Маэстра абразной гравюры

№ 50 (1124) 14.12.2013 - 20.12.2013 г

Зіновій Гарбавец і яго віцебская “сямігодка”
Імя Зіновія Гарбаўца амаль што нічога не гаворыць сучаснаму аматару выяўленчага мастацтва. Толькі ў некаторых даследчыкаў беларускай графікі 1920-х гадоў (І.Фурман, В.Шматаў, А.Падліпскі, М.Цыбульскі) можна знайсці штосьці пра гэтага таленавітага майстра, аднаго са стваральнікаў беларускай абразной гравюры — ксілаграфіі (дрэварыта). І ў гэтым ён з’яўляўся годным нашчадкам Ф.Скарыны, П.Мсціслаўца, Ф.Ангілейкі, у выданнях якіх выкарыстоўвалася прыкладна такая ж гравёрная тэхніка. Думаю, што Гарбаўца можна смела паставіць у адзін шэраг з такімі цікавымі мастакамі-графікамі, яго сучаснікамі, як Я.Мінін і С.Юдовін, а як выдатнага майстра нацыянальнага экслібрыса — з П.Гуткоўскім, А.Тычынам, Г.Змудзінскім. Урэшце, і пра гэтых творцаў сёння, на вялікі жаль, мала хто ведае, уключаючы і творчую моладзь…

/i/content/pi/cult/458/9685/15-2.jpg /i/content/pi/cult/458/9685/15-3.jpg

Пра дзяцінства і юнацтва Зіновія Гарбаўца я нічога не ведаю. Так, ён нарадзіўся 17 мая 1897 года ва Украіне, у г.Звянігародка Кіеўскай губерні (цяпер — Чаркаская вобласць). Гэта недалёка ад вёскі Марынцы, дзе нарадзіўся Тарас Шаўчэнка. Бацькі будучага мастака былі рабочыя, хутчэй за ўсё — цукровага завода. Там, у павеце, дзе працякала маляўнічая рака з немаляўнічай назвай Гнілая Цікіч, такіх заводаў было ажно шэсць.

Магчыма, Зіновій вучыўся ў мужчынскім двухкласным вучылішчы, пасля пераехаў у Чарнігаў, дзе працягнуў вучобу ўжо ў Чарнігаўскім рэальным вучылішчы. Там жа некаторы час займаўся ў народнай студыі выяўленчага мастацтва (а не ў мастацкім вучылішчы, як пішуць амаль усе пра Гарбаўца, бо такога вучылішча ў Чарнігаве тады наогул не існавала). У каго ён мог браць першыя ўрокі рысавання — таксама невядома. Магу дапусціць, што — у Фёдара Чырко, жывапісца і рысавальшчыка, аўтара шэрагу гістарычных і жанравых карцін. З 1915-га гэты мастак пастаянна жыў у Чарнігаве і з мясцовай адоранай моладзю меў цесныя творчыя стасункі. Цікава, што яшчэ ў пачатку 1880-х гадоў ён пазіраваў самому Мікалаю Ярашэнку, класіку-перасоўніку, для яго “народовольческой” карціны “Студэнт”, якая стала знакамітай.

Пасля студыі Гарбавец нейкі час выкладаў маляванне ў чарнігаўскай сярэдняй школе, а потым, у 1919-м, нечаканна вярнуўся дадому ў Звянігародку — мабыць, штосьці было звязана з сямейнымі справамі. Пару гадоў працаваў тут у дзіцячым доме — вучыў сіроцкіх дзетак рысаваць і разумець цудоўнае.

Як ён трапіў на Беларусь, для мяне застаецца загадкай. Вядомы віцебскі краязнаўца Аркадзь Падліпскі, напрыклад, лічыць, што Гарбавец апынуўся у нашай краіне выпадкова: “Яго прывабіла педагагічная дзейнасць у паліграфічнай школе Мінскага паліграфічнага камбіната”. Але якім чынам ён у 1923-м “выйшаў на Мінск”, хто яго падштурхнуў на гэтае падарожжа з Украіны на Беларусь, і з якім пачатковым творчым багажом уступіў на беларускую зямлю, сказаць цяжка. Што ён рабіў і дзе дакладна працаваў цэлы год у Мінску, таксама — “белая пляма”. Магчыма, працаваў у беларускім аддзеле Дзяржаўнага выдавецтва РСФСР, створанага ў нашай сталіцы ў лістападзе 1920-га? Мемуараў мастак не пакінуў, хаця і пражыў доўгае жыццё, пакінуўшы свет у 1987 годзе ў Маскве. Канешне, у свой час я мог бы распытаць пра Гарбаўца тых, хто яго асабіста ведаў у 1920-я гады, — Заіра Ісакавіча Азгура, напрыклад, ці Анатоля Мікалаевіча Тычыну і Андрэя Ануфрыевіча Бембеля, але тады пра Гарбаўца я сам нічога не чуў і такога пытання ў мяне, зразумела, не ўзнікала.

Вядома іншае. У канцы 1923-га Гарбавец ужо ў Віцебску. Гэта і не дзіўна: Віцебск у той час у краіне быў цэнтрам новага мастацка-педагагічнага руху. Пасля кардынальнай рэарганізацыі “лявацкага” Мастацка-практычнага інстытута ў Беларускі мастацкі тэхнікум і ад’езду Малевіча і ягоных паплечнікаў з Віцебска, у горадзе на Дзвіне пачалася буйная перабудова ў духу акадэмічна-рэалістычнага мастацтва, “зразумелага народу і зразуметага народам”.

Першыя адэпты гэтай перабудовы былі выхавальнікі пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, педагогі мастацкай школы ў Веліжы (тады яшчэ — Віцебская губерня) Міхаіл Керзін, Валянцін Волкаў, Міхаіл Эндэ і Марыя Лебедзева. Менавіта гэтая чацвёрка і была запрошана ў Віцебск з Веліжа для арганізацыі новай навучальнай установы — тэхнікума, які праіснаваў аж да пачатку Вялікай Айчыннай вайны як кузня кадраў беларускага савецкага прафесійнага выяўленчага мастацтва. Але пра гэта было падрабязна напісана ў папярэдніх нумарах “К” у матэрыяле “Эпоха ВМТ”.

Словам, праз год, у лістападзе 1924-га, Гарбавец атрымаў у тэхнікуме пасаду выкладчыка рысавання. Здавалася, усё ішло добра. Яго першыя вучні, скажам, З.Азгур, М.Гусеў, Р.Семашкевіч, В.Дзежыц, А.Бембель, М.Пашкевіч, радавалі сваёй мэтанакіраванасцю і прагай да ведаў. Ды і ніякіх канфліктных праблем з калегамі-педагогамі ў Гарбаўца не было. Аднак праз год дырэктар Міхаіл Керзін выклікаў Гарбаўца “на гутарку” і паведаміў яму пра тое, што ўрокі рысавання ў тэхнікуме адмяняюцца і з новага навучальнага года пасада Гарбаўца ліквідуецца. Словам, проста-такі трэба звальняцца і сыходзіць у нікуды.

Спачатку Гарбавец не пагадзіўся з такім рашэннем і звярнуўся са скаргай у аддзел працы выканкама Віцебскага акружнога Савета рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, а пазней, у снежні 1925-га, — у Віцебскі акружны суд. Пісаў і ў іншыя інстанцыі. Але ўсё дарэмна. І каб зарабіць на кавалак хлеба, ён уладкаваўся простым настаўнікам у школе, а потым перайшоў у мясцовы педагагічны тэхнікум, дзе вёў рысунак. Праўда, у 1928-м, калі пры Мастацкім тэхнікуме былі адкрыты курсы малявання для рабочых і чырвонаармейцаў, Гарбаўца ўзялі на пасаду кіраўніка гэтых курсаў, дзе займалася больш за паўсотні маладых людзей. Але Гарбавец тут затрымаўся ненадоўга: праз год ён з’ехаў у Маскву, і, як аказалася, болей у Беларусь не вяртаўся.

Але, як бы там ні было, у Віцебску Гарбаўца добра ведалі ўсе, хто меў дачыненне да мастацтва. Яго імя трывала і моцна замацавалася ўжо ў сярэдзіне 1920-х. Так, у 1927-м тыражом 75 асобнікаў у мясцовым выдавецтве “Камінтэрн” выйшла ў свет 44-х старонкавая кніга “З.И. Горбовец. Гравюры на дереве” (з дзесяці гравюр) з прадмовай Усевалада Воінава і тэкстам Івана Фурмана. На сённяшні дзень захавалася некалькі асобнікаў, адзін з якіх — з аўтографам мастака на пярэднім форзацы: “Глубокоуважаемому Дмитрию Ермолаичу Блохину от автора гравюр Зиновия Горбовца. 12 августа 1929 г. Москва”. Дарэчы, гэтае выданне да сённяшняга дня з’яўляецца ці не адзіным у нашай краіне альбомам абразных гравюр, створаных адным майстрам.

У тым жа 1927 годзе ў лістападзе Гарбавец прыняў удзел у выстаўцы “Гравюра СССР за 10 гадоў”, якая паспяхова прайшла ў маскоўскім Музеі прыгожых мастацтваў на Валхонцы, 12. У экспазіцыі побач з ксілаграфіямі Гарбаўца сцены ўпрыгожвалі творы ягоных калег з Беларусі — С.Юдовіна і М.Аксельрода, а таксама А.Лентулава, А.Шаўчэнкі, Я.Лансарэ, Р.Гідоні, Р.Фалька, П.Паўлінава, Г.Астравумавай-Лебедзевай, В.Чакрыгіна, А.Ганчарова, П.Шылінгоўскага. Кампанія вельмі някепская: па сутнасці, лепшыя савецкія творцы таго часу, у тым ліку і жывапісцы, для якіх мастацтва графікі было не проста руціннай работай, а “ладам жыцця”. А для Гарбаўца — перш за ўсё. Асабліва — у партрэтнай гравюры і экслібрысе. Скажу без перабольшання: у 1920-я Віцебск нароўні з Ленінградам і Масквой стаў адным з цэнтраў развіцця мастацтва савецкай ксілаграфіі, і ў гэтую “палітру” сваю ноту ўнёс і Зіновій Гарбавец.

У 1926 годзе вядомы краязнаўца Мікалай Каспяровіч прывёў Гарбаўца ў Віцебскае акружное таварыства краязнаўства, каб той прыняў удзел у выхадзе ў свет унікальнага выдання — кнігі нямецкага мастацтвазнаўцы Альберта Іпеля ”Беларускае мастацтва”. Таго самага Іпеля, які, пабачыўшы стары разны іканастас Слуцкай Юр’еўскай царквы, назваў яго “сапраўдным вянком мастацтва, красой беларускіх цэркваў”. Дык вось, Гарбавец пераклаў кнігу на рускую мову, а Каспяровіч з рускай мовы — на беларускую. Гэтая кніга стала адным з першых выданняў пра беларускае мастацтва, аформленая Гарбаўцом малюнкамі для вокладкі і тытульнага аркуша. Мастак таксама ўпрыгожыў графічнымі кампазіцыямі два выпускі краязнаўчага зборніка “Віцебшчына”...

Барыс КРЭПАК

 

Працяг гісторыі — у наступных нумарах.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"