Мала рэжысёраў? Не веру!

№ 49 (1123) 07.12.2013 - 13.12.2013 г

Юрый ІВАНОЎСКІ, рэжысёр, тэатразнаўца
Дзесяць гадоў таму Акадэмія мастацтваў набрала чарговы рэжысёрскі курс па завочнай форме навучання. Набіраў яго тады выдатны рэжысёр, адзін з пачынальнікаў студыйнага руху на Беларусі, а ў далейшым мастацкі кіраўнік Коласаўскага тэатра Рыд Таліпаў. Гэта быў яркі курс, але і размаіты.

/i/content/pi/cult/457/9652/5-1.jpg

Поруч з вядомымі акцёрамі (Яўгенам Іўковічам, Таццянай Аксёнкінай, Максімам Сохарам, Інай Дубок), якія мелі ўжо свае рэжысёрскія працы — спектаклі на прафесійнай сцэне, вучыліся і пачаткоўцы, якія пачыналі амаль што з нуля.

Даволі нязвыкла было сябе адчуваць у саракагадовым узросце ізноў студэнтам, але была захопленасць вучэбна-творчым працэсам, так, што знікала ўзроставая мяжа і з’яўлялася разуменне: далёка не ўсё ў тэатральным мастацтве ты спасціг, хоць і маеш за плячыма ўжо адну вышэйшую тэатральную адукацыю, вопыт работы ў прафесійным тэатры і больш за 100 публікацый па пытаннях сцэнічнага мастацтва ў перыёдыцы і навуковых зборніках. Ды толькі тэорыя адно, а практыка — зусім іншая рэч.

Памятаю, як на абароне дыплома мастацкі кіраўнік казаў, што няпроста было маё “літаратурнае” мысленне перарабіць на рэжысёрскае. Але ў пэўнай ступені гэта ўдалося. Будучы тэатразнаўцам, адчуў сябе і ў акцёрскай скуры, бо сыграў на студэнцкай сцэне такія ролі, пра якія можа марыць любы артыст (Чабутыкін і Кулыгін з “Трох сясцёр” Чэхава, Велер Марцін з “Гульні ў джын” Кобурна, Мошкін з “Халасцяка” Тургенева і нават Сакрат з вядомай п’есы Радзінскага). Памятаю, як Рыд Сяргеевіч казаў студэнтам: “Вы яшчэ будзеце прыгадваць гэтыя гады як лепшыя ў сваім жыцці”. І, мабыць, ён меў рацыю. А яшчэ памятаю яго словы: “Сярод вас неталенавітых няма, вы ўсе моцныя”.

На жаль, лёс большасці выпускнікоў адзінага (другі Майстар выпусціць не паспеў) рэжысёрскага курса Рыда Таліпава склаўся не вельмі ўдала. З чатырнаццаці студэнтаў дванаццаць паспяхова абаранілі дыпломы, але толькі двое працуюць згодна з запісам у іх (Максім Сохар — галоўным рэжысёрам Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску, Таццяна Аксёнкіна — рэжысёрам-пастаноўшчыкам Сучаснага мастацкага тэатра ў Мінску). Хтосьці застаўся верны сваёй першай акцёрскай прафесіі, хтосьці кіруе аматарскім тэатрам, хтосьці займаецца прадзюсарскай дзейнасцю.

І вось тут я бачу праблему. Чаму элітная (якой, несумненна, з’яўляецца Акадэмія мастацтваў) навучальная ўстанова выпускае спецыялістаў, якія да тэатраў (прынамсі, у якасці рэжысёраў) не даходзяць? Яркія вучэбныя, дыпломныя спектаклі, а потым — зацішша. Мо прафесійная якасць спецыялістаў не настолькі выдатная, што яны не адпавядаюць дыпломам? Альбо, апрача дакумента, патрабуюцца прабіўныя якасці, а выпускнікам замінае залішняя сціпласць? То там, то тут чуеш ад кіраўнікоў нават вельмі высокага рангу, што ў драматычных тэатрах мала цікавых, выбітных рэжысёраў. Чую і, выбачайце, супастаўляючы гэтыя выказванні з тым, што бачыў у Акадэміі, не веру! А праблема ёсць: калі не тое што атрымаць сталую працу рэжысёра ў прафесійным тэатры, але нават "прабіць" разавую пастаноўку вельмі складана ды амаль нерэальна, пакуль ты не зрабіў сабе імя альбо не маеш сувязей. Але як магчыма зрабіць адразу імя маладому рэжысёру ці наогул пачаткоўцу, калі да самога тэатра не дастукацца, не дагрукацца. Прычым ніводзін дырэктар на тваю прапанову катэгарычна не адмовіць, проста скажа: “А вы патэлефануйце пазней”. І вось гэтае “пазней” можна цягнуцца бясконца, пакуль у дыпламаванага рэжысёра не знікае ўсялякае жаданне тэлэфанаваць і ўвогуле “прабіваць” свае няздзейсненыя праекты. Цудоўна разумею, што ёсць тут доля рызыкі для тэатра — даверыцца малавядомай творчай асобе. Але ж хто замінае даверыць маладому спецыялісту эксперыментальны альбо малабюджэтны праект на двух-трох акцёраў?

…Ізноў вярнуся да пачатку. Не так даўно вучні Рыда Таліпава і тыя акцеры, якія добра памятаюць творцу, адзначылі 65-я ўгодкі з дня яго нараджэння. На жаль, прэса не ўспомніла пра гэтага выдатнага рэжысёра і педагога, які так недарэчна рана скончыў жыццёвы шлях. З гутарак з ім добра ведаў, як ён хацеў падтрымаць сваіх вучняў, даручыць ім пастаноўкі у тэатры, якім кіраваў, а магчыма, і запрасіць на сталую працу ў Коласаўскі. І заўсёды здзіўляўся, чаму не звяртаюцца да яго з прапановамі. А між тым, у калектыве абстаноўка з кожным днём накалялася... Пэўная група акцёраў адназначна не прыняла новага кіраўніка. І вось яго не стала… Сёння спектаклі, якія стварыў на коласаўскай сцэне Рыд Таліпаў, ці не ўсе спісаны, бо не стасуюцца з новым стылем. А памяць аб чалавеку не захавалася, апроч як у архівах.