Дэкодар Шчукіна

№ 49 (1123) 07.12.2013 - 13.12.2013 г

Калекцыянер уражанняў як сааўтар біенале
Другім удзельнікам праекта “Дэкадзіроўка: архетып адэкватнага часу” стаў Андрэй ШЧУКІН. Многім ён вядомы як паспяховы камерцыйны фатограф. Спецпраект Рэспублікі Беларусь на V Маскоўскім біенале сучаснага мастацтва “дэкадзіраваў” зусім іншае вымярэнне аўтара: мінімалістычнае, чорна-белае, інтравертнае... Як падаецца, менавіта яно бліжэй да архетыпу фотавыявы, нягледзячы на эфемернасць і “штучнасць” зафіксаванага на гэтых пастановачных здымках часу.

/i/content/pi/cult/457/9654/7-1.jpg

 — У тваіх работах, прадстаўленых у рамках праекта, героя не відаць, хаця ён прадугледжваецца...

— Робячы партрэт, ты фатаграфуеш чалавека, а не самаго сябе. А здымаючы прадмет, фатограф можа ў большай ступені праявіць уласныя адчуванні. Фатаграфуючы чалавека, ты фіксуеш яго выраз твару і форму вачэй, але абсалютна не разумееш, што насамрэч у яго наўме — можаш хіба здагадвацца. Прадметы куды больш шчырыя — яны заўсёды такія, якія ёсць, крывадушнічаць ім не дадзена.

— А калі іначай сфармуляваць пытанне: ці выяўляеш ты самога сябе ў гэтых прадметах?

— Безумоўна. І сябе і яшчэ кагосьці: свой погляд на іншых людзей. Я пераношу аб’екты ў новае асяроддзе, наўмысна створанае мной, але пры гэтым імі не маніпулюю. Проста здымаю, друкую — і ўсё. Нават кампазіцыйныя эфекты імкнуся мінімізаваць. Змяшчаю прадмет у цэнтр увагі і прымушаю яго максімальна выказацца.

— Серыя “Кінэстэтыка”, прадстаўленая ў рамках біенале, дазваляе адчуць, што кожная рэч для цябе — асаблівая, прадметы становяцца сапраўднымі акцёрамі твайго спектаклю. Як ты ладзіш іх “кастынг”?

— Я сам час ад часу пераймаюся гэтым пытаннем. Вельмі складана патлумачыць, чаму я выбіраю тую альбо іншую рэч  — усё ад інтуіцыі, падсвядомасці. Уласна, вытокі гэтай серыі — у маім даўнім захапленні калекцыянаваннем. У дзяцінстве я збіраў усё запар — маркі, мадэлі самалётаў, караблі… Я думаю, гэтае хобі вынікае з памкнення неяк сістэматызаваць і структурыраваць навакольны свет. І паступова яно перарасло ў калекцыянаванне ўражанняў і вобразаў. Потым я навучыўся ўвасабляць іх у пастановачных фота. Гэта не фіксацыя ўнікальнага моманту рэчаіснасці, але яе адаптацыя ў адпаведнасці з маімі эстэтычнымі ўяўленнямі. Неўзабаве я заўважыў, што перад тым, як фатаграфаваць, мне карціць патрымаць прадмет, пакруціць яго ў руках, падрабязна і ўсебакова з ім пазнаёміцца. Адсюль і назва — “Кінэстэтыка”.

— Якое значэнне мае тэхнічны аспект фатаграфіі?

— Не вырашальнае, але важнае. Дасягнуўшы ўзроўню ў асваенні тэхнікі фатаграфавання, ты рана ці позна ставіш перад сабой іншыя задачы: як усё гэта можна прымяніць у творчых выказваннях, у калекцыянаванні ўласных адчуванняў? Увогуле, у фатаграфіі мне падабаецца сам працэс — часам нават болей, чым яго мастацкія вынікі.

— Прадстаўленыя ў Маскве работы былі знятыя менавіта на стужку. Ці гэта прынцыпова?

— Аналагавы здымач для мяне родны і блізкі — я на ім выхоўваўся. Раней гэта была сапраўдная магія пераўтварэнняў. Што да прынцыповасці... Яшчэ пару год таму адэпты “лічбы” і стужкі горача спрачаліся паміж сабой, але цяпер, здаецца, гэтыя дыскусіі ўжо сціхлі. “Лічба” трывала заняла сваё месца, засведчыўшы ўласны прыярытэт у вырашэнні многіх задач, але і аналагавая фатаграфія засталася — “для гурманаў”.

— Але тая магія жыцця і мастацтва, якая ўражвала ў дзяцінстве, цяпер здаецца амаль недасяжнай. Нягледзячы на новыя тэхналогіі, вынік дасягнуць усё складаней...

— Гэта так. Аднак для таго, каб дасягнуць вынік, трэба праявіць характар. У мастака могуць быць сотні задум, якімі ён будзе гучна хваліцца, але пакуль яны не рэалізаваныя, гэта ўсяго толькі задумы. Вось і фатографу важна давесці “паўфабрыкат” да завяршальнай стадыі: таго здымка, які яму прынамсі захочацца надрукаваць.

— Аднак магчымасці “лічбы” спакушаюць многіх дасягнуць уражвальных вынікаў без асаблівых намаганняў...

— Думаю, справа тут нават не ў “лічбе” і яе распаўсюджанасці, а ў даступнасці тэхналогій публікацыі выяў. Бо калі я здымаю на стужку, потым даводзіцца праяўляць кадры, потым іх друкаваць, што вымагае нямала часу і высілкаў. У выніку, матэрыял праходзіць некалькі ўзроўняў фільтрацыі. Іншая справа, калі ты загружаеш фота ў Інтэрнэт праз пару секунд пасля здымкі, нават не пераймаючыся пытаннем “Навошта?”. Мне вельмі імпануе стаўленне Валодзі Суцягіна, які цягам года нікому не паказвае свае здымкі — бо яны патрабуюць часу для выспявання, адсеву. А калі і праз год ён лічыць, што фота годнае, тады ўжо публікуе. Калі б такі падыход стаў “залатым правілам” для сацыяльных сетак… Добра, нават не год — хаця б суткі “адтэрміноўкі”! Але гэта, вядома, утопія.

— А ці спрашчае развіццё тэхналогій камунікацыю паміж аўтарам і гледачом?

— Думаю, не заўсёды. Сёння па-ранейшаму складана знайсці і дастукацца да свайго гледача — нават нягледзячы на магчымасці Інтэрнэту.

— Ці ўплывае на твае творы тое асяроддзе, у якім яны экспануюцца? Бо нават асвятленнем можна трохі змяніць акцэнты...

— Фатаграфія мне падабаецца акурат тым, што экспазіцыйная прастора амаль на яе не ўплывае. Добры здымак не застанецца незаўважаным, нават калі ён будзе прадстаўлены ў выглядзе цэтліка на кардоннай скрыні. Калі раней фатаграфію, якая прэтэндуе на статус мастацкай, трэба было шукаць выключна ў музеях і галерэях, цяпер яна можа быць літаральна паўсюль. Розніца хіба ў тым, што здымак, змешчаны ў тым жа Сеціве — гэта проста здымак. А вось фатаграфія на сцяне галерэі — ужо прэтэнзія на аўтарскае выказванне. Адпаведна, у дадзеным выпадку мае быць і несувымерна большая адказнасць.

— Ці захаваліся нейкія непаўторныя асаблівасці беларускай школы фатаграфіі, альбо глабалізацыйны працэс поўнасцю яе паглынуў?

— Спярша трэба разабрацца, чым з’яўляецца сёння беларуская фатаграфія і што ж такое фатаграфія сусветная. Я не ставіў перад сабой гэтых пытанняў і маю пэўныя сумневы адносна таго, ці ёсць на іх увогуле адказы. Я ведаю на Беларусі нямала цікавых аўтараў, а наколькі яны адпавядаюць сусветным працэсам, меркаваць не бяруся. Уласна, гэта тычыцца і маёй творчасці. Не лічу, што я ў авангардзе — проста выяўляю свой погляд на рэчы. Не лічу, што ён здатны перавярнуць свядомасць гледача. Ды і ўвогуле... не лічу, што гэта і патрэбна рабіць.

На мой погляд, беларускае сучаснае мастацтва — як, зрэшты, і расійскае  — занадта прасякнутае сацыяльнай тэматыкай. Гэта адзін полюс, а іншы — забаўляльны кітч. А ў сярэдзіне ўтварылася лакуна, якую хочацца хаця б у пэўнай меры запоўніць. Тут увогуле неўзараная ніва для беларускай фатаграфіі і мастацтва ў цэлым.

— Фатаграфія ўжо заслужыла сваё “права на існаванне” сярод іншых відаў мастацтва, хаця яшчэ нядаўна многія не ставіліся да яе ўсур’ёз...

— Думаю, сёння ўвогуле няма сэнсу дзяліць аўтараў па відах і жанрах. Ёсць агульнае паняцце “сучасны мастак” — без залежнасці ад спосабаў, якія ён выкарыстоўвае для выяўлення ідэй. Нешта я ўзяў у класікаў фатаграфіі кшталту Ірвіна Пэна альбо Ансела Адамса, нешта — з канцэптуальнага мастацтва...

— А ці лічыш ты сябе сучасным мастаком?

— Цяжка сказаць. Калі хтосьці мяркуе, што сучаснае мастацтва прызначана рабіць адкрыцці, тады я не сучасны мастак. Я не стаўлю перад сабой мэты нешта адкрываць, я проста выяўляю свае адчуванні. Зрэшты, я ўвогуле ўстрымаўся б ад адказу на гэтае пытанне. Хай мастацтвазнаўцы і куратары вырашаюць, сучасны я альбо салонны, альбо светла-фіялетавы. Гэта іх справа — займацца вызначэннямі. Мая функцыя іншая, і я стараюся яе выконваць з усёй адказнасцю.

— Многія мастакі маюць уласнае крэда альбо маніфест. А якім чынам ты фармулюеш сваю звышзадачу?

— Ніякай звышзадачы ў мяне няма. Ёсць толькі жаданне сузіраць і дзяліцца ўбачаным ды адчутым. Уся прырода фатаграфіі — сузіральнасць. Паглядзеў, убачыў  — і тут усё пачалося. Мне мала проста ўбачыць, карціць уступіць з гэтым прадметам у своеасаблівыя зносіны. Пабачыў, прасякнуўся, адлюстраваў... Толькі папярэдне яшчэ пагуляўся з гэтымі сваімі ўражаннямі бы кошка з мышкай.

Аляксандр ЗІМЕНКА, кандыдат мастацтвазнаўства

 

Тым часам

Прэзентацыя праекта "Кінэстэтыка" Андрэя Шчукіна, што прадстаўляў Беларусь на Маскоўскім біенале, адбудзецца і ў гомельскай Карціннай галерэі Гаўрылы Вашчанкі. Вернісаж на наступным тыдні — 12 снежня.