Права на земляка, або Чаму пані М. сказала "Не!"

№ 51 (1125) 21.12.2013 - 27.12.2013 г

Калі "Чэслаў Нэмэн" — таварны знак, дык аднавяскоўцам дзеля захавання памяці "ўжываць" яго непажадана?
Пра тое, чым славіцца вёска Старыя Васілішкі, чытачам “К” ужо, мабыць, не трэба тлумачыць. 9 снежня там упершыню пабывалі найбліжэйшыя сваякі яе найзнакамітага ўраджэнца Чэслава Нэмэна — ягоная ўдава Малгажата і дачка Наталля, якія ўзялі за прозвішча псеўданім музыканта. Консул Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне Веслаў Раманоўскі, які непасрэдна ініцыяваў гэты візіт (а разам з ім — і шыкоўны канцэрт Наталлі Нэмэн з гуртом, пра што мы пісалі ў мінулым нумары), збіраўся зладзіць “сентыментальнае перадкаляднае падарожжа на радзіму”. Аднак атрымалася ўсё трохі іначай...

/i/content/pi/cult/459/9710/4-4.jpg

“Пірацкі” музей

Па ўсім было відаць, што Малгажата і Наталля Нэмэн спланавалі гэты пункт прабывання на Беларусі загадзя. Яшчэ па дарозе з Гродна журналістаў папярэдзілі: першую гадзіну ў хаце Выджыцкіх — сапраўднае прозвішча нашага земляка — сваякі правядуць насамоце, фатаграфаваць іх у гэты час катэгарычна непажадана...

Аднак рэгламент візіту адразу скамечыўся да непазнавальнасці. Ля сціплай хаткі ў Старых Васілішках консульскі картэж ужо чакала цэлая плойма цікаўных. Аператары тэлеканалаў ладавалі камеры, а жыхароў вёскі гэтая падзея тым больш не магла абмінуць: не так і часта тут падзеі здараюцца.

— О, чуеш, як наш Воўка па-вумнаму гаворыць! — узрадаваўся адзін з іх, калі загадчык клуба-музея Уладзімір Сянюта прывітаў гасцей на беларускай мове. — І добра ж у яго палучаецца!..

Затым мясцовыя дзяўчаткі праспявалі нэмэнаўскі “Дзіўны гэты свет”, пасля гасцям уручылі сціплыя самаробныя падарункі, былі і розныя ўрачыстыя прамовы... Карацей, сцэнарый сарваўся — канчаткова і незваротна. Толькі значна пазней, калі ліміт часу быў амаль вычарпаны, сваякі легенды здолелі хаця б на дзесяць хвілін адбіцца ад старонняй публікі ды зачыніцца на кухні, якая ацалела збольшага ў “тым самым” выглядзе.

Наталля Нэмэн не выглядала стомленай пасля ўчарашняга канцэрта, застаючыся гэткай жа сціплай ды адначасова эмацыйнай, якой бачылі яе на сцэне. Ахвотна дзялілася сваімі ўражаннямі: “Я ўяўляю маленькага Чэсіка, які румзае, каб яму змянілі пялюшку... Альбо першыя ўрокі на фартэпіяна, якія давала яму цёця...”. Ахвотна пазіравала перад фатографамі з тымі ботамі, якія некалі вырабляў бацька будучай зоркі Антон Выджыцкі і якія цудам ацалелі дзесьці на гарышчы яго суседзяў (на сёння апошняе — адна з асноўных крыніц папаўнення экспазіцыі). Ахвотна пагадзілася на “шэфскую дапамогу” ў выглядзе майстар-класаў для мясцовай дзятвы. А калі вяскоўцы папрасілі яе заспяваць на ганку касцёла, без ваганняў пачала “Час як рака” — акурат тую песню Нэмэна, дзе ёсць радок “Да дзён дзяцінства вяртаецца мая думка...”. І гэта не зважаючы на сівер, што прадзіраў ледзь не да костак!

Пані Малгажата паводзіла сябе зусім іначай.

— Такі вялікі творца, і такі маленькі дамочак! — падзялілася яна са мной сваімі ўражаннямі. — Зважаючы на маштаб ягонага таленту, тут мусіў з’явіцца цэлы палац!..

Так, музейчык пакуль вельмі сціплы, але ж зроблены ён сапраўды “з любоўю” — і збольшага менавіта на грамадскіх пачатках. Мусіць, ніводная падобная ўстанова на Беларусі не можа пахваліцца такім актыўным апякунскім саветам — вядома, у адносных маштабах. Група мінскай інтэлігенцыі, нефармальным лідарам якой можна назваць сцэнарыстку Веру Савіну, робіць усё магчымае, каб памяць пра Нэмэна жыла на ягонай радзіме. Ініцыятыву па меры сіл падтрымлівае Шчучынскі райвыканкам.

І толькі дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву дом Выджыцкіх быў уратаваны ад гнілі ды шашалю — яшчэ параўнальна нядаўна ён стаяў закінуты ды безгаспадарны. Воляй лёсу, гаспадар знайшоўся: Уладзімір Сянюта, які раней кіраваў і паспяховым саўгасам, і тутэйшым сельсаветам, мае не толькі арганізатарскую жылку, але і любоў да гісторыі свайго краю.

Натуральна, “апекуны” музея сабраліся ў Старых Васілішках, каб стаць сведкамі гістарычнага моманту. Уладзімір Сянюта засмажыў з той нагоды індыка (кажа, што менавіта па мясцовых рэцэптах). Усе разлічвалі на нейкае чалавечае паразуменне — і дапамогу экспанатамі. Вядома, тымі, якія маюць выключна гістарычную, а не матэрыяльную каштоўнасць: скажам, фотаздымкі альбо асабістыя рэчы з гардэроба спевака. Ну калі не знакаміты капялюш, дык хоць якую насоўку — за ўсё былі б удзячныя. Бо экспазіцыя клуба-музея папаўняецца выключна за кошт такіх падарункаў — ніякіх мэтавых сродкаў на гэтыя мэты ніхто не выдаткоўвае.

Але індык так і не быў з’едзены, у дапамозе было адмоўлена, а пані Малгажата нават не пакінула свайго запісу ў гасцявой кнізе — выключна дзеля прынцыпу.

— Я бачыла тут пірацкія запісы, — патлумачыла яна. — Сам Чэслаў Нэмэн быў бы супраць такога музея.

На грамадскіх пачатках

Апошняе, на жаль, ужо не праверыш. Што ж да пірацкай прадукцыі... Па словах Уладзіміра Сянюты, музей распавядае перадусім пра той перыяд, які датычыцца менавіта “тутэйшага” жыцця Чэслава Выджыцкага, калі ніякіх дыскаў ён не выпускаў. Зрэшты, плыткі таксама ёсць у калекцыі: часам іх дораць наведвальнікі. Але спраўдзіць гэтыя рэлізы на “кантрафактнасць” бывае даволі складана. Тым больш, тут не заўсёды можа даць рады нават польскі суд, куды нярэдка звяртаецца са сваімі позвамі пані Малгажата — руплівая аберагальніца спадчыны мужа.

Да таго ж, не зусім зразумела: ці грэх выстаўляць у музеі пірацкія дыскі? А як жа тады, скажам, самаробныя кружэлкі “на рэбрах”, якія даўно ўпісаліся ў многія музейныя экспазіцыі, прысвечаныя савецкаму перыяду? Няўжо гэтыя ўнікальныя артэфакты сваёй эпохі належыць утылізаваць толькі з той прычыны, што Элвіс Прэслі або Чак Бэры не атрымлівалі з іх продажу свае “роялці”?

Вядома, калі б той самы клуб-музей стварыў пад сваім дахам завод па выпуску пірацкай прадукцыі ды гроб рыдлёўкай грошы (што ў век “торэнтаў” падаецца ўжо амаль немагчымым), прэтэнзіі да яго былі б цалкам матываваныя. Пакуль жа ўстанова не зарабіла нават на ўласны дах — сродкі на капрамонт, якога патрабуе дом амаль стогадовай даўніны, збіраюцца “всем миром”. Як паведаміў Уладзімір Сянюта, сабралі ўжо мільёнаў 25, але для таго, каб накрыць хату аўтэнтычнай гонтай, усё яшчэ не хапае. Рупліўцы з Мінска выступілі з ініцыятывай правядзення дабрачынных канцэртаў, падаахвоцілі да гэтай справы многіх вядомых беларускіх музыкаў. Але распачнуцца імпрэзы толькі па завяршэнні яшчэ аднаго рамонту — Шчучынскага РДК, што мае стаць для апошніх пляцоўкай.

Адным словам, клубу-музею і без аўтарскіх правоў праблем хапае, а тут яшчэ і такія прэтэнзіі... Як вядома, удава Чэслава Нэмэна зарэгістравала імя легенды ў якасці гандлёвага знака і раўніва рэагуе на ўсе замахі на яго. Што праўда, судовыя выракі ў Польшчы не заўсёды на яе карысць, але... у кожным разе! Паўторымся: клубу-музею патрэбны не новыя праблемы, а вырашэнне ўжо існых.

Як варыянт агучвалася прапанова пераназваць установу ў гонар Чэслава Выджыцкага — мабыць, гэтае прозвішча яшчэ ніхто не пераўтварыў у “trade mark”. Але хочацца верыць, што да такіх крайнасцей справа ўсё ж не дойдзе.

 — Наступным разам прыедзем сюды ўпотайкі, нікому нічога не скажам! — паабяцала на развітанне пані Малгажата. Магчыма, тады і ўдасца дасягнуць паразумення — або хаця б проста разумення. Адэкватнага разумення дадзенай сітуацыі.

Усё тое ж самае...

Шпацыруючы звыклым для Выджыцкіх маршрутам — ад хаты да шыкоўнага неагатычнага касцёла — пані Малгажата здымала сваёй люстэркавай камерай закінутыя хаты на вясковай вуліцы, адбіваючыся ў той самы час ад тэлеаператара, які здымаў яе за гэтым заняткам з адлегласці прыкладна паўметра.

Пустых хат у Старых Васілішках даволі шмат, гэта адразу кідаецца ў вочы. Яно і зразумела: у часы дзяцінства Чэслава тут жыло каля 300 чалавек. Як распавёў Уладзімір Сянюта, адзін час нават быў свой духавы аркестр! Цяпер жыхароў — усяго 27. Тэндэнцыя зразумелая і несуцяшальная. Але, у адрозненне ад іншых “неперспектыўных” вёсак, гэтая мае той рычаг, які здатны змяніць накірунак няўмольнай плыні ракі часу.

Нягледзячы на сціпласць клуба-музея, наведвальнікі туды прыязджаюць рэгулярна — натуральна ж, выключна сваім ходам. І з Гродна, і, тым больш, з Мінска дабірацца даволі далёка, можна і здарожыцца. А вось адпачыць у вёсцы толкам няма дзе: уся турінфраструктура прадстаўлена хіба аўтакрамай, дый тое — некалькі разоў на тыдзень.

Айчыннае заканадаўства ў сферы агратурызму дазваляе прапанаваць нешта шматкроць большае таму шчыраму прыхільніку Нэмэна, які цягнуўся сюды за многія сотні кіламетраў. Пажыць у такой самай хаце, падыхаць тым самым паветрам, пакаштаваць тых самых страў, якія некалі гатавала Ганна Выдрыцкая, павудзіць рыбу ва ўлюбёных мясцінах самога Чэсіка, пачуць пра яго мноства “апакрыфічных” гісторый... І такая эксклюзіўная праграма можа доўжыцца не адзін дзень.

Балазе вясковы ландшафт тут мала змяніўся з часоў дзяцінства легенды — у адрозненне ад суседняга мястэчка Васілішкі, якое пераўтварылася ў сучасны прэзентабельны аграгарадок. Усё тое ж самае, нават людзі... Ну а распавядаць пра сваіх суседзяў не забараняе ніводзін закон у сферы аўтарскага права.

Застаецца хіба адно пытанне: хто ж здолее торкнуць за гэты рычаг, каб зрушыць воз праблем?

Уласна, удава і дачка Чэслава Нэмэна прыехалі на Беларусь у вельмі спрыяльны час — нібыта спецыяльна, каб нагадаць нам пра 75-я ўгодкі вялікага музыканта, якія надыдуць ужо 16 лютага наступнага года. Ці стануць яны заўважнай падзеяй ў яго на радзіме? Адказ пакуль даволі няпэўны  — прынамсі, зважаючы на мінулую круглую дату, да якой наўрад ці дапасоўваўся савецкі штамп “краіна шырока адзначыла...”.

Вядома, нешта з нагоды юбілею мае адбыцца, і не толькі ў Старых Васілішках. Прыкладам, куратарская група фестывалю “Дах” плануе адрадзіць традыцыю канцэртаў-трыб’ютаў Нэмэну ў мінскім Палацы мастацтва. Але... Падобна, гаворка зноў будзе весціся пра шэраг ініцыятыў асобна ўзятых энтузіястаў. Як падаецца, постаць юбіляра заслугоўвае большага — скажам, “асобнай згадкі” на тых вялікіх фестывалях, якіх штогод у нас ладзіцца нямала. Балазе ў канцэпцыю таго ж “Славянскага базару ў Віцебску” гэтая асоба ўпісваецца бадай ідэальна — ужо толькі за адну кружэлку рускіх песень, выпушчаную на Захадзе ў складаныя часы “халоднай вайны”, Нэмэну варта паставіць у рамках фэсту “нерукачынны помнік”.

Тым больш, “пад рукой” ужо ёсць апрабаваная на беларускім гледачы канцэртная праграма Наталлі Нэмэн. Ды і айчынныя творцы маюць што да яе дадаць. Ёсць трыб’ют Нэмэну, удзел у стварэнні якога бралі аркестр “Капрыз” Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, а таксама знакамітыя Уладзімір Ткачэнка, Валерый Дайнэка ды Пётр Ялфімаў. Праўда, ён так і не быў выдадзены, а вось рэліз альтэрнатыўных музыкантаў у гонар Нэмэна адбыўся толькі ў Інтэрнэце.

А ўжо пасля ад’езду польскіх гасцей мінскі дызайнер і мастак Аляксандр Азончык прадэманстраваў у клубе-музеі свае творы відэаарту — візуальныя асацыяцыі, выкліканыя песнямі Чэслава Нэмэна. Працуе гэты аўтар няспешна і ўдумліва, таму вынік папраўдзе ўражвае сваёй глыбінёй.

Вядома, у гэтым і падобных выпадках немінуча паўстане пытанне тых самых аўтарскіх правоў. Але, хочацца верыць, яно ўсё ж вырашальнае — няхай і не на ўзроўні сельскага клуба-музея. Тым больш, сама пані Малгажата неаднаразова заяўляла, што ставіць за мэту не столькі атрымаць дывідэнды, колькі абараніць памяць музыканта-перфекцыяніста ад няякаснага прадукту, пазначанага яго імем. І ў гэтым ейныя памкненні можна толькі падтрымаць.

Мінск — Шчучынскі раён — Мінск