Хто супраць Макса Каржа?

№ 49 (1123) 07.12.2013 - 13.12.2013 г

Феномен першага нашага артыста, які “ўзяў” “Мінск-Арэну”
Беларуская музычная тусоўка працягвае спрачацца пра феномен Макса Каржа — 25-гадовага рэпера, які нарадзіўся ў Лунінцы і сабраў у лістападзе аншлагавы канцэрт (13 тысяч гледачоў) у “Мінск-Арэне”. Пакуль заслужаныя і народныя артысты, на жаль, толькі мараць пра такую колькасць людзей на сваіх выступленнях, Корж, на рахунку якога два альбомы, з лёгкасцю, як, прынамсі, падаецца звонку, “рэкрутаваў” спачатку сталічны Палац спорту, а затым і найбуйнейшую закрытую канцэртную пляцоўку краіны. У чым жа загадка Каржа, калі яна ўвогуле існуе? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да айчынных музыкантаў і прадстаўнікоў шоу-бізнесу, а яшчэ —да іх калегі з Украіны, таксама, дарэчы, нашага чалавека (колішні ды-джэй і праграмны дырэктар на шэрагу мінскіх радыёстанцый).

/i/content/pi/cult/457/9657/7-3.jpg

Меркаванні “за”

Віталь КАРПАНАЎ, лідар гурта “Дразды”:

— Мяне, безумоўна, радуе з’яўленне такога артыста, як Макс Корж, яго поспех і папулярнасць! Не скажу, што мне падабаецца кірунак музыкі, у якім ён працуе, але, прызнаюся, праслухаў многія песні Макса і паспрабаваў разгадаць, у чым сакрэт поспеху. Гэта тое, што звычайна называюць сумленнасць і шчырасць артыста, у якія паверыў слухач і прымерыў на сябе, пазнаў сябе ў песнях. І — прыйшоў у “Мінск- Арэну”, каб убачыць яшчэ тысячы аднадумцаў. “Дразды” не збіраюць вялікія залы, мы не папулярныя на ўзроўні тысячных аншлагаў, і, як паказвае практыка, эфіры на радыё і ТБ не даюць гарантыі аншлагаў.

Што будзе з Максам у далейшым — прадбачыць складана. У любым выпадку, я жадаю яму поспеху! Урэшце, Корж — не першы сучасны беларускі артыст, які дамогся папулярнасці на радзіме не з “дапамогай” Масквы або Кіева, а, як кажуць, знутры.

Павел ТАРАЙМОВІЧ, гурт “Цягні-Штурхай”:

— Пра Макса я даведаўся толькі тады, калі ён сабраў мінскі Палац спорту, тады ж паслухаў яго альбом. Мне здаецца, гэта музыка пакалення ад 13 да 25 гадоў. Не магу аб’ектыўна ацэньваць яе, паколькі крыху старэйшы. Не буду шчырым, калі скажу, што мне спадабаліся ўсе яго песні, але нешта новае, цікавае, тое, што не пакідае абыякавым, у іх ёсць.

Аншлаг на “Мінск-Арэне” сведчыць пра тое, што Корж патрапіў у кропку, ён спявае (ці, дакладней, чытае) аб праблемах сваіх аднагодкаў, “загортваючы” кампазіцыі ў сучасную “абгортку”. Рэп цяпер у модзе, а разам з удалымі песнямі і харызмай атрымалася сапраўдная бомба!

З вялікіх нашых выступаў адразу прыгадваецца канцэрт у Гродне недзе ў 2004-м, праўда, на гарадской плошчы, калі ў рамках мерапрыемства адной з радыёстанцый сабралася тысяч сорак гледачоў. А з білетных канцэртаў, наколькі я памятаю, самай вялікай пляцоўкай стаў Палац Рэспублікі ў 2007-м. На Палац спорту тады не замахнуліся. А мо дарма? Цяпер ёсць прыклад, да чаго трэба імкнуцца.

Пра будучыню Каржа складана казаць. Шмат што залежыць ад яго самога. Калі галава не закружыцца ад папулярнасці, то, мяркую, ён цалкам можа збіраць аншлагі, доўгія гады застаючыся топавым выканаўцам. Для гэтага патрэбны матывацыя і новыя песні.

Алекс ДЭВІД, саліст, аўтар песень гурта “Atlantica”:

— Можа, кагосьці тое здзівіць, але ў маім плэеры ёсць трэк Макса “Неба дапаможа нам” — песня, здольная выводзіць людзей на танцпол. Гэта self-made-артыст, якога заўважылі і дапамаглі стаць паспяховым. Ён малады, шмат у чым дзёрзкі, у яго трэндавая музыка, якая сёння лёгка становіцца папулярнай. Дастаткова паглядзець на таго ж Страмая — бельгійскага рэпера. Каб я быў маладзейшы, напэўна, рабіў бы нешта ў гэтым кірунку.

Аншлаг на канцэрце Каржа ў Палацы спорту, а затым — у “Мінск-Арэне” кажа мне пра тое, што моладзь сёння не ў “тэлеку”, а ў сацыяльных сетках, яна стамілася ад традыцый, шаблонаў, шукае новае, невядомае. І дзякуй богу! Ці пайшоў бы я на канцэрт Макса? Мабыць, так. Энергія маладосці павінна быць і ў тых, хто старэйшы, як стымул працягваць рабіць добра сваю справу, у тым ліку.

Гурт “Atlantica” складана параўноўваць з Максам. Мы былі “дарослыя” ўжо на пачатку творчага шляху, але побач не аказалася магутнага прамоўтара, здольнага маштабна раскруціць праект. Быў іншы час. Сёння “Atlantica” не мае эфекту навізны, а ён надзвычай важны. Так, многія любяць нашу музыку, слухаюць песні, часцяком нават не ведаючы, што гэта зроблена беларускімі музыкантамі. Але, на жаль, “ваў-эфекту” ўжо няма. Мы збіралі і збіраем пляцоўкі ўзроўню Канцэртнай залы “Мінск”, і сёння выступаючы на вялікіх open-air перад тысячамі людзей, але гэта не тое. Калісьці, дзесяць гадоў таму, нам прадказвалі лёс групы-аднадзёнкі, але — памыліліся. Асабіста я не хачу быць прадказальнікам адносна творчасці Макса Каржа: прынамсі, ён не стварае ўражання музыканта-аднадзёнкі і, на мой погляд, здольны змяняцца і эвалюцыянаваць.

Раман ЖЫГАРАЎ, музыкант гурта “Akute”:

— Дабраахвотна зацягнуць такую колькасць суайчыннікаў на свой канцэрт беларусу атрымліваецца ўпершыню. І гэта — прэцэдэнт з’яўлення, нарэшце, мясцовага шоўбізу, які патрэбен людзям. Я рады гэтаму, а астатняе пакажа час.

Віталь ДРАЗДОЎ, дырэктар радыёстанцыі “Хiт-FM — Украіна”, генеральны прадзюсар радыёхолдынга:

— Я быў нядаўна на ягоным выступленні ў Кіеве. Гэта пакуль не трынаццаць тысяч, а дзве-тры дакладна. Праз год-паўтара ён збярэ і ў Кіеве, і ў Маскве, і ў Санкт-Пецярбургу такія ж пляцоўкі, як “Мінск-Арэна”. Улічваючы, што ўкраінская прома-кампанія артыста, па сутнасці, не пачыналася, а рэклама канцэрта была вельмі слабенькая, ён займеў добры вынік на старце. Атрымліваецца, што цяпер вельмі патрэбны такі герой: сумленны, шчыры, трохі брутальны, часам — грубаваты, часам — пяшчотны, вельмі сучасны і вельмі “па-пацанску” правільны. Прыкладна такім сацыяльным феноменам быў пятнаццаць гадоў таму Сяргей Шнураў. З тых часоў шмат што змянілася, і ў запатрабаваным цяпер персанажы значна больш здаровага ладу жыцця і гэтак далей — ён цалкам адказвае трэндам сучаснага грамадства, у параўнанні з запытамі таго часу. Мяне толькі бянтэжыць, што ў другім альбоме Макс трохі звузіў сваю аўдыторыю. Вельмі шмат вайба (нізкачастотнага электроннага басовага гуку, які адначасова і саліруе, і вядзе рытмічную лінію), шмат даб-стэпу і яго вытворных. Аўдыторыя такой музыкі вельмі абмежаваная, хоць і добра “качае” залу.

Аляксандр САЛАДУХА, спявак:

— Я рады за Макса, ён проста малайчына! Хлопец “забіў” усіх напавал, “парваў” публіку, “падарваў” шоў-бізнэс! Класна, што ў беларускай сучаснай музыцы з’явіўся такі выканаўца. На маёй памяці гэтак жа імкліва, адразу з аншлагаў, пачыналі “Ласкавы май”, Земфіра. А для мяне поспех Каржа — лішні стымул, каб сабраць у наступным годзе “Мінск-Арэну”, пра што я казаў раней. Да гэтага я зараз і рыхтуюся маральна.

 

Меркаванне ні “за”, ні “супраць”

Яўген АЛЕЙНІК, кампазітар, музыкант, прадзюсар гурта “Aura”:

— На жаль, блізка з творчасцю Каржа я не вельмі знаёмы. Натуральна, здзівіўся, калі ўбачыў на вуліцах горада афішы невядомага мне выканаўцы з канцэртам у “Мінск-Арэне”. Залез у Інтэрнэт і ўвёў у пошук “канцэрт Макс Корж”. У выніку, на першым радку стаяла спасылка на відэа з канцэрта ў маскоўскіх “Лужніках”, песня “Тралiкi”. Я ўбачыў і пачуў фальшывае выкананне, няблізкі мне персанаж на сцэне, нерытмічную начытку вершаў, нецэнзурныя выразы і, уласна, закрыў відэа, бо дома — маленькі сын. Кажучы простай мовай, гэта зусім не маё. А пра што сведчыць аншлаг? Як для фанатаў Макса Каржа аншлагі на Сару Конар і Лару Фабіян не гавораць ні пра што, так і для мяне аншлаг на яго канцэрце нічога не значыць. Але я рады, што ў выканаўцы з Беларусі столькі фанатаў. Чытаў у Інтэрнэце напаўагрэсіўныя артыкулы, маўляў, “беларускія музыканцішкі — вось вам адказ, які “парваў” Беларусь!”. Гэта выклікае ўсмешку.

У творчым плане кожнага цікавіць толькі тое, што яму падабаецца ці, наадварот, — выклікае негатыў. У мяне асабіста творчасць Макса Каржа не выклікае эмоцый. Але я разумею, чым ён зачапіў гледачоў: яго песні лёгка выконваюцца пад гітару нават без базавых навыкаў ігры і спеваў, яго падача зразумелая самаму актыўнаму класу слухачоў — моладзі, а імідж усяляе бязмерную веру ў “позитифф и клёвогопацана”.

Вядома, гурт “Aura” не збіраў такія залы. Наш самы вялікі сольнік — 1 500 чалавек. Аднак, да прыкладу, “Еўрабачанне” ў Дзюсельдорфе, на якім выконвалася мая песня, змясціла ў зале 40 000 чалавек. І вось містыка: ні адзін фанат Макса Каржа не ўспрыме слова “Еўрабачанне” сур’ёзна нават пасля таго, як аб’явіць, што аўдыторыя конкурсу складае каля 150 мільёнаў гледачоў. Гэта яшчэ раз даказвае, што аргументы не працуюць.

І яшчэ хачу вылучыць два пункты сваёй пазіцыі. Першы: рабі тое, што падабаецца. І, дарэчы, упэўнены, Корж з гэтым згодны. Другі: імкніся да прафесійнага майстэрства.

 

Меркаванні “супраць”

Як вы заўважылі, у нашай падборцы не прагучала ніводнага адназначнага меркавання “супраць”. Пра што гэта кажа? Можа, пра тое, што такія самадастатковыя, амбіцыйныя і, напэўна, у большай ці меншай ступені раўнівыя да чужога поспеху людзі, як артысты, прызналі ў маладым хлопцы відавочны талент? Так, выканаўца гэты — нішавы. Асноўная яго аўдыторыя — тыя, хто толькі пачынае прад’яўляць прэтэнзіі навакольнаму, радуецца самым простым рэчам, упадае ў дэпрэсію ад самай малой несправядлівасці, тыя, хто сам — нібы досыць чысты ліст паперы. Але Каржу ўжо 25. І герой песень Макса паступова сталее, набіраецца жыццёвага вопыту, адкрывае для сябе іншыя фарбы свету, ментальна развіваецца. Асабіста мне вельмі цікава, што будзе прамаўляць са сцэны артыст гадоў праз пяць, якім стане яго слухач? Хутка даведаемся, як Макс Корж распарадзіцца сваім талентам...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"