“Алібі“ для Бабулі “…за плінтусам”

№ 51 (1125) 21.12.2013 - 27.12.2013 г

Будаўніцтва эстэтыкі пазарэчаіснасці
Мяркуючы па працы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, сталічным крытыкам хутка давядзецца пераязджаць на пастаяннае месца жыхарства — у Віцебск. Бо прэм’еры там ладзяцца ці не хутчэй, чым паспяваеш пасля чарговай даехаць да Мінска. Не прайшло і дзесяці дзён пасля пастаноўкі трагікамедыі “Пахавайце мяне за плінтусам”, як быў прэзентаваны балгарска-беларускі праект “Дом Бернарды Альбы”.

/i/content/pi/cult/459/9718/8-4.jpg

Такое магчыма толькі пры зладжанай працы ўсяго тэатра, што адзначылі і рэжысёры з Сафіі Ёрдан Славейкаў і Дзімітр Дзімітраў. Яны былі, бадай, самымі ўважлівымі гледачамі не толькі свайго спектакля, але і ранейшага “...Плінтуса”, пастаўленага мастацкім кіраўніком тэатра Валерыем Анісенкам: рыхтуючы адну прэм’еру, тэатр паралельна працаваў і над другой. У Віцебску такое адбываецца ўжо не ўпершыню, і гэта не знешні рух, пакліканы пусціць пыл у вочы, а жывая пульсацыя тэатральнага жыцця.

Па збегу абставін, абодва спектаклі — аб сямейных праблемах. У цэнтры абодвух — моцная, валявая жанчына сталага ўзросту, якая, дбаючы пра духоўнае ці фізічнае здароўе малодшых пакаленняў, становіцца тыранам. Але не будзем іх параўноўваць, лепш адновім храналогію — і, ператварыўшы тэатральны бінокль у мікраскоп, пашукаем, што схавалася “...за плінтусам”.

Пры жаданні там можна знайсці і “тараканаў у галаве” ў некаторых удзельнікаў, і недапрацаваныя дэталі (ёсць спадзеў, што з цягам часу некаторыя дашліфуюцца, а некаторыя ўвогуле будуць перайначаны). Але Валерый Анісенка, бы флагман віцебскай тэатральнай флатыліі, кожным сваім наступным спектаклем упэўнена выводзіць яе з зацвілай гавані ў далёкае плаванне: маўляў, Дзвіна, на якую глядзіць сваімі вокнамі тэатр, упадае ў Балтыйскае мора. Іншымі словамі, яшчэ крыху — і наперадзе замаячыць “Балтыйскі дом”, знакаміты Міжнародны тэатральны фестываль, вядомы самымі “прасунутымі” знаходкамі. Па меншай меры, коласаўцы пачалі рухацца менавіта ў бок сучаснай тэатральнай эстэтыкі. Але пры гэтым не сталі “прасякаць акно ў Еўропу” на днішчы свайго карабля — і замест рэзкай змены курсу, пры якой многія маглі апынуцца за бортам, пачалі паступовы, але няўмольны паварот да спалучэння лепшага, што назапашана ў псіхалагічным тэатры, з новым адчуваннем вобразнасці, асацыятыўнасці, філасафічнасці гэтага віду мастацтва.

Трагікамедыя “Пахавайце мяне за плінтусам” пастаўлена паводле аднайменнай аўтабіяграфічнай аповесці Паўла Санаева, вядомай таксама па экранізацыі са Святланай Кручковай у галоўнай ролі. Неаднаразова рабіліся і інсцэніроўкі. Але наш спектакль адметны, найперш, сваёй беларускасцю. Замест яшчэ большага абвастрэння канфлікту Анісенка разам з артыстамі паспрабаваў знайсці псіхалагічнае “алібі” для кожнага з герояў, асабліва для Бабулі. Некаторыя акцёрскія работы — пакуль яшчэ ў пошуку, але і там намацваюцца цікавыя знаходкі, відавочны адыход ад залішняй дэкларатыўнасці, пазёрства, патэтыкі, пафасу, імкненне іграць у ансамблі, а не кожны — сам па сабе.

Пры гэтым былі падрыхтаваны, што не так часта здараецца ў драмтэатрах, два акцёрскія склады. Мне давялося, на жаль, паглядзець толькі адзін, які пакінуў уражанне, быццам увесь аповед ад пачатку задумваўся для заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Тамары Скварцовай — як яе бенефіс. А таксама для выпускніка Віцебскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Рамана Салаўёва — быццам яго выбуховы дэбют. У Бабулі Скварцовай пераважвае не тыранія, а бязмерная любоў да ўнука, якая настолькі паглынае ўсё навокал, што ў выніку забівае саму гераіню. На дапамогу артыстцы прыходзіць прыём, пазычаны з асучасненага “тэатра ценяў”. Найкрасамоўным ён становіцца, калі мы адначасова бачым на сцэне і гераіню (“паменшаную” ў памерах, бо артыстка сыходзіць у глыбіню сцэны), і яе чорны цень (павялічаны, як у фільмах жахаў). У ролі ж Сашы знойдзена прапорцыя паміж дзіцячай шчырасцю і ўмудронай узростам іроніяй: мы бачым перад сабой і маленькага хлопчыка — і, адначасова, юнака, які ўзгадвае сваё дзяцінства. Гэтае балансаванне артыста паміж роляй і сабой, які “назірае” за тым хлапчуком і ўсімі падзеямі, дапамагае тэатру перажывання (а менавіта на ім выхаваны нашы гледачы, дый акцёры) увесь час незаўважна мадуляваць у тэатр прадстаўлення, адпаведны сучаснасці.

Такой “бінарнасці” дапамагае і сцэнаграфія Андрэя Жыгуры. Ніякага “рэалізму”, усялякіх шафак, канапак. На задніку раз-пораз узнікаюць смешныя “мульцяшкі”, бы ажыўленыя дзіцячыя малюнкі, а сам ён складаецца з асобных кавалкаў палотнішча, развешаных на розных штанкетах. Дый усё на сцэне зроблена з кавалкаў белага пластыку — бы разбітае люстэрка Снежнай Каралевы. У гэтай “пазарэчаіснасці” на першы план яшчэ больш ярка выступаюць псіхалагічныя ўзаемаадносіны, але залішнімі, на мой погляд, падаюцца асобныя рэальныя дэталі накшталт танометра, шпрыца, кілішка. Маладзечанскі мастак Валерый Юркевіч, узрушаны такім “дызайнерскім” афармленнем, прапанаваў у кулуарах далейшае развіццё заяўленай сцэнаграфічнай думкі. Маўляў, яшчэ больш канцэпцыйным было б зрабіць і сам заднік пластыкавым, і адзін з яго кавалкаў — рухомым, каб ён, сімвалізуючы хлопчыка, шукаў бы сабе месца сярод кавалкаў-дарослых, намагаючыся з’яднаць аскепкі “разбітага жыцця” ў адно цэлае. Гледзячы цяперашні варыянт, таксама спрабуеш “скласці мазаіку” з бясформенных кавалкаў, ды хутка разумееш, што гэта — немагчыма: ніводны з іх не падпарадкоўваецца агульнаму малюнку, усе яны — як кажуць, з аднаго цеста, ды быццам з розных касмічных аб’ектаў і не збіраюцца “прыцерціся” адно да аднаго. Чым не жыццёвая сітуацыя, з якой мы сутыкаемся неаднойчы?

Невыпадкова зала на гэтым спектаклі — аншлагавая. Рэакцыя публікі — самая зацікаўленая. Дзве з паловай гадзіны пралятаюць на адным дыханні. І пакідаюць надзею на магчымасць “бяскроўнага” вырашэння падобных канфліктаў “на сцэне жыцця” (трэба ўсяго толькі зразумець памкненні адно аднаго, бачыць у сваім “праціўніку” ўсё лепшае, што ў ім ёсць, і падтрымліваць гэта, не правакуючы на лепшы сродак абароны — напад). А яшчэ — робяць цалкам рэальнай надзею на выхад тэатра “ў адкрытае мора” здабыткаў сусветнай культуры. Па меншай меры, падмурак для гэтага закладаецца актыўна і натхнёна.

На здымку: сцэна са спектакля.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"