Ментальная прастора...

№ 49 (1123) 07.12.2013 - 13.12.2013 г

...і нацыянальныя скарбы
У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь гасцюе Расійскі этнаграфічны музей. Да нас прывезлі выставачны праект “Белая Русь і яе суседзі”.

/i/content/pi/cult/457/9667/14-1.jpg /i/content/pi/cult/457/9667/14-2.jpg

У экспазіцыйнай прасторы — больш як 700 аўтэнтычных матэрыяльных помнікаў традыцыйнай культуры народаў, якія здаўна засялялі гістарычны абшар, што калісьці называўся Вялікім Княствам Літоўскім, а пазней атрымаў імя Беларусі — народаў, якія спрычыніліся да фарміравання нашай нацыі. Але пры тым, што ў экспазіцыі прадстаўлены розныя этнічныя групы, ад яе прагляду застаецца ўражанне адзінай культурнай і ментальнай прасторы.

Сэнсавы стрыжань экспазіцыі — традыцыйныя касцюмы. Кожны з іх можна назваць шэдэўрам паводле крытэрыяў эстэтыкі і функцыянальнасці. А тэмай, якая дазваляе прадставіць касцюм найлепшым чынам, арганізатары выстаўкі абралі вяселле. Названы кірунак дапаўняе немалы раздзел музычных інструментаў.

Вялікая ўвага нададзена таксама рэлігіі, якая да з’яўлення сацыяльна арыентаванай філасофіі была, а дзе і застаецца па сёння, асноўным духоўным апірышчым чалавека і грамадства. Канфесійныя асаблівасці, на думку аўтараў экспазіцыйнай канцэпцыі, — важны чыннік нацыянальнага сумоўя і гарант культурнай разнастайнасці.

А паколькі святы — толькі малая частка чалавечага жыцця, а асноўны змест усё ж такі — праца, то на выстаўцы экспануюцца матэрыялы, якія даюць уяўленне пра традыцыйныя рамёствы. Гэта ткацтва, кавальства, дрэваапрацоўка, ганчарства — інакш кажучы, тое, на чым трымаўся побыт у даіндустрыяльную, даўрбаністычную эпоху. Па сутнасці, перад намі — знакі зніклага часу, пададзеныя менавіта ў такой якасці, каб быць цікавымі сённяшнім беларусам.

Уявіць этнічныя межы Беларусі тых часоў дазваляе карта, складзеная на пачатку мінулага стагоддзя навукоўцамі, якія кіраваліся выключна фактамі. Цікава, што яна амаль супадае з картай Вялікага Княства Літоўскага, але без Украіны і Жмудзі.

Крыху фактаў і рэтраспекцыі

Калекцыю Расійскага этнаграфічнага музея складаюць каля 500 тысяч рэчавых помнікаў і фотаздымкаў традыцыйнай культуры 158 народаў Расіі і сумежных краін. Збор ахоплівае перыяд з канца XVIII стагоддзя да нашых дзён. Зразумела, што падзел музейных фондаў на “Расію” і “сумежныя краіны” адбыўся адносна нядаўдна. А на момант стварэння базавай калекцыі гэта быў абшар адзінай Расійскай імперыі, а потым — Савецкага Саюза. Музей ствараўся як навуковы і асветніцкі. Месціцца ён у шыкоўным будынку пачатку ХХ стагоддзя на пецярбургскай Плошчы Мастацтваў, суседнічаючы з Рускім музеем. Варта адзначыць, што гэта не палац, прыстасаваны пад музей, а гмах, спецыяльна ўзведзены для экспанавання і захоўвання калекцыі.

Мне даводзілася бываць у гэтым музеі, калі горад насіў імя Ленінград. Запомнілася, што вялікая колькасць экспанатаў не стамляла вока, дзякуючы правільнай пабудове экспазіцыі. А яшчэ тое, што народы не падзяляліся на “вялікія” і “малыя”, ніякім чынам не вылучаючы пэўны з іх з агульнага шэрагу. Для той эпохі такая далікатнасць, ці, як сказалі б мы сёння, паліткарэктнасць была з’вай нетыповай. Урэшце, арганізатары цяперашняй выстаўкі засяроджваюць нашу увагу не на тым, што народы розніць, а на тым, што іх яднае.

Тым часам

Таксама Нацыянальны гістарычны прэзентаваў праект "Новае жыццё нацыянальных скарбаў", створаны сумесна з банкам "БелВЭБ" — партнёрам установы.

/i/content/pi/cult/457/9667/14-3.jpg /i/content/pi/cult/457/9667/14-4.jpg

Фота аўтара і Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"