Пакінем “без каментарыяў”?

№ 49 (1123) 07.12.2013 - 13.12.2013 г

Надзея БУНЦЭВІЧ, рэдактар аддзела газеты "Культура"
У гэтыя дні адзначаецца 80-годдзе Беларускага саюза кампазітараў. І разам са святочным настроем з новай сілай паўстае вострае пытанне: ці ведае нашых творцаў публіка, асабліва моладзь?

/i/content/pi/cult/457/9649/122-1.jpg

Быццам папярэджваючы набалелую праблему, быў зроблены бясплатным шэраг філарманічных канцэртаў, прымеркаваных да юбілею. Можна ўсцешваць сябе справядлівай думкай, што гэта, безумоўна, будзе садзейнічаць папулярызацыі айчыннага мастацтва. Але прызнаемся шчыра: такі крок быў выкліканы яшчэ і разуменнем таго, што залы папросту не будуць прададзены. А так — ёсць магчымасць запоўніць іх не толькі ветэранамі працы, але і шырокім натоўпам студэнцтва. Ды ўсё ж такая мера — хутчэй, часовая, выкліканая пэўнымі абставінамі, яна не можа быць пастаяннай. Што ж тады рабіць?

Вядома, прымус — не лепшае выйсце. Яшчэ і таму, што ён ужо паводле законаў псіхалогіі выклікае супрацьлеглую рэакцыю. Тым больш, што ў беларускай музыцы, у тым ліку акадэмічнай, якая звычайна лічыцца “складанай”, хапае папраўдзе шыкоўных твораў, накіраваных на самую дэмакратычную публіку. Але “нелюбоў” да іх выклікаецца, насамрэч, вельмі простым фактарам — няведаннем самога іх існавання.

У былыя часы творчыя сустрэчы кампазітараў, музыкантаў, прадстаўнікоў іншых мастацкіх прафесій са школьнікамі і студэнцтвам былі трывалай завядзёнкай, па іх нават складаліся планы, выкананне якіх строга кантралявалася “ў інстанцыях”. Цяпер гэта — прэрагатыва, так бы мовіць, добрай волі абодвух бакоў. Ці засёды ёсць такая ініцыятыва? Сярод станоўчых прыкладаў — цыкл творчых сустрэч, зладжаны да юбілею кампазітарскай арганізацыі ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў, які наведалі і яшчэ наведаюць Эдуард Ханок, Вячаслаў Кузняцоў, Валерый Карэтнікаў, Алег Хадоска, Дзмітрый Далгалёў і іншыя. Трэба было бачыць, як шчыра адгукаліся навучэнцы на размову і прапанаваныя ім творы, як “закідвалі” кампазітараў пытаннямі, далёка не заўсёды “санкцыянаванымі” з боку настаўнікаў. У гэтай навучальнай установе, да гонару яе кіраўнікоў, сустрэчы, як і ўвогуле наладжванне творчай атмасферы, — ужо амаль традыцыя. Але раскрыем маленькую тайну: ініцыятарам і галоўным арганізатарам згаданага кампазітарскага цыкла стала… кампазітар Алена Атрашкевіч, якая ў тым каледжы выкладае. Падобныя зацікаўленыя стасункі з творцамі склаліся ў сталічнай Дзіцячай музычнай школе № 10, дырэктар якой Тамара Куніцкая была ўзнагароджана Ганаровай граматай Беларускага саюза кампазітараў.

Каб ладзіць падобныя сустрэчы, адной ініцыятывы мала. Патрэбна хаця б мінімальнае веданне сучаснай беларускай музыкі, каб уяўляць, каго лепей запрасіць — і як скіраваць размову, каб яна была карыснай для аўдыторыі. Узгадаю амаль анекдатычны выпадак. Запрашае неяк выкладчыца творцу да студэнтаў — пры сустрэчы на адным з канцэртаў. Праз хвіліну да яе падыходзіць жонка творцы, што прысутнічала пры той размове. І запытвае: “У вас дзяўчынкі — прыгожыя?” — “Ну, усё, — думае выкладчыца, — пачынаецца сцэна рэўнасці”. А тая працягвае: “Пасадзіце іх, калі ласка, у першы рад і раздайце падрыхтаваныя пытанні. Бо мой — такі зануда, будзе паўгадзіны маўчаць, потым “дудзець” сабе пад нос немаведама пра што, любую сустрэчу сапсуе. А прыгожанькім дзяўчатам — з такім запалам ды натхненнем пачне распавядаць і творы паказваць, што не спыніш!”.

Так што пачынаць трэба, зноў-такі, з арганізатараў і выкладчыкаў. Іх досвед, уласная зацікаўленасць, імкненне да ўсяго новага, што з’яўляецца ў беларускім мастацтве, а таксама спасціжэнне і пастаяннае асэнсаванне класічных дасягненняў, — залог таго, што і навучэнцы пойдуць за імі па гэтым шляху.

Напрыканцы ж — яшчэ адзін “выпадак з жыцця”. На курсы павышэння кваліфікацыі, зладжаныя для школьных настаўнікаў, запрасілі лектара — расказаць пра сучаснае беларускае мастацтва. А той, праявіўшы ініцыятыву, прывёў з сабой яшчэ і творцу. Першая рэпліка ад слухачоў была наступнай: “Дык яго няма ў праграме! Навошта ён нам?”. Як кажуць, каментарыі залішнія…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"