На крок бліжэй да “Зоркі...”

№ 51 (1125) 21.12.2013 - 27.12.2013 г

Раённы адборачны тур ІІ Рэспубліканскага конкурсу “Зорка ўзышла над Беларуссю” мінулым тыднем прайшоў у Касцюковіцкім цэнтры культуры. Шаснаццаць канкурсантаў спаборнічалі ў сямі намінацыях.

/i/content/pi/cult/459/9703/10-5.jpg

Адкрыла конкурсную праграму выканаўца народных песень Алеся Жарыкава (Тупічанскі СДК). Яе канкурэнткай у намінацыі “Народны спеў” стала Лізавета Шаханава (Муравільскі СДК). “Размоўны жанр” прадстаўляла Наталля Дзіроўская: яна даказала, што любіць, а галоўнае — умее гаварыць, вольна пачувае сябе на публіцы. Адзіным канкурсантам у намінацыі “Аўтарская песня” стаў малады выканаўца Ілья Кубракоў.

У адрозненне ад іншых намінацый, амаль пазбаўленых канкурэнцыі, конкурс эстраднай песні сабраў шэраг прэтэндэнтаў на перамогу: сольныя выканаўцы Арцём Парфененка, Лізавета Чыграй, Настасся Касянкова, дуэт “Сяброўкі”, дуэт Юліі Давыдавай ды Лізаветы Чыграй і гурт “Цуд-раніца”.

Першы этап конкурсу скончыўся падвядзеннем вынікаў і ўзнагароджаннем пераможцаў. Старшыня журы — начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Касцюковіцкага райвыканкама Святлана Старавойтава падзякавала ўсім удзельнікам за падораны добры настрой, пажадала поспеху ў імкненні да вышэйшых мэт. Канкурсанты атрымалі дыпломы і прызы.

Па рашэнні журы раён на абласным этапе ў намінацыі “Эстрадны спеў” будзе прадстаўляць гурт “Цуд-раніца”. Таксама пуцёўкі ў абласны этап атрымалі: Лізавета Шаханава, Наталля Дзіроўская, у намінацыях “Фатаграфія” і “Жывапіс”  — Аляксей Жарыкаў ды Алеся Галкоўская. Пераможцаў чакае вялікая і адказная работа — падрыхтоўка да абласнога, а калі пашанцуе, то і да рэспубліканскага, этапа конкурсу. Застаецца пажадаць маладым талентам поспехаў і стараннасці! Усе “хварэюць” за іх і спадзяюцца, што наступная зорка, якая ўзыдзе над Беларуссю, будзе родам з Касцюковіцкага краю...

Наталля ДРОБЫШАВА, намеснік дырэктара Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна

На здымку: гурт "Цуд-раніца".

Фота Людмілы СМАЛЯКОВАЙ