Адпачыць з мультфільмам

№ 51 (1125) 21.12.2013 - 27.12.2013 г

Уладзімір РАДЗІВІЛАЎ, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, Дзед Мароз на Галоўнай ёлцы краіны

1. Падзеі

Інтэрнэт не займае нейкае асаблівае месца ў маім жыцці. Стаўлюся да яго спакойна і карыстаюся ім не так часта. Але ў некаторых момантах ён вельмі дарэчы. Напрыклад, калі бываю на гастролях, не паспяваю адсочваць навіны, але па прыездзе дамоў чытаю электронныя версіі айчынных выданняў. Цікавяць музычныя і культурныя падзеі наогул, а таксама спартыўныя навіны. Сачу таксама і за публікацыямі пра маіх калег або маскоўскіх сяброў. Але Інтэрнэт зручны толькі для хуткага азнаямлення з тэкстамі СМІ. Для сапраўднага ж чытання, такога, якога патрабуе добрая літаратура, лічу, манітор не пасуе — тут неабходна “жывая” кніга ў руцэ.

2. Праца

Сцэнарыі для Ёлкі шукаць у Інтэрнэце няма неабходнасці. У нас ёсць свае выдатныя рэжысёры — тыя ж Вячаслаў Панін, Улада Арцюкоўская, — якія ствараюць добрыя праграмы. Але на прасторы Сеціва, безумоўна, — маса інфармацыі па гэтай тэме. Памятаю, яшчэ калі быў студэнтам Універсітэта культуры і мастацтваў, каб падрыхтаваць заданне, звязанае са стварэннем сцэнарыя, трэба было пра гэта пачытать, знайсці прыклады яго выканання, — тады звяртаўся да пошукавіка. Зараз жа, студэнты расказвалі, амаль усё можна знайсці ў Інтэрнэце, таму для падрыхтоўкі рэфератаў ці выдатнай здачы іспыту нават не трэба заседжвацца ў бібліятэках…

3. Адпачынак

Самае цікавае і любімае для мяне ў Інтэрнэце — мультфільмы. Пасля гастролей, стомлены, уключаю дома мультфільм — і адпачываю. Пасля прагляду заўсёды насычаешся пазітывам і на душы становіцца светла. Нельга недаацэньваць гэты жанр: дарослыя знойдуць тут шмат цікавага, а галоўнае — душэўнага. Апошняя стужка, якую паглядзеў, была пра Ката ў ботах. Люблю пераглядаць старыя серыі “Машы і Мядзведзя”, а з айчыннага — выдатны мультфільм “Воўк і ліса”, агучаны нашымі акцёрамі на беларускай мове.

4. Сваё

Сваёй старонкі ў мяне няма, але тыя, хто цікавіцца маёй дзейнасцю, могуць даведацца пра яе на сайце Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Я акцёр, для мяне на першым месцы заўсёды будуць менавіта жывыя стасункі, узаемаабмен энергетыкай з суразмоўцам. Аднак актыўна карыстаюся электроннай скрыняй для таго, каб кантактаваць з сябрамі ў Сочы і Анапе, акрамя таго, атрымліваю шмат лістоў, сярод якіх, напрыклад, — спасылкі на публікацыі пра мяне. У такім варыянце Сеціва — зручная і незаменная рэч, асабліва для чалавека, у якога ўвесь час распісаны па хвілінах.

5. Думкі

Інтэрнэт — гэта “хвароба” ХХІ стагоддзя з пазітыўнымі, на першы погляд, “сімптомамі”. У Сеціве можна знайсці ўсё, што пажадаеце, але яно забірае занадта шмат часу: сеў пачытаць нешта цікавае — і, як кажуць, ноч знікла. Людзі хутка забудуцца, як у бібліятэкі хадзіць, як знаёміцца ў рэальным свеце, і гэта — сумна. Цяпер ужо знікае неабходнасць выходзіць з дому, наведваць кінатэатры, сустракацца з сябрамі — мы пазбаўляемся чагосьці вельмі важнага, духоўнага, бо калі ўсё можна зрабіць націсканнем адной кнопкі, неабходнасць канструяваць уласную асобу адпадае. Таму ўсімі выгодамі Інтэрнэту трэба карыстацца ў меру — і тады гэта будзе карысна і добра.