Мастацкае ткацтва: што здабылі, што згубілі, куды ідзём?

№ 51 (1125) 21.12.2013 - 27.12.2013 г

Не так даўно ў Віцебску сабраліся тэарэтыкі і практыкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Наддзвіння і Мінска, каб абмеркаваць сучасны стан ды тэндэнцыі развіцця беларускага мастацкага тэкстылю. У асноўным, гаворка ішла пра тое, што ў дадзеным кірунку складае гонар краіны, а таксама пра лёс і перспектывы габелена, якія выклікаюць у экспертаў найбольшую занепакоенасць. Напрыканцы савецкай эпохі ён, дзякуючы творчым намаганням выдатных мастакоў, першым сярод якіх варта назваць Аляксандра Кішчанку, стаў сапраўдным брэндам Беларусі (хоць слова такога тады яшчэ не ўжывалі). А што ў названай галіне творчасці маем сёння? Не абмінулі ўвагай на сумоўі і іншыя сумежныя спецыялізацыі: батык, лямец, тэкстыльныя аб’екты. Быў закрануты шэраг пытанняў, датычных фарміравання ў Віцебску адметнай школы габелена, падрыхтоўкі кадраў мастакоў-тэкстыльшчыкаў, асэнсавання замежнага досведу, вяртання дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сацыяльнага зместу. Увогуле ж, тэматычны стрыжань “круглага стала” “Сучасны мастацкі тэкстыль: асноўныя праблемы і тэндэнцыі развіцця” можна акрэсліць трыма пытаннямі: якія здабыткі савецкай эпохі мы здолелі захаваць, што згубілі і ў якім напрамку рухаемся. Выказаць свае думкі на гэты конт мы папрасілі трох спецыялістаў, якія не адзін год плённа працуюць у згаданай сферы і ведаюць сітуацыю, так бы мовіць, знутры.

/i/content/pi/cult/459/9708/7-1.jpg

Маргарыта ШЧАМЯЛЁВА, мастак, дацэнт кафедры мадэлявання і ткацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў:

— На пытанне, ці ёсць сёння ў Беларусі габелен як мастацкая з’ява, я адкажу станоўча: ёсць! А для ілюстрацыі сваёй думкі спашлюся на габелены У.Тоўсціка, В.Даўгалы і Г.Жарына, створаныя для Мірскага замка. Але ўзровень майстэрства мастакоў, што працуюць у гэтай галіне, вельмі адрозны. Нядаўна ў інтэр’ерах Нясвіжскага палаца мне давялося пабачыць габелен, зроблены нашай суайчынніцай, якая стала жыве ў Францыі, а ў Беларусі бывае наездамі. Ён не пераканаў мяне ні выразнасцю, ні каларыстычным рашэннем. Я была нават здзіўлена, што такая слабая работа трапіла ў экспазіцыю. Інакш кажучы, калі меркаваць па згаданых вышэй творах для Міра, мы маем стабільна высокі ўзровень габеленавага мастацтва. А калі ўзяць за ўзор твор, пабачаны ў Нясвіжы, дык трэба казаць пра страту заваёў савецкага часу. Аднак, у любым выпадку, ёсць пра што разважаць, бо ёсць габелен як мастацкая з’ява. Ды і не можа ён знікнуць, бо прага да рукачыннага мастацтва ў беларускай ментальнасці закладзена на генетычным узроўні.

Дзеля аб’ектыўнасці канстатую, што сёння ў нашым ДПМ, а канкрэтна — у ткацтве, няма постаці маштабу Аляксандра Кішчанкі. Я памятаю яго словы пра тое, што ў свой час ён “быў кантужаны” творамі французскага мастака Жана Люрса, і з таго моманту літаральна захварэў габеленам, паставіўшы за мэту зрабіць, прынамсі, нешта падобнае. Дык вось, на мяне ды маіх аднагодкаў такое ж уражанне рабілі габелены самога Кішчанкі. Уплыў ягонай асобы адчуваецца ў творчасці многіх калег. У прыватнасці, у работах такіх выдатных майстроў, як Вольга Грыдзіна і Галіна Крываблоцкая. Зробленае імі — гэта грунтоўна, моцна. Што і казаць, была эпоха і былі постаці!..

Відаць, існуюць аб’ектыўныя прычыны таго, што сёння мастацкае ткацтва, калісьці манументальнае паводле маштабу ды зместу, перайшло ў камерны  фармат і выключна дэкаратыўную стылістыку. Даводзіцца чуць, што сёння няма патрэбы ні ў вялікіх памерах, ні ў глыбокім змесце. Між тым, я бачу ў сваіх студэнтах вялікі творчы патэнцыял і псіхалагічную скіраванасць на сур’ёзную працу. Але каб іхнія талент, інтэлект і энтузіязм былі рэалізаваны на карысць Беларусі, трэба, каб хтосьці паклапаціўся аб прасоўванні іх твораў ды ідэй на мастацкім рынку. Кішчанка быў сам сабе менеджар. Без гэтай якасці ён не здолеў бы здзейсніць столькі творчых праектаў. А моладзь нашу трэба такім рэчам вучыць. Альбо прыцягнуць у мастацкую сферу дасведчаных у сацыяльных і рыначных стасунках прафесіяналаў. Такі сінтэз натхнення ды прагматызму можа мець плён — і для канкрэтных асоб, задзейнічаных у культурным працэсе, і для краіны ў цэлым...

Яўген ШУНЕЙКА, мастак, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў:

— “Круглы стол”, што адбыўся у Віцебску ў лістападзе, меў на мэце прыцягнуць увагу прафесійнай супольнасці да праблем дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўвогуле і мастацкага ткацтва ў прыватнасці, да таго ж, умацаваць творчае сумоўе мінскіх і віцебскіх мастакоў, задзейнічаных у гэтай галіне. Справа ў тым, што цягам дзесяці гадоў, з 1979-га па 1989-ы, тагачасны Віцебскі тэхналагічны інстытут быў галоўнай кузняй кадраў для беларускага мастацкага ткацтва. Так здарылася, што кафедру сталічнага Тэатральна-мастацкага інстытута, якая рыхтавала мастакаў па ткацтве, перавялі ў Віцебск — бліжэй да вытворчай базы. Паводле логікі ініцыятараў “пярэбараў”, упор на тэхналагічны чыннік ткацтва, арыентацыя вучобы мастакоў гэтай галіны на вытворчасць з размеркаваннем на Віцебскі дывановы камбінат мусілі даць эканамічны эфект. Праз дзесяць гадоў кафедру ў Мінску аднавілі, але і ў Віцебску яна засталася. Такім чынам, сёння ў нашай краіне існуюць два творча-адукацыйныя цэнтры ткацтва, па сутнасці — дзве мастацкія школы.

Віцебск, дзякуючы культурным амбіцыям, якія грунтуюцца на творчай практыцы 1920-х, геаграфічнай блізкасці да такіх культурных цэнтраў, як Санкт-Пецярбург і Рыга, ды, адпаведна, наяўнасці кантактаў з імі, часам раней за сталіцу засвойвае пэўныя эстэтычныя трэнды. У той час як Мінск выступае захавальнікам акадэмічнай традыцыі ў мастацкай адукацыі і творчасці. Да таго ж, у сталіцы прасцей рэалізоўваць маштабныя мастацкія праекты. Паколькі ў мастакоў Мінска і Віцебска — розны творчы і арганізацыйны досвед, ім было чым падзяліцца адно з адным, было што абмеркаваць. Тым больш, праблемы ў творцаў па ўсёй краіне — аднолькавыя.

Аздоба сучасных інтэр’ераў патрабуе іншай стылістыкі, чым тая, да якой мы прызвычаіліся. Калі раней шпалера ўяўляла з сябе тканую карціну, якую можна было без асаблівых праблем перанесці з адной сцяны на іншую, дык зараз ткацтва набывае іншыя эстэтычныя функцыі: яно выходзіць у аб’ём, становіцца элементам архітэктурнай арганізацыі прасторы. З гэтай прычыны мы маем патрэбу ў больш цесных кантактах з архітэктарамі...

Ніна ПІЛЮЗІНА, мастак, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь:

— Вызначэнне “габелен”, якім карыстаюцца паўсюдна, не зусім карэктнае. Габелен — гэта тое, што выраблялі і дагэтуль вырабляюць паводле арыгінальнай тэхналогіі на французскай мануфактуры Габеленаў. Усё астатняе — дэкаратыўнае ткацтва, нават пры вонкавым падабенстве — дываны ці шпалеры.

Характарызуючы стан беларускага шпалернага ткацтва, адзначу, што сёння радыкальна змянілася яго тэматыка. Сышоў сацыяльны, або, як казалі за савецкім часам, грамадзянскі змест. Прырода  на шпалерах — засталася. Як і выразны дэкаратывізм. Раней ён займаў у абсягу ткацтва невялікую нішу, а зараз, бадай, дамінуе. Гэткі расклад можна было пабачыць на нядаўняй выстаўцы “БЕЛАРТДЭКО-2013”. Мяркую, такая трансфармацыя абумоўлена зменай кан’юнктуры нацыянальнага мастацкага рынку. Раней асноўным, а часта і адзіным, замоўцам з’яўлялася дзяржава і ад мастакоў чакалі твораў грамадскага гучання. А ў сённяшняга — прыватнага — замоўцы іншыя эстэтычныя запыты.

Увогуле, сёння шпалеры не такія папулярныя і не так запатрабаваны, як напрыканцы савецкай эпохі. Творчыя задумы мастакоў, занятых у сферы, рэалізуюцца збольшага ў рамках аўтарскіх работ выставачнага фармату або прыватнай замовы.

У сэнсе папулярнасці ткацтва саступае кераміцы і шклу. Адна з прычын такая: у ткацтве асцярожна ставяцца да эксперыменту, да сэнсавых ды тэхнічных навацый, якія здольныя прывабіць гледача і замоўцу. Творчыя эксперыменты праходзяць апрабацыю на пленэрах. Керамісты такі пленэр маюць: гэта бабруйскі “Арт-Жыжаль”. З нядаўняга часу праводзяць пленэры і мастакі па шкле. Спробы ж зладзіць паўнавартаснае творчае сумоўе спецыялістаў ткацтва маюць спарадычны характар — пра ўсталяваную практыку абмену вопытам ды ідэямі тут пакуль казаць рана. Мастакі тэкстылю спрабуюць таксама ладзіць свае пленэры, але — саматужна.

Мастакі-спецыялісты ткацтва адмоўна ўспрымаюць тое, што сёння на іх, так бы мовіць, тэрыторыі шчыруюць прадстаўнікі іншых цэхаў. Замовы на шпалеры для будынкаў грамадскага прызначэння часам трапляюць да жывапісцаў, манументалістаў ды іншых творцаў, дасведчаных у сваёй галіне, але тых, хто не мае непасрэднага дачынення да мастацтва, якое называецца дэкаратыўна-прыкладным і мае сваю спецыфіку. Зыходзячы са сваіх прафесійных канонаў, яны пачынаюць ператвараць шпалеру ў фрэску. Такая практыка не ўяўляецца мне плённай. Хтосьці скажа, што маем пазітыўную з’яву: ідзе працэс узбагачэння нашага шпалернага мастацтва досведам сумежных мастацкіх сфер. Але ў аснове згаданай сітуацыі — матэрыяльны чыннік. Буйных заказаў няшмат — вось і парушаюць мастакі цэхавыя межы.

А пра матэрыяльны стан беларускіх мастакоў сведчыць такі факт. Пасля выстаўкі ў Мінску шкла і керамікі з Санкт-Пецярбурга Мастацкі цэнтр на тамтэйшым Елагіным востраве афіцыйна запрасіў нашых творцаў на пленэр, які гэты Цэнтр традыцыйна ладзіць. Ніхто не паехаў: грошай на ўдзел не знайшлі. У дадзеным выпадку, я маю падставы зайздросціць маім калегам з Украіны і Расіі, якія хоць і маюць праблемы, падобныя да нашых, але вырашаюць іх неяк прасцей. З дапамогай дзяржавы або спонсараў...

У афармленні выкарыстана рэпрадукцыя твора Ніны Пілюзінай.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"