“А юрыст не пашкодзіў бы…”

№ 49 (1123) 07.12.2013 - 13.12.2013 г

Галіна БАЛІНСКАЯ, Ашмянскі райвыканкам:
Ашмянскі раён магутны зладжанай ды ініцыятыўнай камандай работнікаў культуры, якія супольна “нараджаюць” самыя розныя трансгранічныя творчыя праекты, ярка “ажыўляюць” фестывальныя Гальшаны, супрацоўнічаюць са спонсарамі… А ў кіраўніка аддзела — заўжды свой прынцыповы погляд на рэчы, з’явы і праблемы.

/i/content/pi/cult/457/9662/12-5.jpg

— Цалкам пагаджаюся з выступленнем у № 48 газеты “Культура” майго калегі — Аляксандра Тронькіна з Міёрскага раёна. Пытанне з састарэлым штатным раскладам хвалюе работнікаў культуры ўсёй рэспублікі. Хацелася б больш глыбока акрэсліць праблему. За кошт пазабюджэту трымаем наступныя штатныя адзінкі: дзі-джэя, касіра, бухгалтара… Бухгалтэрыя асабліва ў нас пакутуе з-за адсутнасці штатных адзінак. Установы сталі юрыдычнымі асобамі, нагрузкі вялікія. Гэта ў сістэме адукацыі канкрэтна вызначаны працоўныя нормы для бухгалтараў, а ў культуры іх няма. Ведаю, што ў кожным раёне пытанне вырашаецца па-рознаму.

У пэўных раёнах сфера культуры мае юрыста, у большасці ж — яго няма. Разумею, што старшыні райвыканкамаў патрабуюць ад маіх калег аргументацыі для ўвядзення ў штат такога спецыяліста. Але ж ці патрэбна тут аргументацыя? Канкрэтная сітуацыя: заключэннем дагавораў займаецца эканаміст, які не заўжды можа ўлічыць безліч прававых нюансаў. Тое ж — і з правядзеннем тэндараў, рэалізацыяй праектаў, звязаных з выдаткаваннем грантаў... Любую рэч, што каштуе больш за 30 базавых велічынь, мы не можам купіць без абвяшчэння тэндэру і наладжвання электронных таргоў. Працэс расцягваецца амаль на год. Натуральна, мы вучымся, асвойваем гэты працэс. Але ўсё роўна, юрыст патрэбны, як паветра…

А вось і яшчэ адна праблема. Звязана яна з тым, што ў Дзяржаўнай праграме “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады закладзены паказчыкі павелічэння дынамікі нашага развіцця без уліку сённяшняй дэмаграфіі. Гэта Дзяржпраграма, яе трэба няўхільна выконваць. Але мы прааналізавалі: за пяць апошніх гадоў насельніцтва Ашмяншчыны зменшылася на дзве тысячы чалавек. А ўстановы культуры паўсюдна ахоплены працэсамі аптымізацыі і інтэграцыі. Многія, што не апраўдалі свайго прызначэння пры сённяшняй дэмаграфічнай сітуацыі, проста зніклі. Атрымліваецца вось што: мы клубы закрываем, а колькасць фарміраванняў і гурткоў пры гэтым павінны няўхільна павялічваць. А дзе тых дзяцей браць, калі ўжо школы пазнікалі? Праблему трэба неадкладна ўзнімаць!..

Як бы там ні было, творчае жыццё аддзела віруе, як і раней. На месцы мы не стаім, а рушым наперад. Практычна завяршылі, да прыкладу, падрыхтоўку экспазіцыі нашага новага краязнаўчага музея. Пастараліся адысці ад агульнапрынятага тыпавога стандарту. Музей, урачыстае адкрыццё якога адбудзецца неўзабаве, атрымаўся непадобным на іншыя. Нам пашанцавала на мастакоў-дызайнераў. Скажам, намаляваная на шкляной вітрыне царква, праецыруецца на акно і выглядае, лічыце, сапраўднай. Паяднанне яўнага і ўяўнага стварае эфект нейкага музейнага чарадзейства… Тое ж — і з адлюстраваннем нашых знакамітых вёсак Жупраны, Гальшаны, Мурашмянка, Баруны дзе арганічна спалучаюцца аўтэнтыка і шляхетнасць. Не спыняем працу і над рэалізацыяй шматлікіх творчых праектаў. Прыязджайце — убачыце!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"