Драўляны птах на дачным участку

№ 49 (1123) 07.12.2013 - 13.12.2013 г

Ён стварае “Ціфані” і сабраў амаль згублены млын
Можа і ёсць людзі, цалкам пазбаўленыя прагі збіральніцтва, але мне такіх сустракаць не даводзілася. У адных гэтая жарсць праяўляецца спантанна, у іншых — мае акрэслены вектар і канцэптуальны грунт. Гэта, дарэчы, не такая ўжо рэдкая з’ява, калі нехта аздабляе сваю асабістую прастору не тым, што лічыцца вартым, а тым, з чым камфортна асабіста яму. З такім чалавекам мне давялося сустрэцца. Гэта мастак Уладзімір Цвірка. Ён патэлефанаваў у рэдакцыю і запрасіў на сваё лецішча карэспандэнта, каб той паглядзеў на аўтэнтычны вятрак, што стаіць на ягоным участку.

/i/content/pi/cult/457/9758/2-2.jpg

/i/content/pi/cult/457/9758/2-4.jpg /i/content/pi/cult/457/9758/2-5.jpg

Млын на лецішчы і вітражы “Ціфані”

Дачнік звычайна — гэта фанат натуральнай гаспадаркі і экалагічна чыстых прадуктаў. Альбо — асоба, цалкам пазбаўленая вясковых сантыментаў: ягонае жытло — гэта тая ж гарадская кватэра, дзе ўсё “па-гарадскому” і абсталявана . А тыя, хто і аздабляе свой дом вясковай і псеўдавясковай атрыбутыкай, палічыць, што ставіць пад сваім акном аўтэнтычны млын — гэта "прышпільна", але ж і клопатна...

Дачны пасёлак Хадакова, дзе Уладзімір Цвірка мае лецішча, знаходзіцца непадалёк ад Строчыцы з яе Музеем народнай архітэктуры і побыту. Я ехаў на цягніку, а ў дамоўленым месцы спадар Уладзімір сустрэў мяне на машыне. Пакуль ехалі, паразмаўлялі. Аказалася, што мы вучыліся ў адным інстытуце, на адным факультэце. Тэатральна-мастацкі, мастацка-прамысловы факультэт. Хіба што ў розныя гады. Мяне жыццё занесла ў журналістыку, а спадар Уладзімір, паспрабаваўшы сябе ў розных спецыялізацыях засвоенай прафесіі, засяродзіўся на арт-дызайне. Ён прыватны прадпрымальнік, робіць вітражы ў стылі “Ціфані” для інтэр’ернай аздобы. Не буду паглыбляцца ў падрабязнасці, скажу толькі, што “Ціфані” — гэта з таго ж шэрагу, што і “Мадэрн”, “Югендштыль”, “Сецэсія”, “Стыль Лібэрці”. У вітражах Уладзіміра Цвіркі — пераважаюць абстрактна-раслінныя матывы. Недзе дзясятую частку вытворчасці складаюць свяцільні.

Спадар Уладзімір распавядае, што яны аналагічныя тым, якія ён сам упершыню пабачыў ў час вучобы ў БДТМІ. Тады па праграме культурнага абмену ён з групай студэнтаў трапіў у Польшчу. Тая вандроўка прадугледжвала наведванне завода “Урсус”, што рабіў маленькія трактары. У кавярні завода ён пабачыў такую свяцільню. Высветліў, у якой краме яны прадаюцца, і купіў, аддаўшы за пакупку ўсе грошы, што меў у наяўнасці, ды яшчэ пазычыўшы ў калег-студэнтаў. Калі тыя даведаліся, на якую цацку ён змарнаваў кроўныя савецкія “чырвонцы” (савецкая купюра ў 10 рублёў у краінах сацлагера канвертавалася), дык хацелі пабіць… Дома ён тую свяцільню разабраў, каб зразумець, як яна зроблена. Зноў сабраць не атрымалася.

Потым Уладзімір двойчы бываў у Польшчы, маючы галоўнай мэтай “выведку” тэхналогіі вытворчасці свяцільняў “Ціфані”. І аднойчы гэта атрымалася. У час наведвання салона на тэрыторыі прадпрыемства, якое рабіла свяцільні, ён сунуўся ў дзверы, на якіх было напісана “Пабочным асобам уваход забаронены”, і хуткім крокам праляцеў па калідоры, паслядоўна зазіраючы ва ўсе дзверы, што трапляліся на шляху. Да канца калідора прайсці не паспеў — чужынца вылічылі і вярнулі ў гандлёвую залу. Уладзімір жа зрабіў выгляд, што заблукаў. Ды таго, што ён пабачыў за некалькі хвілін імклівага шпацыру, хапіла, каб самому наладзіць вытворчасць...

Дом як успамін

Пачуўшы гэту авантурную гісторыю, я вырашыў, што і лецішча сваё спадар Уладзімір, мабыць, аздобіў у адпаведным рэтра-стылі. Бо такую ўпартасць і вынаходлівасць можа справакаваць толькі любоў. У дадзеным выпадку — да мастацтва ў канкрэтнай праяве. Вось і чакаў я пабачыць эстэцкую вытанчанасць мадэрна і быў нямала здзіўлены, трапіўшы ў …паўнавартасны музей народнага мастацтва: вышыванкі, збаны, узоры разбярства і кавальства. Тут высветлілася, што паходжаннем Уладзімір Цвірка вясковец, і дом свой свядома напоўніў рэчамі, якія нагадвалі б яму матчыну хату. Дарэчы, пачатак гэтай “экспазіцыі” паклалі некалькі рэчаў, што належалі ягонай маці. Уладзімір прывёз іх з сабою ў Мінск, калі маці не стала.

Слова “экспазіцыя” я невыпадкова ўзяў у двукоссе. Бо гаворка ідзе не пра экспанаты, якія “рукамі не кранаць”. Большасць рэчаў скарыстоўваецца альбо можа быць скарыстана ўладальнікам у гаспадарцы ці побыце. Побач з творамі народных майстроў знаходзяцца рэчы прамысловай вытворчасці, якія гадоў трыццаць — сорак таму былі неад’емнымі атрыбутамі нашага побыту, а сённяшняя моладзь нават не ведае іхніх назваў.

Вятрак — “перліна”

Як сапраўдны гід, перліну калекцыі — млын — спадар Уладзімір паказвае напрыканцы “экскурсіі”. Распавядае, што да думкі паставіць на сваім участку вятрак ён прыйшоў праз настальгію. Уладзімір Цвірка родам з мясцовасці, насычанай помнікамі гісторыі і культуры, — з Карэліччыны. Дакладней, з Памір’я, як гавораць мясцовыя. У адрозненне ад тых гараджан у першым пакаленні, якія любым коштам імкнуліся зачапіцца за горад і хацелі забыць родны кут як страшны сон, сваё вясковае дзяцінства спадар Уладзімір згадвае з цеплынёй. Бачны здалёк млын-вятрак, што стаяў на пагорку, — прыгожы сімвал ягоных дзіцячых гадоў, як для іншых хлапчукоў — рамантычныя замкавыя руіны. Уладзімір гаворыць, што быў уражаны, калі пабачыў той млын упершыню зблізку. Пабудова вышынёй у чатырохпавярховы дом на дзіцячыя вочы падалася грандыёзнай...

Неяк на лецішчы Уладзіміра гасцяваў сябра ягонага маленства, Расчуліўся, гледзячы на артэфакты вясковага побыту, і сказаў, што для поўнага псіхалагічнага камфорту яму тут не стае хіба што ветрака. Гэтыя словы Уладзіміра Цвірку зачапілі, і стаў ён пра той вятрак думаць… Млын невялікага памеру, які мог бы больш-менш утульна ўладкавацца на ягоным участку, знайшоў у Сеціве. Пабудаваны ён быў у сярэдзіне 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Стан захаванасці быў такі, што гаспадыні, якой млын належаў, і ў галаву не прыходзіла давесці яго да ладу. Яна думала, што Уладзімір купляе пабудову на дровы, і сумленна папярэдзіла: маўляў, печку можна сапсаваць, калі паліць у ёй гэтае спарахнелае дрэва. Аднак нездарма дасведчаныя адмыслоўцы з Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту прапаноўвалі спадару Уладзіміру ўзначаліць ў гэтай установе рэстаўрацыйны аддзел. Вярнуў вятрак да жыцця ён уласнымі рукамі. Цяпер стаіць млын ля ягонага лецішча на радасць гаспадару і суседзям, якія і прачынаюцца пад шоргат млынавых крылаў. А паколькі вакол участка Уладзіміра Цвіркі плот хутчэй сімвалічны і ўваход свабодны, дык частяком паглядзець на гэты цуд, памацаць яго рукамі прыходзяць людзі з вуліцы. Гаспадар такія “экскурсіі” не забараняе. Фактычна млын — мясцовая славутасць.

Прыватная ўласнасць, дзяржаўны здабытак…

Задумаўся быў спадар Уладзімір пра тое, каб надаць ветраку статус помніка матэрыяльнай культуры. Ужо нават рабіў пэўныя захады ў гэтым кірунку. Але, азнаёміўшыся з сітуацыяй у сферы аховы помнікаў, вырашыў пакуль ад ідэі адмовіцца. І не ў тым справа, што прыватная асоба не мае ніякіх выгод ад таго, што клапоціцца пра аб’ект нацыянальнай спадчыны... Разам з тым, нават на бягучы рамонт ветрака, які ён ведае як ніхто іншы, бо сам яго сабраў і адрэстаўраваў, давядзецца прасіць дазволу ў адпаведных інстанцыях.

Тое ж пацвердзіў і начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Беларусі Ігар Чарняўскі, да якога я звярнуўся з пытаннем пра вятрак на дачным участку. Выгод ад валодання помнікам культуры насамрэч ніякіх. Адно што ўладальнік мае падставы для гонару, бо робіць карысную справу. А вось як стане той млын помнікам, дык гаспадар без дазволу экспертнай рады нават цвік у яго не заб’е. Да таго ж, працэдура надання аб’екту статуса помніка даволі складаная. Калі гаворка ідзе пра архітэктурнае збудаванне, дык яму павінен адпавядаць ландшафт. Патрабаванне аўтэнтычнасці распаўсюджваецца і на матэрыялы, якімі робіцца рэстаўрацыя. Прыватнай асобе ўсё гэта пацягнуць складана. Ды і прэцэдэнты накшталт названага — лічаныя…

Цвірка ведае пра гэтыя праблемы. У шэрагу выпадкаў і сапраўды, калі ты па ўласнай ініцыятыве, без адпаведнага дазволу зацыруеш дах, каб не разбураўся помнік архітэктуры, дык трапляеш пад артыкул. Тое ж прыбіранне смецця вакол руін можна трактаваць як разбурэнне культурнага слоя. Мастак расказаў мне выпадак, як жыхары адной вёскі, узяўшыся ўпарадкаваць руіны храма і прылеглую тэрыторыю, знялі з храмавых сцен ахоўную шыльду...

…Калі адлятаюць птушкі, калі выпадае снег, спадар Уладзімір і са свайго ветрака здымае крылы. Па вясне, як птушкі вяртаюцца з выраю, зноў ставіць іх на месца. Такім чынам у гэтым паселішчы нарадзіўся прыгожы звычай адзначаць сімвалічным дзеяннем пачатак і канец зімы. Так ствараецца традыцыя. Добрая традыцыя.

 

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"