіць ярма.
Народаў малых няма!
Бываюць малыя паэты...
1974 г.
Долі інакшай не трэба зямной,
Сэрца пагоднее ад суцяшэння:
Родная мова ступала за мной
Ад калыханкі
Да галашэння...
1975 г.
Перунамі жагнаныя абразы —
Перастылі азёры прадонна.
Выспу смутку майго
Ледзяняць маразы:
Маме ў зямлі сцюдзёна...
1975 г.
Я стану, як стэп, салёны,
Нібы Ледавіты,
Шквальны,
Каб толькі пачуць:
— Шалёны!
Каб толькі пачуць:
— Ненармальны...
Растаю боязі льдзіны,
Садзьму
Недаверу барханы,
Каб толькі пачуць:
— Адзіны!
Каб толькі пачуць:
— Каханы...
Гатоў на любыя згубы,
Каб моўклі губы адчаю,
Абы не адчуць:
— Нялюбы...
Абы не пачуць:
— Звычайны...
1976 г.
Святло
(Ушацкае падaнне)
Яны сядзелі каля агню,
Кармілі галодны агонь
ламаччам.
I сын раптоўна
схапіў галаўню,
I торкнуў, гарачую,
Ў вочы матчыны.
Усе былі ў першабытным стане:
Агонь,
І людзі,
І ноч у сутане.
Агонь ні на што не зважаў,
Балюючы,
Ды стала светла аслеплай начы
Ад крыку матчынага балючага:
— Сыночак, рукі не апячы!..
1978 г.
Матчына песня,
Ты ў полі гарбела,
На маразах у чужыне гібела,
У баразёнцы на міг спачывала.
Болю не трэба было
дабаўляць.
Рук ты не чула,
Але спачувала,
Што ў перапёлкі
ножкі баляць…
1979 г.
Загрузлі ў травах
Сноў грузавікі,
Што везлі ў дамавінах
галашэнне.
А ў партызанскім краі павукі
Дагэтуль вяжуць сеткі,
Як мішэні.
1980 г.
Вучыць не трэба маладых,
Ні лашчыць,
Ні даваць пад дых,
Ім думаць
Трэба даць магчымасць.
Дзяліць не трэба маладых
На гнедых,
Шэрых,
На рудых, —
Абы яны былі з вачыма.
Дзе дзёрзкасць і непрымірэнне,
Нібыта ў першы
дзень тварэння...
[1980-я]
З цыкла“Следам апостала Паўла”
Азёры ніяк не развесці вінамі —
Слабое віно любое.
Нікому нічога не будзьце віннымі,
Апроч узаемнай любові.
Дзяліцеся ласкі нячэрствай скібкаю,
Вы — госці ў гэтым застоллі.
I ваша жыццё, як лучына скіпкая,
Не ўгрэе нябеснай столі.
Прыйшлі, каб пайсці са сваёй таемнасцю.
Рухавы туман растане.
Дык хоць саміх сябе ўзаемнасцю
Сагрэйце на развітанне.
1992 — 1993 гг.
Жаданне
Нябыт абыякава ўсё праглыне.
Я цешыцца
Марнай надзеяй гатовы,
Што нехта захоча
Сказаць пра мяне:
Ён быў на паслугах
У матчынай мовы.
1998 г.
In memoriam
Над Беларуссю
Сонца марудна ўстае,
I спяшаецца за навалай навала.
Адам Міцкевіч паліць
Беларускія вершы свае,
Каб напісаў іх Янка Купала...
2000 г.
Нябёсы мастаку, як ліхвяры,
Час пазычаюць,
Каб паспеў адбыцца,
А не абы адбыць
наканаванне,
Тут, на зямлі, штодня
Ісці з гары
Туды,
Дзе неўміручая крыніца
Вясёла зазвініць на развітанне.
Па незямных мастах
Свой цень мастак
У сваты пасылае да надзеі,
Каб доўг вярнуць свой
З гакам і не позна.
Бяроза радасці
на веснавых лістах
Калыша цішыню і маладзее.
Ад прымакоў
у Вечнасці завозна...
2006 г.
Ты сабе, душа,
Свабодна лётай.
Я дабуду тут
Зямную рату.
Чую, кліча мама
З неахвотай.
Клікала не так,
Бывала ў хату…
2009 г.
З дзённіка бяссонніцы
Круціць жорны
недаспаны гром.
П’яны дождж праз
ручаінкі скача.
Ноч ідзе з пагаслым
ліхтаром.
— Хто схіліўся нада мной?
— Вушача...