Жалудоцкі касцёл быў узведзены на месцы драўлянага касцёла ХV ст. па праекце Караля Падчашынскага (1790 — 1860 гг.) — нашага земляка, які нарадзіўся ў вёсцы Жырмуны, што на Воранаўшчыне. Караль паходзіў з сям’і архітэктараў. Ягоны дзед Павел Пяцюн быў дваровым Караля Станіслава Радзівіла, віленскага ваяводы, наглядаў за будаўніцтвам на Жырмунскіх землях, быў падчашым магната (з часоў Вялікага Княства — чалавек, які “падліваў у чашу” напоі, папярэдне пакаштаваўшы іх), а значыць — даверанай асобай. Павел пры дапамозе Радзівілаў здолеў узвесці сына Яна, бацьку Караля, у дваранскае званне, надаўшы яму прозвішча Падчашынскі.
Ян, прайшоўшы навуку ў прафесара В.Гуцэвіча, стаў архітэктарам Радзівілаў. Па заказе князя Станіслава Радзівіла ён зрабіў праект рэзідэнцыі ў Жырмунах, які быў рэалізаваны часткова. Таксама адной з яго пабудоў быў драўляны касцёл Адшуквання Святога Крыжа ў вёсцы Жырмуны, які ўяўляў з сябе адзін з першых узораў класіцызму на Беларусі і захаваўся да сёння. У 1790 г. у касцёле быў ахрышчаны сын Яна — Караль, а хроснымі былі Караліна Радзівіл і Юзаф Пац, тагачасны Віленскі ваявода. Маці Караля — Юстына, з небагатых шляхцічаў Мяжынскіх, неўзабаве пасля нараджэння сына памерла, таму хлопчык часта пераязджаў з бацькам з месца на месца. Калі Каралю было дзесяць, не стала і бацькі... Хлопчыка ўзяў Ігнацый Тызенгаўз, чыя сям’я жыла ў Жалудку…
Да часу пабудовы касцёла Ушэсця Караль Падчашынскі быў ужо знакамітым дойлідам. Ён скончыў Віленскі імператарскі ўніверсітэт і стаў у ім прафесарам архітэктуры, праходзіў стажыроўкі ў пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, у вядучых прадстаўнікоў Парыжскай архітэктурнай школы, у Германіі ды Італіі. Падчашынскі засвоіў сістэму класіцызму. У 1820-я гг. яго, зусім маладога чалавека, куратар універсітэта — князь Адам Чартарыйскі прызначыў галоўным архітэктарам Віленскай вучэбнай акругі, у якую ўваходзіла сем губерняў. Падчашынскі распрацоўвае праекты для навучальных устаноў, па яго планах перабудоўваюцца, у адпаведнасці з новымі эстэтычнымі патрабаваннямі, барочныя інтэр’еры Віленскага ўніверсітэта, паўстаюць будынкі гімназій і вучылішчаў у Слуцку, Свіслачы, Мазыры, з галоўным архітэктарам Мінска К.Хрышчановічам — у Бабруйску, Невелі. У розных частках колішняга ВКЛ захаваліся рэканструяваныя і збудаваныя ім храмы, палацы, сядзібныя дамы.
Самым значным праектам Караля Падчашынскага стаў магутны П-падобны двухпавярховы палац з порцікамі на фасадах у Жылічах (Кіраўскі раён Магілёўскай вобласці). Узведзены ў 30-я гг. ХІХ ст. па замове Ігната Булгака, кіраўніка дваранства Бабруйскага павета, ён спалучаў рысы ампіра, рацыяналізм, мясцовыя традыцыі. Палац меў сто пакояў, быў насычаны ляпным дэкорам, пазалотай, роспісамі, дэкаратыўнымі вазамі, люстэркамі, вылучаўся мастацкімі калекцыямі, архівам, бібліятэкай, капліцай і аранжарэяй, а формы алей парку ў 18 гектараў адпавядалі ініцыялам уладальніка. Гаспадарчую частку складалі млын, крухмальны і цукровы заводы.
Яснасцю пабудовы ды элегантнай стрыманасцю дэкору вылучаецца і Жалудоцкі касцёл Ушэсця, выкананы ў стылі позняга класіцызму, з бутавага каменя і цэглы. Прамавугольны ў плане храм накрыты двухсхілавым дахам з трохвугольным франтонам на галоўным фасадзе, увянчаным скульптурамі. Унутраная прастора нагадвае ўрачыстую залу. Уваход аформлены амаль абавязковым для класіцыстычнай эстэтыкі масіўным чатырохкалонным порцікам, да якога вядзе шырокая лесвіца. Да асноўнага аб’ёму далучана паўкруглая апсіда і крылы трансэпта. Бакавыя фасады рытмічна раздзелены шырокімі пілястрамі ды паўцыркульнымі праёмамі, а дэкаратыўныя элементы атынкаваны і кантрастуюць з адкрытай муроўкай сцен. З вёскі Красулі, з капліцы, у касцёл быў перанесены Цудатворны абраз Божай Маці, прывезены ў 1523 г. са Смаленска.
Калі быў пабудаваны касцёл Ушэсця Дзевы Марыі, Германіцыя Уруская перапахавала астанкі Тызенгаўзаў яшчэ з XVIII стагоддзя са старога склепа разбураных у 1832 г. касцёла і кляштара кармелітаў (ХVІІ ст.) у крыпту новага касцёла, змясціўшы ўсіх, у тым ліку і Антонія, пад адной плітой. Паасобку яна перапахавала толькі сваіх бацькоў — Рудольфа і Жэнеўеву Тызенгаўзаў. Пазней, калі ў Дрэздэне ў дванаццаць гадоў памёр сын Урускіх Рудольф, яго таксама пахавалі ў касцёле побач з дзядулем і бабуляй. Сама Германіцыя і яе муж спачылі з розніцай у адзін год у Пізе (Італія). Жалудок дастаўся ў спадчыну дачцы Урускіх Марыі (1853 — 1931 гг.), якая выйшла замуж за князя Уладзіміра Чацвярцінскага (1837 — 1918 гг.). Апошні ўзвёў у 1908-м непадалёк ад Жалудка найпрыгажэйшую сядзібу. Лёс іхняга сына Людвіка (1877 — 1944 гг.) быў трагічны: той загінуў у Асвенцыме…
160-годдзе Жалудоцкага касцёла было адзначана ўрачыстымі службамі на працягу трох дзён з удзелам Гродзенскага біскупа Аляксандра Кашкевіча, апостальскага нунцыя Антонія Гуджэроці, вернікамі з розных мясцін Беларусі.
Марына ЗАГІДУЛІНА, мастацтвазнаўца
Фота касцёла з архіва і Валерыя ВЯДРЭНКІ