Прадзенне з неаліту

№ 51 (1125) 21.12.2013 - 27.12.2013 г

Пра што распавялі прасніцы старажытнага Бярэсця
Прасніца — маленькі прадмет, які нагадвае колца. Здаецца, пра што яна можа расказаць? Але першае ўражанне падманлівае. Менавіта з гэтым прадметам на працягу многіх тысячагоддзяў быў звязаны галоўны жаночы занятак — прадзенне.

/i/content/pi/cult/459/9692/14-1.jpg

Найстаражытным і найпростым прыстасаваннем для вытворчасці пражы быў ручны калаўрот. Перад пачаткам працы расчасаную воўну, ільняное ці канаплянае валакно прымацоўвала майстрыха да свайго калаўрота. А потым выцягвала з кудзелі левай рукой некалькі валокнаў, скручвала іх у нітку і далучала да верацяна, на якое насаджвала прасніцу. Верацяно разам з прыкручаным да яго пачаткам ніткі прыводзіла правай рукой у хуткае кручэнне і адразу адпускала. Павіснуўшы ў паветры, яно працягвала круціцца, паступова выцягваючы і намотваючы нітку. Прасніца служыла для таго, каб узмацніць і захаваць кручэнне, якое інакш спынілася б праз некалькі імгненняў. Калі нітка станавілася дастаткова доўгай, майстрыха намотвала яе на верацяно, а прасніца не давала клубку, што павялічваўся, саслізнуць.

Прасніца вядомая яшчэ з эпохі позняга неаліту (35 — 10 тысяч гадоў таму). Першапачаткова іх рабілі з гліны. Скруціўшы і спляскаўшы з гліны шарык, у ім па цэнтры пратыкалі круглую адтуліну. Потым гліняную прасніцу абпальвалі ў вогнішчы, пазней у печы — і гліна рабілася цвёрдай, як камень. Такая прасніца магла служыць стагоддзі. Пазней, у X — XIII стагоддзях, прасніцы выраблялі з ружовага сланцу, які часцей за ўсё называюць шыферам. Ён здабываўся паблізу Оўручы на Валыні. Месцы яго залежаў былі абмежаваны невялікім раёнам міжрэчча Вужа і Убарці. Оўруцкія майстэрні цягнуліся на 20 кіламетраў, змяшчаючыся ля яроў, багатых выхадамі ружовага шыферу. У каменяломнях высякалі вялікі блок шыферу і распілоўвалі яго на плоскія пліты. Пліты адвозілі ў гарады — Оўруч або Кіеў, і там майстры-каменярэзы высвідроўвалі прасніцы. Важылі яны ў сярэднім каля 16 г, вышыню мелі ад 4 да 12 мм, вонкавы дыяметр — ад 10 да 25 мм, дыяметр адтуліны для верацяна быў 6 — 10 мм. Прасніцы выраблялі розных форм: адны былі — як бочачкі (бочкападобныя), іншыя — як дзве мініяцюрныя трапецыі, злучаныя асновамі (біканічныя), трэція — як частка акружнасці (сферычныя).

Пад час археалагічных раскопак гарадзішча Бярэсця ў рукі археолагаў вельмі часта траплялі шыферныя прасніцы. Усе яны мелі выдатную захаванасць. Здавалася, што іх, якія мірна ляжаць у зямлі, амаль не закранулі адшумелыя над імі стагоддзі. Дзвесце шыферных прасліц, знойдзеных археолагамі ў Бярэсці ў пластах XI — XIII стагоддзяў, маюць дзве формы: біканічную і бочкападобную.

Вытворчасць шыферных прасліц у Оўручы была разлічана на шырокі збыт. Гандляры, якія набылі партыю прасліц, праязджалі з імі немалы шлях, прадаючы іх у розных землях. Па словах вядомага археолага і гісторыка Арцемія Артыхоўскага, “яны цалкам аднолькавыя ў Кіеве і Уладзіміры, у Ноўгарадзе і Разані, нават у Херсанэсе, у Крыме і ў Балгарах на Волзе”.

Оўруцкія прасніцы настолькі шанаваліся, што ўладальніцы на іх прадрапвалі асабістыя пазнакі, а пасля распаўсюджвання пісьменства — падпісвалі свае імёны. Ёсць такая прасніца і ў экспазіцыі археалагічнага музея “Бярэсце”. На ёй прадрапана літара старажытнаславянскай азбукі — кірыліцы “иже”.

Шыферныя прасніцы часам знаходзілі ў скарбах разам з сярэбранымі зліткамі. Стандартнасць і шматлікасць прасніц дазволілі маскоўскаму археолагу і нумізмату Валянціну Яніну выказаць здагадку, што яны выкарыстоўваліся ў “безманетны перыяд” у якасці… грошай разам з ракавінамі кауры, крыштальнымі і сердалікавымі каралямі, мехам. У XII —XIV стагоддзях для Старажытнай Русі была характэрна практычна поўная адсутнасць у грашовым абарачэнні манет. Такім чынам, шыферная прасніца цалкам магла выконваць ролю манеты. Падрабіць яе было немагчыма, бо радовішча ружовага шыферу ў Оўручы — адзінае ва Усходняй Еўропе. У Кітаі, паводле адной з версій, менавіта прасніцы сталі правобразам першых манет з квадратнай адтулінай.

Знойдзеныя пад час раскопак шыферныя прасніцы могуць дапамагчы археолагам у датаванні археалагічнага помніка. Шыферныя прасніцы існавалі з X стагоддзя. У XI стагоддзі яны ўжо атрымліваюць шырокае распаўсюджанне. Найбольшага росквіту дасягае вытворчасць шыферных прасніц у XII стагоддзі, да канца XII — выраб іх крыху памяншаецца і зусім спыняецца з татара-мангольскім нашэсцем. У XIII стагоддзі, пад час нашэсця мангола-татараў, Оўруч быў цалкам зруйнаваны, разбураны майстэрні, забіты майстры-каменярэзы... Вытворчасць шыферных прасніц спынілася, і папрадухі зноў вярнуліся да гліняных прасніц…

Святлана ШЧЭРБА, загадчык філіяла “Археалагічны музей “Бярэсце” Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея