Апекуны і спонсары: ці ёсць культурны “ўнісон”?

№ 49 (1123) 07.12.2013 - 13.12.2013 г

У Брэсце — пра аўто за платныя паслугі, “акул капіталізму” і “не ўсе магчымасці” / Зрэз абласнога цэнтра: эканоміка
Наступным абласным цэнтрам краіны, у які зазірнула наша газета, стаў Брэст. У камандзіроўцы я меў намер высветліць, наколькі камфортна адчуваюць сябе брэсцкія ўстановы культуры з эканамічнага пункту гледжання: які аб’ём асігнаванняў выдзелены на іх утрыманне і развіццё з бюджэту дзяржавы, на што яны канкрэтна накіроўваюцца, якім чынам прыцягваюцца пазабюджэтныя сродкі, як прадпрымальнікі ўносяць свой уклад у агульную справу?

/i/content/pi/cult/457/9646/10-1.jpg

Па адказы на пытанні я выправіўся да людзей, якія працуюць на культуру Брэста. Але, у адрозненне ад Віцебска, першымі аб’ектамі маіх пошукаў сталі не ўладныя структуры, а ўстановы, матэрыяльны дабрабыт якіх наўпрост залежыць ад гэтых органаў кіравання... Выбарка шмат у чым насіла экспромтны характар, бо вачам у Брэсце ёсць ад чаго разбегчыся. У абласным цэнтры працуюць і Грамадска-культурны цэнтр, і Акадэмічны тэатр драмы імя Ленінскага камсамола, і Цэнтральная гарадская бібліятэка імя А.С. Пушкіна, і Дзіцячая школа выяўленчых мастацтваў, і...

Не простыя візаві...

Брэстчына ганарыцца многімі вядомымі землякамі, народжанымі тут, а таксама тымі, якія жылі калісьці і якія пражываюць сёння на яе тэрыторыі. Траіх з іх мы папрасілі выказацца на тэму, што цікавіла нас у рамках дадзенага артыкула.

Мікалай КУЗЬМІЧ, мастак-ювелір, заслужаны дзеяч мастацтваў краіны:

— Прызнаюся, што не вельмі часта бываю ў музеях, але калі зноў заходжу ў тое месца, дзе быў адносна нядаўна, бачу, што экспазіцыі мяняюцца. Адпаведна, установа валодае нейкімі сродкамі. Я магу ацэньваць, наколькі музеі падтрымліваюцца ў годным стане, праходзячы па вуліцы. А Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць — герой” наогул пакідае ашаламляльнае ўражанне!

Юрый САТЫЛЬСКІ, лідар гурта “Дай дарогу!”:

— Я больш кантактую з мастакамі і не скажу, што матэрыяльна яны сябе адчуваюць добра. Як яны кажуць, іхнія творы мясцовыя галерэі і музеі закупляюць рэдка, плацяць пры такіх закупках няшмат, таму многія спрабуюць прадаваць карціны турыстам-замежнікам. Зрэшты, і з гэтым неяк тугавата. Часам наведваю тэатры. Радуе, што білеты ў іх каштуюць не надта дорага. Адзначу, брэстчане ў тэатры ходзяць!

Уладзімір НАВІЦКІ, загадчык аддзела каментатараў і падрыхтоўкі тэматычных праграм Дырэкцыі спартыўнага вяшчання Белтэлерадыёкампаніі:

— На жаль, я рэдка бываю на радзіме. У апошні час прыязджаю ў Брэст толькі каментаваць футбольныя матчы: у горадзе знаходжуся дзве гадзіны да гульні, потым само спаборніцтва, пасля сабраўся ды з’ехаў. Сэрца, душа просяць затрымацца тут даўжэй, але... Так што зрабіць пэўныя высновы пра тое, як сябе адчуваюць у фінансавых адносінах агмені брэсцкай культуры, не магу.

“Не веру ў добрыя намеры спонсараў...”

Такім чынам, Брэст. Чытаю: “Партызанскі праспект, 15. Брэсцкі тэатр лялек”. Кабінет дырэктара-мастацкага кіраўніка Міхаіла Шавеля — у шматлікіх прызах, якімі ў розныя гады была ўзнагароджана трупа. Праўда, будынак, дзе сёння туліцца тэатр, не родны для яго: сам гмах Лялечнага, размешчанага на рагу вуліц Леніна і Будзёнага, з 2010 года — на рэканструкцыі. І, мяркуючы па фатаграфіі праекта, якую мне паказаў Міхаіл Аляксандравіч на экране камп’ютара, будынак у новым абліччы паўстане перад тэатраламі і гараджанамі ў фантастычна-футурыстычным выглядзе. Вельмі ўражвальным, дарэчы! Але аддаленае заўтра — гэта заўтра. А пакуль мы гутарылі пра рэчы куды больш празаічныя.

— Бюджэтнае фінансаванне ў асноўным задавальняе, — кажа Міхаіл Шавель. — Мы працуем па сярэднееўрапейскіх нормах, калі на 70 працэнтаў фінансуе дзяржава, а 30 — тое, што мы зарабляем самі. Так, на сцэнічна-пастановачныя патрэбы нам сёлета выдзелена каля 230 мільёнаў рублёў — на спектаклі “Казка пра непаслухмяную запалку”, “Белая, рудая, чорная”, “Самазванец” і “Падарожжа Дзеда Мароза на Месяц”. Уласныя ж сродкі тэатра (тое самае пазабюджэтнае фінансаванне), атрыманы за кошт продажу білетаў. Ніякіх іншых крыніц заробку ў нас няма, але ў абноўленым будынку займеем музей. У ім, акрамя экспазіцыі лялек, можна праводзіць і выстаўкі мастакоў. Робім стаўку на будучыя тэатральную студыю, кафэ, спадзеючыся і ад іх працы атрымліваць дадатковы прыбытак.

Як на маю думку, дык трэба вельмі асцярожна ставіцца да пабочных спосабаў “здабычы” грошай, паколькі звышзадача любога тэатра — маральнае выхаванне людзей, іх асвета. Напрыклад, я нармальна стаўлюся да лазні, але, вобразна кажучы, лазня ў тэатры — нонсэнс. На нейкія хітрыкі (абы зарабіць рубель, а якім спосабам — не важна) мы не пойдзем. Грошы ўсё ж такі “пахнуць”. І тэатр павінен ганарыцца сваімі пастаноўкамі, а не лазнямі...

— Са спонсарамі сябруеце?

— Я не веру ў светлыя памкненні нашых буйных бізнесмэнаў, — працягвае Міхаіл Шавель. — Ва ўсякім разе, ніхто з іх нам сваю дапамогу не прапаноўваў — занадта далёкія яны ад Тэатра лялек. Не веру і ў душэўныя парывы прыватных прадпрымальнікаў, калі іх толькі не папросяць дзяржаўныя інстанцыі нешта праспансіраваць.

— А калі скончыцца рэканструкцыя памяшкання?

— Яна павінна была пачацца яшчэ ў 2007 годзе, але па факце пачалася ў 2010-м, прычым з 1 красавіка 2011-га па 1 студзеня 2012-га з-за адсутнасці фінансавання працы не вяліся. Складаны аб’ект у гэтым сэнсе, але я спадзяюся, што ў наступным годзе яго здадуць. Калі ён будзе выглядаць так, як запланавана, то горад атрымае ўнікальны будынак, які можа стаць адной з візітных картак Брэста...

“Акулы” таксама тонуць?

Ну што ж, выпраўляюся я да “акул капіталізму”, у чыіх душэўных парывах так сумняваецца дырэктар Тэатра лялек. Брэсцкая мастацкая галерэя ТДА “БелАрт”, якая летась адзначыла 20-годдзе дзейнасці, напэўна, адна з першых прыватных устаноў культуры ў Беларусі. Пляцоўка сумяшчае ў сабе, уласна, галерэю, краму, якая гандлюе творамі сучаснага жывапісу, графікі, скульптуры, прадметамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама займаецца культурна-асветніцкай дзейнасцю. Любы можа прапанаваць сюды на рэалізацыю мастацкі твор, выкананы ім самім. Заробак галерэі ў дадзеным выпадку — гандлёвая нацэнка да ўзгодненай з камітэнтам цаны. Сам мастак галерэі нічога не плаціць. Ва ўстаноўленыя дні творца прыходзіць у “БелАрт” і, калі праца прадалася, яму выплочваюцца грошы. У адваротным выпадку можа забраць яе альбо пакінуць, але пры доўгатэрміновай незапатрабаванасці працу чакае паступовая ўцэнка.

Нязменны дырэктар галерэі Людміла Крапіўная сустрэла мяне не ў самым лепшым настроі...

— Калісьці мы вельмі нядрэнна жылі: у дзень прадавалася пяць — шэсць карцін, не ўлічваючы драбніцы — кераміку, біжутэрыю, сувеніры, мастацкія матэрыялы. Цяпер жа за тыдзень рэалізуюцца адна — дзве работы. Гэта паказчык не таго, што жывапіс стаў горшым альбо людзі не цікавяцца прыгожым, гаворка хутчэй пра ўзровень іх дабрабыту. Нават найбуйнейшыя брэсцкія кампаніі, якiя раней пастаянна рабілі закупкі ў галерэі, сёння вельмі рэдка што-небудзь бяруць. Да таго ж, на падобных прадпрыемствах цяпер існуе ліміт на набыццё падарункаў, у тым ліку —твораў мастацтва.

— А што з дабрабытам самой установы?

— Пэўны час таму страцілі ўсе нашы сродкі ў банку, які збанкрутаваў. Але хоць мы і стратнае прадпрыемства, падаткі і “камуналку” плацім спраўна і ў тэрмін. Праўда, калі ўсе нашы камітэнты запатрабуюць выплаціць ім грошы, прагарым умомант. Таму выжываем за кошт чарговасці: прадаліся працы — за частку іх з кімсьці расплаціліся, а іншыя чакаюць свайго часу. Адразу з усімі мы разлічыцца не можам, таму што атрыманыя сродкі ідуць на аплату арэнды, на падаткі. Заробкі ж у нас — мізэрныя: каб наш бухгалтар атрымліваў паболей, я асабіста сябе аформіла на паўстаўкі — пенсія неяк дапамагае трымацца. Акрамя мяне і бухгалтара ў галерэі працуюць эканаміст (стаўка) і адзін прадавец (паўстаўкі). Са студзеня, хутчэй за ўсё, у штаце давядзецца пакінуць двух чалавек. Сама стану за прылавак.

— Даруйце, і навошта вам тады ўсё гэта трэба?

— Таму што тут сабраліся, скажам так, дзівакі, на якіх і трымаецца свет. У мяне няма ні дачы, ні машыны, ад бацькоў дасталася маленечкая кватэрка. Па адукацыі я архітэктар і дызайнер, усё жыццё займалася дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам і люблю сваю справу. І хто тады, калі не я? З іншага боку, нас чакае ліквідацыя: калі прыватнае прадпрыемства тры гады з’яўляецца стратным, яго зачыняюць. Такі закон.

— Арэндная плата высокая?

— 4 мільёны 800 тысяч рублёў. Яшчэ 2 мільёны — ацяпленне. Плюс — электрычнасць і вада. Усяго ў месяц набягае каля 8 мільёнаў рублёў. І падаткі яшчэ. А льгатуюцца ў гэтых адносінах з боку дзяржавы толькі кінатэатры і тэатры. Галерэі, а тым больш прыватныя, — не. Зрэшты, гарадскія ўлады пайшлі насустрач: арэндную плату нам павінны паменшыць на мільён... Сумна вам стала? Давайце я нашы альбомы пакажу...

І потым мы гарталі з Людмілай Пятроўнай альбомы з выразкамі з газет, фрагментамі буклетаў, якія распавядаюць пра ўстанову і тых, мастакоў, каму галерэя дала пуцёўку ў свет вялікага мастацтва: гісторыю сваёй фірмы вядзе сама яе дырэктар. Праўда, гісторыя гэтая можа ў любы момант абарвацца...

Я нават аддалена не эканаміст і не спецыяліст па напісанні законаў, але, як мне здаецца, неяк больш уважліва, па-добраму, калі жадаеце, варта дзяржаўным інстытуцыям уваходзіць у становішча тых грамадзян і ўстаноў, хто на справе даказвае сваю любоў да роднай краіны. Пажадана, каб у кантэксце найперш (або — “усяго толькі”?) культуры. Урэшце, ці мае значэнне форма ўласнасці прадпрыемства, калі яго мэта — любоў ды мэтанакіраванае прасоўванне нашага мастацтва, а не набіванне ўласнай кішэні выключна для звышпрыбыткаў...

Ужо ідучы да наступнага пункта майго маршрута, падумаў, а няўжо ж мы ўсе сапраўды уздыхнём з палёгкай, калі такая галерэя “загнецца”, калі ў арандаванае ёй памяшканне заедзе чарговая міні-крамка, калі мастакі перакваліфікуюцца ў менеджараў сярэдняга звяна? Як бы тады зусім не згубіць нашых Шагалаў...

Паў-Еўропы — і часам за свае сродкі…

Узняў мне настрой дырэктар Гарадскога цэнтра культуры Аляксандр Мацавіла.

— Фінансуюць нас са сродкаў гарадскога бюджэту нядрэнна, — задаволены Аляксандр Юльянавіч. — Толькі на рамонт дыскатэкі мы атрымалі 1,5 мільярда рублёў, прыблізна столькі ж — на новы сцэнічны комплекс для выступленняў на вуліцы. З абласнога бюджэту 2 мільярды выдзелены на закупку гукавога абсталявання. У Дзяржаўнай установе “Брэсцкі гарадскі цэнтр культуры” працуе больш за трыццаць творчых калектываў — харэаграфічных, вакальных, джазавых, эстрадных, фальклорных, харавых — і гэтак далей. Вельмі дорага абыходзіцца нам іх касцюміраванне: скажам, для пастаноўкі аднаго танца на касцюмы, абутак, рэквізіт патрабуецца 100 — 200 мільёнаў рублёў. 5 мільёнаў каштуе касцюм на хлопчыка з хору. Вядома, усе ансамблі адначасова забяспечыць адзеннем мы не можам, апранаем іх па чарзе — штогод па некалькі калектываў.

— Чым сама ўстанова на “пражыццё” зарабляе?

— Аказваем больш за 20 відаў платных паслуг насельніцтву. Асноўнымі крыніцамі пазабюджэтных даходаў з’яўляюцца дыскатэка, платныя самаакупныя студыі, арэнда гукавой і відэаапаратуры, сацыяльна-творчыя заказы, канцэрты, паслугі пасажырскіх аўтобусаў... Ансамблі нашы пастаянна гастралююць ў горадзе, па вобласці, па рэспубліцы. Вядучыя творчыя калектывы — ансамблі танца “Радасць” і “Надзея”, народная харавая капэла настаўнікаў, ансамблі “Рамонкi”, “Мiлавiца”, “Маленькі прынц” ды іншыя — хоць бы раз у год выязджаюць на фестывалі і конкурсы, якія праводзяцца ў Беларусі ці замежжы — Чэхіі, Польшчы, Балгарыі, Францыі, Грэцыі, Марока, Расіі, Украіне. Крыніцы фінансавання іх паездак — гэта, часткова, сродкі, якія атрымлівае ГЦК ад платных паслуг (пазабюджэт), часткова — з бюджэтных крыніц, ёсць спонсарскія грошы і тыя, што ўкладаюць у сябе самі ўдзельнікі калектываў.

— А чаго вам не хапае?

— Хацелася б мець вялікую канцэртную залу. Ёсць яе праект на 1200 месцаў, але пакуль усё ўпіраецца ў фінансаванне будаўніцтва.

Ці апякуе апякунскі?

А Брэсцкі абласны краязнаўчы музей працягвае «будавацца»! У 2013-м на фарміраванне экспазіцыі па гісторыі рэгіёна з 20-х гадоў XX стагоддзя да нашых дзён установе было выдаткавана 250 мільёнаў рублёў, амаль столькі ж на экспазіцыю для аднаго з філіялаў — Музея “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці”. Яшчэ каля мільярда адпушчана на капітальны рамонт устаноў...

— А пра якія бюджэтныя асігнаванні марыце — так, каб па максімуме? — запытаўся я ў дырэктара музея Аляксея Міцюкова.

— Фантазіі мае бязмежныя! — ўсміхнуўся той. — Але я задаволены тым, як фінансуецца з бюджэту наш музей і яго філіялы. Да таго ж, мы і самі зарабляем. Акрамя экскурсій і лекцый, для навучэнцаў праводзім музейна-педагагічныя заняткі і праграмы — гістарычныя, экалагічныя, мастацтвазнаўчыя. Сёлета зрабілі ўпор на інтэрактыўныя заняткі-гульні для сямейнага наведвання. Напрыклад, у Музеі “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці” распрацавалі гульню “Па слядах Ката Вучонага”: наведвальнікам прапануецца апытальнік па экспазіцыі, яны павінны прагледзець яе, знайсці правільныя адказы і выканаць пэўныя заданні. У якасці заахвочвання — які-небудзь прыз. На Камянецкай вежы запусцілі праект “Трапны стралок”: ахвотныя могуць пастраляць з аналага лука XIII стагоддзя. Археалагічны музей “Бярэсце” прапануе праект “Займальная археалогія”, дзе госці могуць правесці ўласныя пошукі на раскопках. І хоць яны спецыяльна падрыхтаваны, затое інструменты — савок, пэндзлікі — выдаюцца наведвальнікам самыя сапраўдныя, як і знаходкі.

— Пытанне зноў прагматычнае, але карыснае для вашых калег: і як шмат вы такім чынам зарабляеце?

— Летась — 570 мільёнаў рублёў. За гэтыя сродкі набылі для музея легкавы аўтамабіль. Яшчэ не скончыўся 2013-ы, а мы перакрылі паказчыкі 2012 года. Другі аўтамабіль набываць не сталі, затое прыдбалі мабільную сістэму кандыцыянавання.

— Прыватны бізнес ахвотна спансіруе вашы ўстановы?

— Бывае, што прадпрымальнікі прадастаўляюць свае прызы на мерапрыемствы, аказваюць дапамогу ў іх правядзенні. Але самі з прапановамі амаль не выходзяць, гэта мы іх тузаем — а падавалася б, у апякунскі савет пры музеі ўваходзяць і прадстаўнікі прыватных фірм.

На добрыя грошы — давайце ідэі!

І фінальнай кропкай майго “культурнага маршруту” па горадзе стаў Брэсцкі аблвыканкам, а дакладней яго Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.

Начальнік Аляксандр Цыральчук, скончыўшы ў 1983 годзе Пінскі сельгастэхнікум, паступае ў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, дзе амаль адразу ж пачынае шчыльна займацца камсамольскай працай. Прайшоўшы ўсе пачатковыя кар’ерныя прыступкі на гэтым шляху, адслужыўшы ў арміі, ён вучыцца ў Вышэйшай партыйнай школе, затым у Беларускім дзяржаўным універсітэце, дзе атрымлівае спецыяльнасць “Палітолаг. Выкладчык паліталогіі і сацыяльна-палітычных дысцыплін”. Потым — чарада розных пасад, а ў ліпені гэтага года Аляксандр Аляксандравіч узначальвае згаданую вышэй структуру.

— Дык колькі, Аляксандр Аляксандравіч, у 2013 годзе ўжо атрымалі і яшчэ атрымаюць сродкаў з бюджэту ўстановы культуры Брэста і ўсёй вобласці?

— Звыш 420 мільярдаў рублёў — і гэта вельмі добрая сума. У яе ўваходзяць заработная плата рабочых і служачых, грошы на набыццё прадметаў забеспячэння ды расходных матэрыялаў, абсталявання і іншых асноўных сродкаў, аплата паслуг сувязі, транспартных і камунальных паслуг, фінансы, накіраваныя на капітальнае будаўніцтва і рамонт ды іншае.

— І пра што сведчыць названая вамі сума?

— Пра тое, у прыватнасці, што не варта агулам крытыкаваць нашу дзяржаву, калі яна ўводзіць, да прыкладу, платныя паслугі за тое, што раней людзям даставалася бясплатна. Не можа дзяржава ўсё цягнуць на сабе, датуючы розныя галіны направа і налева. Але пра культуру яна ніколі не забывае і, як можа, дапамагае ёй.

— Вы задаволены тым, як дзяржаўныя арганізацыі зарабляюць пазабюджэтныя сродкі?

— Збольшага, так. Калі я сустракаюся з іх кіраўнікамі, кажу ім: “Не глядзіце на тое, як было ў Савецкім Саюзе — гэтага ўжо не будзе. Не будзе нават таго, што было ў 2000-м годзе. Жывіце заўтрашнім днём, годам 2015-м, 2020-м... Не сядзіце, не чакайце, прыдумляйце, давайце ідэі! А мы будзем вас падтрымліваць”. І мы падтрымліваем.

— Ці ўсе магчымасці выкарыстоўвае дзяржава для прыцягнення грошай у культуру?

— Мяркую, што не ўсе. Гэта тычыцца таго, што звязана з наведваннем нашых аб’ектаў культуры, гісторыка-культурнай спадчыны. Я не ўпэўнены, што турызму сёння надаецца столькі ўвагі, колькі ён заслугоўвае. Бо гэта патэнцыйна велізарныя грошы, якія пайшлі б і на культуру.

— Для вас як для дзяржаўнага служачага не існуе розніцы — дзяржаўная ўстанова культуры ці прыватная, калі яна працуе на карысць сферы?

— Натуральна! А з чым звязана такое пытанне?

— У прыватнай галерэі “БелАрт” наракаюць на занадта высокую арэндную плату, якую даводзіцца аддаваць за памяшканне. Маўляў, да якіх бы прадстаўнікоў улады яны ні звярталіся са сваёй праблемай, па вялікім рахунку, бадай нідзе дапамагчы ім не змаглі...

— Адкажу вельмі проста. У мяне на прыёме ніхто з “БелАрт”у не бываў. Няхай прыходзяць, паглядзім, чым зможам дапамагчы.

— Дырэктар Брэсцкага тэатра лялек хвалюецца, ці скончыцца ў 2014 годзе рэканструкцыя і абнаўленне роднага памяшкання тэатра...

— У наступным годзе будаўнікам трэба будзе асвоіць удвая больш сродкаў на рэканструкцыю, чым у бягучым — каля 25 мільярдаў рублёў. І я не бачу прычыны для празмернага хвалявання. Укласціся ва ўстаноўленыя тэрміны, я мяркую, цалкам рэальна.

Крыху статыстыкі

У 2013 годзе на рэканструкцыю Брэсцкага тэатра лялек выдзелена больш за 12,5 мільярда рублёў; будынка па вуліцы Савецкай пад Дзяржаўную ўстанову дадатковай адукацыі “Дзіцячая харэаграфічная школа мастацтваў імя Пагодзіна” — 3 мільярды 200 мільёнаў; на капітальны рамонт будынка Археалагічнага музея “Бярэсце” (філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея) — 2 мільярды 500 мільёнаў; выставачнай залы па вуліцы Савецкай — 1 мільярд 300 мільёнаў; на мадэрнізацыю Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы і музыкі — 2 мільярды 500 мільёнаў.

Замест рэзюмэ

Напэўна, вы чакаеце высноў, аналітычнага “разумнічання”. Добра, але — па мінімуме. Еду ў абласныя гарады не па “гатыў” альбо негатыў. Хаджу, гляджу, распытваю і дакладваю пра тое, што ўбачыў, што здзівіла, а што занепакоіла.

Брэст зрабіў на мяне станоўчае ўражанне. Пра культуру тут клапоцяцца, “кормяць” яе грашыма так, каб пачуццё голаду не адчувалася. Нават старэнькія, падавалася б, гістарычныя будынкі, у якіх размяшчаюцца некаторыя ўстановы (як Брэсцкі абласны краязнаўчы музей), разам з натуральным адчуваннем часу агорнуты аўрай сучаснасці. Вунь у той самы музей толькі што зайшлі дзве маладзенькія паненкі, набылі квіткі і адправіліся нетаропка вывучаць мінулае Беларусі.

Разам з тым, хочацца, каб кіраўнічыя інстытуцыі звярталі ўвагу і на той клопат, што маюць прыватныя ўстановы культуры. Ведалі пра тое, ды сітуацыю, па магчымасці, кантралявалі. Быць можа, бачачы такі ўдзел, спонсары не стануць чакаць просьбаў, а самі вылучаць сустрэчныя прапановы... Імідж усё ж такі...

Мінск — Брэст — Мінск

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"