Ці зарабляюць раёны на традыцыях нематэрыяльнай спадчыны?

№ 49 (1123) 07.12.2013 - 13.12.2013 г

Новыя магчымасці развіцця, натоўпы турыстаў — усё гэта можа мець кожны раён краіны хаця б праз адметную нематэрыяльную спадчыну! Атрыманне адпаведнага статусу для народнай традыцыі спрыяе не толькі яе захаванню, але і ўстойліваму развіццю рэгіёна, у тым ліку праз стварэнне новых працоўных месцаў. Здавалася б, як гэта звязана з малавядомым абрадам у глухой вёсачцы? Ды і што думаюць на гэты конт у саміх раёнах, багатых на нематэрыяльную гісторыка-культурную спадчыну? Дарэчы, нагодай для апытання стала VIII сесія Міжурадавага камітэта UNESCO па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў Баку, на якой мяркуецца разгледзець 10 новых заявак у спіс НКС свету.

/i/content/pi/cult/457/9644/3-3.jpg

Вікенцій АДАМОВІЧ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама:

— У нашым раёне з вялікім піетэтам ставяцца да народнай спадчыны. Сведчаннем таму — захаванне старадаўняй традыцыі ткацтва паясоў, аднаўленне мясцовых строяў. Паясы ж у нас, на Валожыншчыне, адметныя тэхналогіяй ткацтва “на ніту” — спосабам замацавання нітак падчас вытворчага працэсу. Сёння валожынскія паясы актыўна выкарыстоўваюцца мясцовай супольнасцю, у тым ліку ў час правядзення вясельных абрадаў. Калі ж казаць пра далейшае захаванне традыцыі, то цяпер у раёне дзейнічаюць гурткі па ткацтве для дзяцей.

Далучаны да захавання і папулярызацыі традыцыі ткацтва паясоў і мясцовы музей. Турыст там заўсёды можа знайсці і набыць абраны паясок на памяць, гэтаксама, як на свае вочы ўбачыць традыцыю ткацтва пад час экскурсійных праграм.

Вялікую ролю ў захаванні традыцыі ткацтва адыгрывае аб’яднанне народных майстроў “Скарбніца” Раённага цэнтра культуры. У ім, да слова, дзейнічае салон, дзе можна набыць не толькі паясы, але і вырабы ганчароў, саматканыя ручнікі. Зразумела, кошты на такія аўтарскія рэчы — адпаведныя. Але ж галоўнае, што сёння ці не ў кожным СДК раёна рамёствы культывуюцца.

 

/i/content/pi/cult/457/9644/3-2.jpg

Ігар ЛЯБЕЦКІ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага райвыканкама:

— Гродзенскі раён адметны на аб’екты нематэрыяльнай спадчыны. Так, у г.п. Сапоцкін захавалася лакальная традыцыя роспісу велікодных яек — адзін з найстаражытных відаў народнага мастацтва. Што вельмі важна, мясцовыя жанчыны не толькі карыстаюцца традыцыйнай тэхналогіяй роспісу, але і дзеляцца сакрэтамі з дзецьмі мясцовай школы, гасцямі Сапоцкіна, у тым ліку праз майстар-класы і семінары, заняткі ў гуртках раённага Дома рамёстваў. Таксама далёка за межамі нашага раёна славіцца творчасць майстра па вырабе духавых і ўдарных музычных інструментаў Мар’яна Скрамблевіча з вёскі Адэльск. Вядома ж, адметнасць яго майстэрства ў выкарыстанні народнай традыцыі і ўласных ведаў.

Такія народныя традыцыі — прэстыж для раёна. А таму і Сапоцкін, і Адэльск даўно ўключаны ў нашы турыстычныя маршруты. Безумоўна, маецца выгада і для саміх народных майстроў — іх сувенірная прадукцыя надзвычай запатрабавана. Акрамя таго яна прадстаўлена ў нашым спецыялізаваным салоне-краме, а таксама рэалізуецца ў санаторыях раёна.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"