Эпоха ВМТ

№ 49 (1123) 07.12.2013 - 13.12.2013 г

Адсюль выйшаў той рэалізм, які радыкальна разбурыў падмурак авангарда
…А зараз я трошкі распавяду пра няпростыя лёсы некаторых педагогаў Віцебскага мастацкага тэхнікума (вучылішча), пра якіх сучасны чытач мала што ведае. Перш за ўсё — Міхаіла Керзіна, скульптара, педагога і першага дырэктара ўстановы (1923 — 1928 гг.). Пасля яго тэхнікум на кароткі тэрмін узначаліў пісьменнік Віталь Вольскі. Дык вось, Міхаіл Аркадзьевіч — асоба складаная, супярэчлівая.

/i/content/pi/cult/457/9666/15-1.jpg

/i/content/pi/cult/457/9666/15-2.jpg

(Заканчэнне. Пачатак у № 46 — 48.)

Уласна кажучы, Керзін быў чалавекам далёка не простым і не вельмі камунікабельным, як яго прадстаўлялі некаторыя мастацтвазнаўцы, у тым ліку Уладзімір Бойка і Алег Белавусаў, якія сустракаліся з ім у Ленінградзе, калі стваралі сцэнарый дакументальнай стужкі “Прафесар прыгажосці”. Там жа, у Інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна, таксама аднойчы, напрыканцы 1960-х, разам з супрацоўнікам Мінкультуры БССР Уладзімірам Марокіным, я пабываў у прафесара і пагутарыў з ім, ужо вельмі пажылым чалавекам. Ён жыў у маленькай кватэры на чацвёртым паверсе дома на 4-й лініі Васільеўскага вострава, непасрэдна ў Акадэміі мастацтваў. Маэстра прыняў нас добра, частаваў каньяком і чаем, шмат распавядаў пра мастацтва, паказаў нам цікавы медаль у гонар 300-годдзя Дома Раманавых, які ён зрабіў яшчэ ў 1912-м. Памятаю, там на аверсе быў адлюстраваны двухгаловы арол са скіпетрам і дзяржавай, а на рэверсе — партрэты Мікалая II у форме палкоўніка стралковага палка і “бацькі” дынастыі Раманавых — Міхаіла Фёдаравіча ў царскім адзенні і шапцы. Праўда, я моўчкі здзівіўся, чаму выявы абрамлены візантыйскім арнаментам з пацерак (рыска з кропкай), хаця мне было незразумела, якія адносіны мела Візантыя да Дома Раманавых. Далей Керзін, успамінаючы сваіх беларускіх калег, не мог дараваць крыўду тым сваім вучням па Віцебскім мастацкім тэхнікуме (акрамя Аляксея Глебава), хто яго пасля вайны цкаваў за так званы касмапалітызм, у выніку чаго Керзіну ў 1949 годзе давялося назаўсёды пакінуць Беларусь.

Праз нейкі час я зразумеў, што ў натуры Міхаіла Аркадзьевіча арганічна ўжываліся вельмі разнародныя, часам процілеглыя, элементы: унікальны педагагічны талент і не вельмі высокая якасць уласна акадэмічнай станковай і манументальна-дэкаратыўнай скульптуры (акрамя цікавай “дробнай”, медальернай пластыкі); унутраны прыродны арыстакратызм і жорсткія адносіны да “безыдэйнай форматворчасці” калег; унікальнае веданне гісторыі сусветнага выяўленчага мастацтва, музыкі, старажытнагрэчаскай філасофіі, эстэтыкі і этыкі, архітэктуры і адкрытая падтрымка ўлад у барацьбе з “нацдэмаўшчынай”, “фармалізмам”, “левізной”, “буржуазным уплывам”, а значыць — з часткай сваіх калег, якія потым былі рэпрэсаваны (Я.Мінін, браты Даркевічы, М.Касцялянскі, М.Шчакаціхін ды іншыя).

Міхаіл Керзін пераехаў з Віцебска ў Мінск яшчэ на пачатку 1930-х, дзе ўдзельнічаў у рабоце брыгады скульптараў, сваіх былых вучняў, якія афармлялі новы Дом урада, але і там сваіх поглядаў на мастацтва сацыялістычнага рэалізму, яго носьбітаў і тых, хто “памыляўся”, не змяняў. Што ж да Міхаіла Георгіевіча Эндэ, які вельмі шмат зрабіў для выхавання творчай моладзі тэхнікума, то ён пакінуў Віцебск у 1931-м. Пераехаў у Маскву і цалкам перайшоў на газетную работу. Працуючы ў газеце “Вечерняя Москва”, ён пачаў выяўляць свае здольнасці графіка, добра ведаючы тэхніку газетнай ілюстрацыі. Але 16 красавіка 1932 года на станцыі “Праўда”, каля Масквы, 43-гадовы мастак трапіў пад колы экспрэса і загінуў. А яго таварыш па педагогіцы Фёдар Адольфавіч Фогт (таксама, як і Эндэ, зусім не вывучаны нашымі мастацтвазнаўцамі), застаўся ў Віцебску і там жа, ва ўзросце 53 гадоў, памёр ад сухотаў 5 лістапада 1939-га. Дарэчы, цягам шасці гадоў ён быў намеснікам дырэктара тэхнікума, а графічнае аддзяленне адкрылася менавіта па ягонай ініцыятыве і дзякуючы яго намаганням. У свой час надмагільны бронзавы бюст гэтага мастака стварыў скульптар Аляксандр Гвоздзікаў, але работа доўга не прастаяла: яе скралі злодзеі, “паляўнічыя на бронзу”...

Уладзімір Якаўлевіч Хрусталёў, карэнны пецярбуржац — з сям’і рабочага-пуцілаўца. Да пецярбургскай Акадэміі мастацтваў вучыўся ў студыі знакамітага Барыса Кустодзіева. Акадэмію не скончыў, і ў 1919-м як малады выкладчык трапіў у Народную мастацкую школу горада Веліжа Віцебскай губерні. Потым тры гады працаваў на гранільнай фабрыцы паблізу Петраграда-Ленінграда, адкуль стары сябра М.Керзін у 1926-м перацягнуў яго ў Віцебскі тэхнікум. Там Уладзімір Якаўлевіч паспяхова працаваў аж да Вялікай Айчыннай. З 1947 года і да самай смерці, да вясны 1954-га, выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы. У даваенны віцебскі перыяд напісаў такія палотны, як “Прыезд Леніна ў Пецярбург”, “Від Віцебска”, “Будаўніцтва”, “Вясна”, “Канцэрт лесасплаўшчыкаў на Дзвіне”. Але ў гісторыю беларускага жывапісу ўвайшоў перш за ўсё пасляваеннай карцінай “Канстанцін Заслонаў”. Уласна кажучы, пра Хрусталёва-жывапісца вядома няшмат. Ні альбома, ні манаграфіі, ні мастацтвазнаўчага даследавання пра яго не існуе; ён апынуўся як бы на ўзбочыне галоўнага шляху развіцця беларускага мастацтва. Праўда, у 1959-м пра яго быў выдадзены сціплы буклецік мастацтвазнаўцы С.Палееса. І ўсё.

І вось нядаўна вядомы віцебскі культуролаг і краяўзнаўца Аркадзь Падліпскі на аснове архіўных дакументаў, якія захоўваюцца ў фондзе гарадской управы Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, сёе-тое расказаў пра невядомую старонку складанага жыцця мастака ў акупаваным немцамі Віцебску. Аказваецца, Хрусталёў спачатку “займаўся ў сябе дома мастацкай справай без патэнту і рамеснай картачкі”, г. зн. проста маляваў пейзажы ды партрэты. Але потым патэнт аформіў і ўсе неабходныя падаткі ў пачатку 1943-га заплаціў. Словам, жыў за кошт продажу сваіх работ (цана за пейзаж ці партрэт вагалася ад 300 да 350 рублёў). З восені 1943-га мастака ў Віцебску ужо няма. Дзе ён атабарыўся  — невядома. І толькі праз чатыры гады ён з’явіўся ў Мінску. Можна зрабіць здагадку, што мастак нейкі час праходзіў праверку ў адпаведных органах НКУС на прадмет яго прабывання ў акупацыі. Зыходзячы з таго, што Хрусталёву дазволілі займацца педагагічнай дзейнасцю, ніякага кампрамату наконт сувязей з немцамі на яго знойдзена не было.

Марыя Васільеўна Лебедзева. Пра яе жыццё ды творчасць таксама амаль што нічога і няма. Яна скончыла Пецярбургскую школу Таварыства падтрымкі мастацтваў, пасля чаго паступіла ў Акадэмію і правучылася там тры гады. Лёс закінуў яе ў Веліжскую мастацкую школу. А потым разам з Керзіным, Волкавым і Эндэ апынулася Лебедзева ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме на пасадзе педагога. Марыя Васільеўна была таленавітым жывапісцам, графікам, манументалістам. Ахвотна і пастаянна малявала пейзажы Віцебска, займалася экслібрысам, кніжнымі ілюстрацыямі, застаўкамі і вокладкамі для Белдзяржвыдавецтва; вельмі шмат выкарыстоўвала ў сваёй творчасці элементы народнага беларускага арнамента. У 1932 годзе вярнулася ў Ленінград, але творчых сувязей з Беларуссю не страціла: у 1933 — 1936 гг. прымала актыўны ўдзел у роспісе плафонаў у фае новага будынка Дома ўрада БССР.

Равеснік Лебедзевай, Леў Маркавіч Лейтман, як педагог пакінуў па сабе вельмі добрую памяць сярод вучняў і Віцебскага мастацкага вучылішча, і пасляваеннага Мінскага мастацкага вучылішча. Да таго ж, ён быў і цудоўным майстрам акварэлі і гуашы. Народжаны ў Петрыкаве, што на Гомельшчыне, ён яшчэ да рэвалюцыі атрымаў прафесійную адукацыю ў Адэсе, потым — у віцебскай майстэрні Ю.Пэна. А з 1931 года да пачатку вайны, як і яго сябра Валянцін Дзежыц, выкладаў маляванне ў Віцебскім тэхнікуме-вучылішчы. Я добра ведаў Льва Маркавіча, і, сапраўды, гэта быў вельмі таленавіты і добры чалавек, эрудыт, эксперыментатар, для якога не было ніякіх таямніц і ў галіне акварэльнага жывапісу, і ў сферы педагагічнай адукацыі.

Леанід Шчамялёў узгадвае такі выпадак у Віцебску. Неяк у годзе саракавым ён праходзіў міма вучылішча і раптам падумаў: “А зайду ўнутр: пагляджу, як там дыхаецца будучым мастакам”. Зайшоў. Пабачыў на сцяне студэнцкія карціны. Пакачаў галавой: “Не, мне да гэтага далёка…” А тут насустрач — чалавек лет сарака пяці. Леанід яго пазнаў: бачыў на эцюдах на беразе Дзвіны. Гэта быў Лейтман. Леў Маркавіч спыніўся, спытаў: “З якой мэтай вы да нас завіталі, мой юны сябра?” — “Ды вось, разумееце, люблю маляваць…” — “Усе любяць маляваць, а працаваць хто будзе?” — перабіў яго педагог. Лёня паціснуў плячыма, нічога не адказаў, павярнуўся і выйшаў. А праз сем гадоў Лейтман прымаў у франтавіка Шчамялёва экзамены ўжо ў Мінскае мастацкае вучылішча…

Калі мне Леанід Дзмітрыевіч расказваў гэтую гісторыю, я ўспомніў начальніка піянерскага лагера Дыніна (у выкананні Яўгена Яўсцігнеева), які сказаў у фільме “Добро пожаловать, или Посторонним вход воспрещен!” крылатую фразу: “Піянеры! Не займайцеся балетам, а займайцеся справай!”

Ну, пра Івана Восіпавіча Ахрэмчыка, таленавітага педагога і выдатнага жывапісца, расказваць не буду: яго імя добра вядомае ў краіне. Пра трагічныя лёсы іншых педагогаў — Яфіма Мініна і братоў Хрыстафора ды Пятра Даркевічаў “К” ужо раней пісала.

Пасля вайны мастацкі і культурна-педагагічны цэнтр краіны перамясціўся ў Мінск, дзе было спачатку адкрыта мастацкае вучылішча, а потым Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Але Віцебск у гэтых адносінах не застаўся ўбаку. Другое адраджэнне яго пачалося з адкрыцця ў 1949 г. мастацка-графічнага педвучылішча. Новым этапам у развіцці педагагічнай школы стала стварэнне ў 1959-м мастацка-графічнага факультэта пры Віцебскім педагагічным інстытуце імя С.М. Кірава (цяпер — Віцебскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава), з якога выйшла бліскучая плеяда мастакоў розных стыляў і кірункаў, вядомых сёння далёка за межамі Беларусі. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя…

Папярэднія артыкулы цыкла:

частка І;

частка ІІ;

частка ІІІ.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"